Муж маёй бухгалтаркі, былы вайсковец, аматар перыядычнага ўваходу ў запоі, уладкаваўся працаваць на малочную ферму.На іншых працах не затрымліваўся падоўгу, бо каму трэба работнік, які можа знікнуць на тыдзень-два, а тут прыжыўся.
Жывёла ўтрымліваецца ў страшэннай антысанітарыі, холадзе, у маразы капыты прымярзаюць да падлогі, дзіва што, вароты на ноч завязваюць на вяроўку, палова дойнага статку хворая на мастыт і іншыя хваробы. Жывёла трымаецца выключна на антыбіётыках, пасля такіх уколаў нават ляжачыя каровы ўстаюць.
Якой якасці доіцца малако, самі разумееце. Таму калі ўкраінскі нагляд выяўляе ў беларускіх малочных прадуктах павышанае ўтрыманне антыбіётыкаў, мяне гэта не здзіўляе, так яно і ёсць.І самае смешнае, што гэтая ферма знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад любімай рэзідэнцыі кіраўніка краіны ў Астрашыцкім Гарадку, за якія 3 км.
Па родзе сваёй працы (раздробны гандаль) разбіраюся ў малочных прадуктах. Заўсёды, калі наведваю якую новую краму, цікаўлюся асартыментам малочкі, мо з'явіліся якія навінкі, што варта замаўляць і сабе.
Не так даўно наведаў Вільню, дзе не быў дзясятак гадоў. Быў моцна ўражаны асартыментам мясцовай малочкі, у 2-3 разы большым чым у Беларусі.І гэта пры тым, што ў нас насельніцтва, напэўна, у 3 разы болей і тэрыторыя значна большая. А калі пакаштавалі з жонкай, дык прыйшлі да высновы, што і якасць літоўская значна лепшая.





