Казімір Малевіч. Аўтапартрэт.

Казімір Малевіч. Аўтапартрэт.

Вокладка кнігі Ігара Малевіча.

Вокладка кнігі Ігара Малевіча.

Казімір Малевіч. Чорны квадрат.

Казімір Малевіч. Чорны квадрат.

Казімір Малевіч. Касец.

Казімір Малевіч. Касец.

Казімір Малевіч. Раніца пасля завеі.

Казімір Малевіч. Раніца пасля завеі.

Разважанні гэтыя будуць з нагоды з’яўлення ў нашай інтэлектуальнай прасторы кніжкі Ігара Малевіча «Узыходжанне на крыж лёсу», прысвечанай сусветна вядомаму мастаку, нашаму земляку Казіміру Малевічу.

Я наўмысна падкрэсліваю — земляку, таму як асноўная ідэя, змест гэтай кнігі — вяртанне імя Малевіча нашаму народу.
І не толькі імя, але і яго спадчыны, якая з розных прычынаў, часам авантурна, апынулася за межамі Беларусі. Пра ўсё гэта ёсць у тэксце Ігара Малевіча, адкуль мы зможам даведацца, што сам аўтар вучоны, дыпламат, пісьменнік з роду капыльскіх Малевічаў. Так, так! З тых каранёў, адкуль пайшоў і Казімір.

Першая мая асабістая сустрэча з Ігарам адбылася ў пазамінулым годзе ў Палацы мастацтва, на маёй персанальнай выставе.

Калі Ігар паведаміў мне, што рыхтуе кніжку пра свайго знакамітага сваяка Казіміра, я не стрымаўся: «То вы так падобны на свайго продка!»
Прырода рэхам адгукнулася на генатыпе майго субяседніка, як бы падавала ўсім нам сігнал, візуальнае пацверджанне, хто такі Казімір, чый ён і адкуль.
І мне ўспамінаюцца тыя часы, калі мы, жменька мастакоў, літаратараў у Мінску, у раёне вуліцы Замкавай, у творчай майстэрні Міколы Паўлоўскага, пры заштораных вокнах, каб не дай Божа, хто не ўгледзеў нашую групоўку, адзначалі 100-гадовы юбілей Казіміра Малевіча.
Было гэта ў 1978 годзе. Асноўны даклад пра жыццё і творчасць мастака прачытаў усім прысутным Тодар Копша (Рыгор Яновіч), вядомы ў асяроддзі мінскіх масткоў як авангардыст, непрымірымы праціўнік сацрэалізму.
Імя Малевіча і ягоны «Чорны квадрат» тады былі — што чырвоная ануча перад ашалелай бычынай.
А ў асяроддзі прылашчаных уладай мастакоў, забранзавелых сацрэалістаў, імя Казіміра лепей было не згадваць — здзічэла накінуцца як на пракажонага.

І тым не менш, тэкст даклада Тодара Копшы быў надрукаваны ў газеце «Голас Радзімы», дзякуючы Валянціне Трыгубовіч, якая працавала тады ў рэдакцыі вышэйназванага выдання. Цэнзура паблажліва аднеслася да гэтага. «Голас» прызначаўся для замежнага чытача. Хай увесь свет ведае, што і мы не лыкам шытыя: памятаем, ведаем, шануем… А ў саўковым балоце на афіцыйным узроўні ніхто і не заікнуўся, каб адзначыць юбілей Майстра.

Не дужа шмат чаго змянілася і па сёння.
Нашыя мастацтвазнаўцы як і раней, у бальшыні сваёй абслугоўваюць «родных народных» правільных, «прыязных ва ўсіх адносінах». Глядзіш, нешта і перападзе небаракам — недакусак з панскага стала. Ды і з сённяшніх мастакоў многія самахоць апынуліся пад капытом рэжыма і з задавальненнем яго абслугоўваюць. Свой канфармізм апраўдваюць катэгарычна — мы па-за палітыкай, вольныя творцы. Гэта якраз і трэба галоўнаму баюну, які махлюе, замбуе кволых духам, практыкуецца ў пустазвонстве.
Дзясяткі гадоў далдоняць пра асобны будынак сучаснага мастацтва… Глуха як у танку. А колькі за гэты час збудавалася лядовых палацаў, гатэляў… Ці не на кожнай вуліцы Мінска — казіно…
Іншыя арыенціры ў нашых ягамосцяў. Не разбярэш, якія з іх традыцыйныя, а якія — не.

Жыццё мастака Казіміра Малевіча, ягоны лёс і пакуты яшчэ раз пацвярджаюць — няма прарокаў у сваёй Айчыне. І толькі калі імя ягонае засвяцілася на сусветным Алімпе, калі ягоныя творы пачалі прадавацца з аўкцыёнаў за недасяжныя для нас кошты, нешта зварухнулася ў свядомасці людзей.

