Фермер Юрый Коршунаў. Фота Валерыя Саўчанкі, «Веснік Магілёва».
У 2011-м Магілёўскі раён перадаў фермеру (гаспадарка «Пралесак») Юрыю Коршунаву зямлю ў пажыццёвую арэнду. У тым ліку і поплаў каля вадаёма. Жыхары суседняй вёскі Нядашава-2 абскардзілі рашэнне ўладаў. У часе судоў жыхары знайшлі дадатковы аргумент — на той зямлі могуць быць старажытныя курганы. Сайт «Хартыя-97» так і напісаў: «Пад Магілёвам знішчаюць курганы». У справу ўцягнуўся магілёўскі археолаг Ігар Марзалюк, цяпер — яшчэ і сенатар.
«На тым поплаве бур’ян стаяў»
Фермер катэгарычна не згодны з версіяй, што з ім «судзіцца ўся вёска».«Няма ніякай цэлай вёскі, ёсць толькі адзін чалавек — Дзмітрый Яўстратаў».
Коршунаў характарызуе свайго апанента як чалавека спецыфічнага. Маўляў, у вёсцы з кім ён толькі не сварыўся. «У нас тут былі праверкі з раёна, вобласці, з Дзяржкантролю. Нават памочнік Лукашэнкі па Магілёўшчыне Лаўранкоў быў. І цяпер ён на іх у суд падае».
Па яго словах, прадмет спрэчкі даўно стаяў зарослы бур’яном, туды смецце звозілі. Скаціну там пасвіць было немагчыма, дый у навакольных вёсках даўно ўжо ніхто не трымае кароў.«А месца гэтае пры дарозе, самі разумееце». Кажа, што ў яго пайшоў цэлы год на ўпарадкаванне зямлі. «І тады Яўстратаў напісаў заяву, каб яму на тым месцы выдзелілі ўчастак на пабудову дома. А яму не далі — і тады пачалося».
Фермер не згодны і з тым, што ягонае поле нібыта не дае мясцовым адпачываць на беразе вадаёма. «Я сам там упарадкаваў пляж, крынічку да ладу давёў».
Яшчэ адной з прычынаў узнікнення канфлікту, кажа Коршунаў, стала ягонае дэпутацтва. «Яўстратаў таксама хацеў у дэпутаты, але выйграў я — прайшоў і ў сельскі Савет дэпутатаў, і ў раённы».
Фермер Коршунаў — добра вядомы на Магілёўшчыне. Ён старшыня абласнога саюза фермераў.
«Нічога не маю супраць фермера — чалавек працуе»
Дзмітрый Яўстратаў кажа, што для яго галоўнае ў гэтай гісторыі — аднавіць свае правы. «Нічога не маю супраць фермера Коршунава — чалавек працуе, ну і няхай працуе».
Яўстратаў падкрэслівае, што яго, як і іншых жыхароў вёскі, абурылі паводзіны мясцовых уладаў. «Быў у нас поплаў, дзе мы адпачывалі, і раптам зямлю аддаюць фермеру, а той пачаў там кукурузу сеяць. У нас ніхто не спытаў, хоць па законе грамадскае меркаванне абавязаны былі ўлічыць».
Яўстратаў мяркуе, што іх канфлікт характарызуе стаўленне ўладаў да правоў грамадзян у цэлым.
Ён абвяргае словы фермера пра бур’ян і ягоныя спробы атрымаць на расчышчаным полі ўчастак пад будоўлю. «У вёсцы жывуць культурныя людзі. Ніякага бур’яну там не было». Яўстратаў нарадзіўся ў Нядашаве, тут у яго хата.
На выбарах фермеру ён сапраўды прайграў.«У вёсцы большасць — дачнікі з Магілёва. А мясцовыя пенсіянеры — людзі старога гарту. Баяцца пярэчыць таму, хто мацнейшы, галасуюць, як ім скажуць».
Дзмітрый Яўстратаў працуе ў Магілёве ў філіі прыватнай фармацэўтычнай кампаніі.
«Курган не пацярпеў»
Магілёўскі археолаг Ігар Марзалюк расказаў, што курганны могільнік не пацярпеў, бо знаходзіцца праз раку ад спрэчнага ўчастка. Па яго словах, з планаў ХVIII ст. вынікае, што над самім поплавам, на фермерскай зямлі, месціўся фальварак. «Магчыма, тут было і селішча. Пакуль можна сказаць толькі, што нідзе яно не ўлічанае». Як сыдзе снег, археолаг збіраецца прыехаць у Нядашава-2 на раскопкі.
Марзалюк кажа, што ў Беларусі многія селішчы знаходзяцца на тэрыторыі сельгасугоддзяў. Ён не бачыць праблемы, калі такая тэрыторыя апрацоўваецца тэхнікай на глыбіню да 40 см. «Бяда толькі, калі там працуе бульдозер. Ці хтосьці вырашыць тут будаваць жытло. Гэта ўжо, фактычна, злачынства, такога нельга дапускаць».
Старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч акцэнтуе ўвагу на недасканаласці заканадаўства ў сферы аховы менавіта помнікаў археалогіі. Справа ў тым, што на картах землеўпарадкавання межы селішчаў, старажытных стаянак і курганоў дакладна не акрэсленыя. А пры правядзенні земляных работ газавыя, дарожныя і будаўнічыя службы кіруюцца менавіта гэтымі картамі. У выніку многія археалагічныя аб’екты не ратуе статус помніка.
Афіцыйна
20 лютага суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў, што законныя правы Яўстратава не парушаныя дзеяннямі мясцовых улад, што ён атрымаў з рай- і аблвыканкамаў абгрунтаваныя адказы на свае звароты. Пасля трох пасяджэнняў суддзя Галіна Тарасава спыніла справу, бо яна… непадведамасная суду.
Цікава, што 15 лютага Генпракуратура накіравала Яўстратаву адказ на ягоны запыт. У ім гаворыцца, што пракуратура Магілёўскай вобласці праверыла абгрунтаванасць пераводу лугавых земляў сельсавета у ворныя землі фермерскай гаспадаркі, а таксама пытанні аб парушэнні з боку чыноўнікаў аблвыканкама заканадаўства аб звароце грамадзян. Вынікам разгляду апошняга пытання стала дысцыплінарнае пакаранне для чыноўнікаў службы землеўпарадкавання Магілёўскага рай- і аблвыканкамаў.
У Генпракуратуры такія дзеянні абласной пракуратуры палічылі вычарпальнымі. Акрамя таго, у лісце падкрэсліваецца, што скаргі грамадзянаў на дзеянні дзяржаўных органаў падведамасныя судам.