Рэзкі даклад міністра эканомікі Мікалая Снапкова, у якім ён папярэдзіў пра магчымую дэвальвацыю ці падзенне золатавалютных рэзерваў, меў яшчэ некалькі цікавых тэзісаў. Адзін з іх — дэмаграфічны прагноз на наступныя дваццаць гадоў, сутнасць якога можна пераказаць двума словамі: «Беларусь вымірае».

«Колькасць раёнаў з крытычным узроўнем колькасць насельніцтва, якое забяспечвае ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё тэрыторыі (а гэта каля 15–20 тысяч чалавек) можа ўзрасці з 51 раёна ў цяперашняй сітуацыі да 77 раёнаў да 2032 года»,
— расказаў Снапкоў. У даклад нават былі ўстаўленыя дзве дэмаграфічныя карты.

Прыглядзімся да іх больш уважліва. Па стане на 2012 год усходняя частка краіны ў ім паказаная апусцелай. На захадзе — толькі з пяцёрка малазаселеных раёнаў.

А цяпер звернемся да Белстата. Па дадзеных на 1 студзеня 2013 года ніжэй за мяжу 15 тысяч чалавек апусціліся наступныя раёны: Расонскі і Ушачскі раёны на Віцебшчыне; Брагінскі, Кармянскі, Лоеўскі, Нараўлянскі, Акцябрскі на Гомельшчыне; а таксама Дрыбінскі, Краснапольскі, Круглянскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі і Чэрыкаўскі на Магілёўшчыне.

У гэтым пераліку 13 раёнаў, але ніяк не 51, як у дакладзе Снапкова.
А на Брэстчыне, Гродзеншчыне і Міншчыне насамрэч ніводнага малазаселенага раёна.
Спецыялісты міністэрства эканомікі «зменшылі» колькасць насельніцтва да 15 тысяч чалавек ажно ў 38 раёнах.
Прычым калі, напрыклад, у Чачэрскім раёне, па дадзеных Белстата, жыве 15 008 чалавек, то ў Шклоўскім — амаль 30 тысяч.
Калі скласці колькасць «забытых» беларусаў у гэтых 38 раёнах, то агулам налічыцца каля 325 тысяч чалавек.

Як атрымалася такая колькасць памылак, зразумець складана.

Можа, Снапкоў не ўлічваў гарадское насельніцтва? Але такога ўдакладнення ў дакладзе няма. Да таго ж, напрыклад, вясковае насельніцтва Верхнядзвінскага раёна складае 14 905 чалавек, а раён пазначаны як заселены больш чым на 15 тысяч чалавек.

Што да 2032 года, то карцінка ў апублікаваным варыянце зусім страчвае сувязь са здаровым сэнсам. «Менш за 15 тысяч чалавек» стане, напрыклад, у Ваўкавыскім раёне, дзе цяпер пражывае 72 407 чалавек.

Куды будуць выселеныя астатнія 57 тысяч чалавек, у дакладзе не патлумачана.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?