Выдачу стабілізацыйнага крэдыту Беларусі абставілі палітычнымі і эканамічнымі ўмовамі. А ў сераду «Газпром» абвесьціў, што ад пятніцы ён на 45 % зьменшыць падачу паліва Беларусі.

«Газпром» накіраваў новапрызначанаму старшыні «Белтрансгазу» ліст з паведамленнем, што мае намер з 3 жніўня абмежаваць падачу паліва прапарцыйна фактычнай аплаце — на 45%.

Паведамляецца, што «ТАА «Газпромэкспарт» паведаміла пра сваё рашэньне датычна Беларусі і замежным спажыўцам газу. «Газпром» зробіць усе магчымыя захады дзеля транспартаваньня расейскага газу цераз тэрыторыю Беларусі цалкам згодна з наяўнымі абавязкамі перад эўрапейскімі пакупнікамі». Гэта адкрытая перасьцярога ад перакрыцьця газавага экспарту ў Эўропу.

Эўрасаюз неадкладна заклікаў Расею і Беларусь «вырашыць спрэчку мірным шляхам».

Агульная запазычанасьць Беларусі за газ складае 456 мільёнаў даляраў. З пачатку году Беларусь па дамоўленасьці з расейскім манапалістам аплочвала толькі 55% кошту паліва. Астатняе мусіла быць выплачана да 23 ліпеня, пасьля сплаты «Газпромам» 625 млн за акцыі «Белтрансгазу». Грошы паступілі на рахунак беларускага ўраду ў чэрвені, аднак Беларусь сваіх абавязкаў ня выканала. Гэта дало «Газпрому» фармальныя падставы для стварэньня чарговай газавай заварухі.

Стала відавочна, што візыт беларускага прэм’ера ў Маскву 30 ліпеня быў правальным. Масква абставіла згоду на выдачу стабілізацыйнага крэдыту Беларусі палітычнымі і эканамічнымі ўмовамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?