Бацькі не хацелі, каб я стаў доктарам

Нарадзіўся я ў Жлобіне, на радзіме матулі. Бацькі ніколі не дыктавалі мне сваіх умоваў. Выхоўвалі цвёрда. Іх адносіны добра ілюструе наступная сітуацыя: калі вучыўся на гістфаку БДПУ, пасля іспытаў мы, студэнты, званілі бацькам — даць справаздачу. Дык вось, калі я атрымліваў за іспыт пяць, маці казала: «Што, не пыталі?» А калі атрымліваў чатыры: «Што, сынку, не давучыў?» То бок, за 5 — не хвалілі, а 4-ка была дрэннай адзнакай.

Мае бацькі — лекары. Усё жыццё яны працуюць па спецыяльнасці. Папраўдзе, яны ніколі не зычылі мне доктарскага хлеба, бо без унутранага паклікання лекарам быць можна, але ці варта?

Ніякай лірыкі

Сям’я медыкаў — гэта найперш гумарысты і цынікі. Ніякіх цялячых мі-мі-мі, ахаў і охаў. Пры гэтым цынізм быў заўсёды пазітыўны, з натуральным разуменнем таго, што ўсе людзі звычайна хварэюць і заўжды паміраюць. Асабліва паслядоўна такая пазіцыя вытрымлівалася дома татам, маці больш сентыментальная, вельмі чулая і рэлігійная пані, шчыра трымаецца праваслаўнай веры. Я сам разам з братам Толем у малодшых класах скончыў царкоўную нядзельную школку для дзетак. І гэта было свядома. Іншы бок, што вера была крытычнай.

Вядомы хуліган у школе

Я быў непаслухмяным, але ў межах правільнага выхавання. Я не краў у краме, не рабаваў бабуль, не біў твары аднакласнікам. Але мне рэгулярна рабілі заўвагі і нават выклікалі да завуча і дырэктара. Я прагульваў урокі, не рыхтаваўся, паліў за школай цыгарэты, але гэта ўсё некрымінальнае.

Магу тыдзень не выходзіць з кватэры

З дзяцінства мне падабалася праводзіць час сам-насам з цацкамі, пазней з кніжкамі. І цяпер я магу без стратаў для псіхалагічнага стану тыдзень не выходзіць з хаты і мне будзе абсалютна камфортна. Мне класна з сабой, з добрым чытвом. Я выходжу, а паўсюль людзі-людзі-людзі — гэта хутка стамляе. У дзяцінстве мае аднагодкі раслі нармальнымі людзьмі, без тэлефонаў і інтэрнэту. Мы рэальна шмат заставаліся ў самоце. У нас быў час, каб усвядоміць сваё месца ў свеце. Пры тым, што я кампанейскі чалавек і вельмі люблю сябрыну.

Я люблю прыборку

Я люблю хатнія справы, люблю прыборку, гатаваць, мыць посуд, парадкаваць рэчы па сваіх месцах. У мяне заўсёды парадак, я магу падняцца ноччу і скрозь сон буду ведаць, дзе і што ляжыць, бо яно так ляжыць ужо гадоў 10. Я не люблю новае і прымаю яго па неабходнасці. У адзенні, у музыцы мяне цягне на, як кажуць, «олдскул». Праз тое не надта ганюся за модай.

Маё першае рыфмаванне — лухта

Пачаў пісаць у гадоў 16—17. Першы мой верш быў напісаны ў інстытуце. Памятаю, выкладчык беларускай мовы прапанаваў тым, хто ўмее, напісаць які-небудзь верш. Ну, вось я і напісаў. Ён быў прысвечаны гораду Мінску і пачынаўся радкамі: «Сталіца, ну няхай сабе не Вільня». Гэта бадай адзін верш, які быў складзены на замову.

У Беларусі літаратурай не зарабляе ніхто

Паэт павінен быць лайдаком і павінен мець вольны час. Паэт павінен дыхаць напоўніцу — чым больш паўсядзённай работы, тым горш. Якасныя вершы і літаратура наогул не пішуцца ля станка, хто скажа, што гэта не так — не верце. Пра крыніцы натхнення скажу наступнае: мяне не натхняе тэхнічны прагрэс, касмалёты, біяробаты, генетычныя эксперыменты і так далей. Мяне натхняюць банальныя, жыццёва-кансерватыўныя каштоўнасці: радзіма, сям’я, сябры, каханне.

У Фэйсбуку рэвалюцый не зробіш

Немагчыма зрабіць рэвалюцыю лайкамі ў Фэйсбуку. Наша інтэрнэт-прастора — гэта шмат для каго аддушына. Людзі натуральна баяцца за сваіх родных, за інстытут, за працу. У нармальнай краіне ты можаш пайсці і стаць з плакатам «Я не люблю Сарказі» і ты будзеш жывы, і, напэўна, здаровы, і пойдзеш спакойна дадому. У нас жа за плакат «Далоў Лукашэнку» ты як мінімум не вернешся дадому сутак 10. Пры нармальных умовах усё павінна выходзіць у рэальную прастору. Дрэнна, калі чалавек імкнецца рэалізаваць сябе толькі ў штучнай прасторы.