Хаця і сёння ад шараговых, маладасведчаных і нават адукаваных «культурнікаў», узгадаваных на падножным корме савецкіх ідэолагаў, можна пачуць прымітыўнае: «А што вам Малевіч… І я такі чорны квадрат намалюю. Дай толькі палатно, чорную фарбу і лінейку». Забываюць пры гэтым, што той, хто ідзе ўслед другім, не можа быць першым.
Малевіч быў першым, хто адчуў неабходнасць новага мастацтва на пераломе новага стагоддзя. Мастацтва сугучнае глабальным пераменам і адкрыццям у навуцы, тэхніцы, псіхааналітыцы.
У сваіх супрэматычных палотнах, большасць з якіх створаныя на Шаркаўшчыне ў 1914 годзе (быў прызваны ў царскую армію на бойню Першай сусветнай) ён як бы апярэдзіў свой час. Зазірнуў у будучыню.
Водгулле ягонай творчасці, як і ягонага паслядоўніка Эль Лісіцкага, мы можам адчуць у нашай сталіцы, варта толькі апынуцца на плошчы Незалежнасці. Перад нашымі вачыма паўстане магутны канструктыўны будынак Дома ўрада архітэктара Лангбарда.
Супрэматызм эпохі Казіміра Малевіча. Дарэчы, у першых эскізах праекта архітэктара перад будынкам павінен быў паўстаць манумент абстрактнай канструкцыі, нешта накшталт вежы Татліна, а не помнік Леніну.

Ідэям, «важдзям» рэвалюцыйных зменаў пачатку ХХ стагоддзя былі проста неабходныя духоўныя апосталы, творцы… «Мы наш, мы новый мір построім»… А

як толькі ўсталявалася дыктатура пралетарыята на бяскрайніх прасторах былой царскай імперыі і на трон успёрся «хам», усё перавярнулася дагары нагамі.
Віцебская школа 1920-х перастала існаваць. Замест Малевіча, Шагала, Эль Лісіцкага прыйшлі новыя педагогі, галоўным напрамкам якіх было «мастацтва павінна быць «панятна народу».

Мастацкі тэхнікум ператварыўся ў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Падчас вучобы там, мне прыходзілася чуць пра 1920-я. Усплывалі імёны — Шагал, Малевіч, Кандзінскі. У Віцебскім краязнаўчым музеі дарэмна было шукаць творы гэтых мастакоў.

Мой тагачасны педагог Валянцін Дзежыц згадваў, што пасля адыходу мастакоў Віцебскай школы яшчэ заставалася нешта з палотнаў у сховах тэхнікума.

«Мы тады, — дзяліўся ўспамінамі Дзежыц, — перапісвалі іхнія палотны, незразумелыя нам квадраты ды ромбікі. Адмочвалі іхнюю мазню».
Мастак Мікола Тарасікаў расказваў мне, што частка архіва Эль Лісіцкага (тамака былі эскізы Малевіча) трапіла ў ягоныя рукі.
«У акупаваным Мінску нямецкі афіцэр невядома па якой наводцы знайшоў мяне і выкупіў гэтыя творы», —
распавядаў Тарасікаў. Ішло зацятае паляванне за спадчынай Малевіча, ягонай школай.
Амаль дэтэктыўны эпізод пададзены на старонках кнігі Ігара Малевіча: нямецкі дэсант прызямляецца ў ваколіцах Віцебска з мэтай авалодаць творамі мастака,
фактычна абрабаваць краязнаўчы музей…

«Расперазаныя снапы, сплывае спадчына і памяць»… — напісаў некалі паэт Алесь Разанаў. Як не забыцца? Як узнавіць у памяці, што не ўбераглі? Вярнуць спадчыну… Кніжка Ігара Малевіча — як папярэджанне нам, сённяшняму пакаленню.

А колькі нашых мастакоў, творцаў незаслужана забытых, не заўважаных у ценю сумнеўных куміраў? Другія ж народы дбаюць, каб тых, каго Божанька адарыў пацалункам, надзяліў талентам, былі незабытыя, ушанаваныя.

Часам бываю ў Польшчы, Германіі, заўважаю, як шмат друкуюцца і з’яўляюцца ў продажы альбомы, каталогі іх сучасных мастакоў.
Нешта з гэтага і нам перападае. З апошніх у руках маю шыкоўны альбом Алеся Родзіна, выдадзены ў Берліне.
Ці дачакаемся ад дзяржавы і мы такога стаўлення да нашых творцаў тут, на Радзіме?
А хочацца, каб парупіліся і ў кнігарнях з’явіліся альбомы «Іван Рэй», «Аляксей Нятрухна», «Тодар Копша», «Уладзімір Хмызнікаў», «Мікола Цудзік», «Леанід Давыдзенка»…
А перадусім — фаліянт «Казімір Малевіч і яго школа». Не пашкадаваць фінансаў на добрую справу. Адзін раз прапусціць Дажынкі, куды цяперака ўвальваюць працоўныя грошы.
Адзняць дакументальны фільм пра жыццё і творчасць Казіміра Малевіча і ягоны Капыль, адкуль ён родам.

Я ўжо не кажу пра мастацкі фільм. Матэрыял да сцэнару — кніжка «Узыходжанне на крыж лёсу» Ігара Малевіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?