Апазіцыя

Я стаўлюся крытычна да апазіцыі, але ў той жа ступені, наколькі крытычна стаўлюся да сябе. Не магу на дадзены момант прапанаваць чагосьці больш радыкальнага, чым тое, што прыдумана да нас.

Купацца ўначы

Некалькі гадоў таму, патрапіўшы на адзін беларуска-шведскі культурніцкі праект, я пабачыў прыўкрасную паненку. Скажу адразу — яна не мела адносінаў ні да беларускай літаратуры, ані да шведскай, але была ў ліку ўдзельнікаў як студэнтка моўных курсаў . Гэта ніяк не перашкодзіла мне пазнаёміцца з ёй і ўжо праз суткі, збегшы з гатэля, купацца з ёй у дзве гадзіны ночы на гарадскім пляжы ў Брэсце.

Яе завуць Ганна, яна карэнная мінчучка, выпускніца БДУ. Займаецца графічным дызайнам і фатаграфіяй, працуе ў адным з топавых рэкламных агенцтваў сталіцы. У нас даволі вялікая розніца ва ўзросце. Кажуць, што мужчыну столькі ж гадоў, колькі гадоў яго дзяўчыне.

Доўга і добра жывуць сябры

Гарманічныя адносіны не будуюцца толькі на машынах, кватэрах, бабле і сэксе. Мужчына і жанчына, якія плануюць жыць разам, павінны быць перадусім сябрамі. Як бы ні было добра ў ложку, калі вам няма пра што паразмаўляць, няма супольных інтарэсаў — нічога не выйдзе. Тыя людзі, якія жывуць доўга і добра — гэта сябры. Жарсць і палкае жаданне — гэта прыгожа. Але не варта падманвацца, спадзеючыся, што гэта на ўсё жыццё.

Чалавек, які смярдзіць — свіння

Не пераношу неахайнасць, нямытасць, нячэсанасць. Будзь апошнім засранцам, але калі ты выйшаў на вуліцу — выглядай на ўсе 100%. Чалавек, які паважае сябе і іншых, не выйдзе з пад’езда ў трэніках і з нямытай тры дні галавой.

З юнацтва для мяне не было сакрэтам карыстанне нейкай парфумай. У мужчыны, як і ў жанчыны, павінна быць усё нармальна і прыгожа. Павінны быць нармальныя пазногці, дагледжаная скура, прыбраныя валасы. Чалавек, які смярдзіць з усіх адтулін — свіння. Я карыстаюся, асабліва па працы, і пенай для ўкладкі валасоў, і духамі, і рознай трасцай кшталту пудры і танальніка.

Шоўмэнства — спецыфічная праца

Шоўмэнства мне заўсёды падабалася. Я праводжу мерапрыемствы як на беларускай, так і на рускай мове. Мне падабаецца, і мне гэта, пэўна, удаецца. Але гэта праца не для ўсіх і на выключнага аматара. Тое, што звонку падаецца простым, вымагае насамрэч вялікіх высілкаў. Правесці на нагах 10—12 гадзін, не замаўкаючы і трымаючы залу з сотняй рознай ступені ап’янення людзей, нялёгка.

Не ўмею збіраць грошы

Я лёгка развітваюся з грашыма. Мне падабаецца культура кавярняў і бараў, ніколі не шкадую грошай на кнігі.

З радасцю быў бы егерам і ветэрынарам

Калі б у мяне было яшчэ адно жыццё, я б хацеў быць ветэрынарам. Я вельмі люблю жывёлу. Мая бабуля па бацькавай лініі размаўляла з усім, што рухаецца, і жывёлкі адказвалі тым жа. Ветэрынар у нашай краіне — гэта не так лірычна, і я гэта разумею, але я хацеў бы ім быць. А яшчэ я б з радасцю быў бы егерам. Выкладаючы ў тэхналагічным універы, я нават падумваў паступіць на адпаведную спецыяльнасць… Калі ўбачу, што чалавек дрэнна ставіцца да жывёл і прыроды, я з гэтым чалавекам справаў мець не буду.

Стаўлюся нармальна, калі камусьці трэба даць у твар

У разуменні сучасных хіпстараў, я — брутальны персанаж. Я люблю простую праўду і справядлівасць, я стаўлюся нармальна, калі камусьці трэба даць у твар, калі чалавек заслугоўвае дрэннага слова, то не трэба казаць «радыска», трэба сказаць: «Ты — гаўно».

...Калі жанчына прыгожая, то таксама трэба ёй гэта сказаць.

***

Усевалад Сцебурака. Нарадзіўся ў 1981 у Жлобіне ў сям’і дактароў. Скончыў гімназію ў Вілейцы, гістарычны факультэт БДПУ. Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Куфэрку Віленшчыны», проза — у «Дзеяслове». Працаваў асістэнтам кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі БДТУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?