Аляксандр Лукашэнка 28 лютага прыняў з дакладам пра перспектывы развіцця спартыўнай галіны міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко, памочніка прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максіма Рыжанкова і першага віцэ-прэзідэнта НАК Ігара Рачкоўскага.

«Я так разумею, што за час пасля прызначэнняў вы прыйшлі да нейкай высновы аб стварэнні больш цэласнай структуры кіравання спортам і масавымі заняткамі фізічнай культурай, — адзначыў Лукашэнка. —

І час прыйшоў. У нашым спорце адбыліся вельмі важныя падзеі, якія характарызуюць яго стан.
Я маю на ўвазе тое, што скончыўся чэмпіянат свету па веласпорце на трэку [Беларусь не заваявала ніводнага медаля — НН], наша хакейная зборная паспяхова праваліла адборачны турнір на будучую Алімпіяду (яна пройдзе практычна ў нас дома, у Сочы, але міма нас). Мінскае „Дынама“ скончыла свой удзел у КХЛ горш, чым у мінулым годзе [не прабілася ў плэй-оф — НН], не выкананыя абяцанні. Па-мойму, „Юнацтва“ ў ВХЛ правалілася цалкам» [заняла 23-е месца з 27-мі ўдзельнікаў- НН].
Паводле слоў Лукашэнкі, шэраг вузкіх месцаў выявіў і мінулы чэмпіянат свету па біятлоне.
«Калі б не Домрачава і яе перамога ў мас-старце, няма пра што было б увогуле казаць [Беларусь заваявала адзін медаль на ЧС — НН]. Але гэтая перамога не павінна нас збіваць з панталыку, і мы не павінны думаць, што ў нас там усё добра», — перасцярог Аляксандр Лукашэнка.

«Таму, фармуючы цэласную сістэму кіравання спортам у нашай краіне, трэба памятаць, што мы яе ствараем пад канкрэтныя вынікі. І калі мы зноў намалюем прыгожа на паперы, а не будзем мець вынікаў, вы ведаеце, хто за гэта адказвае», — падкрэсліў ён.

«Вам дадзены вялікія паўнамоцтвы. Калі ласка, кожны дзень, кожную гадзіну гэтым займайцеся, — сказаў Лукашэнка.
— Наперадзе зімовая Алімпіяда, не за гарамі і летняя. А акрамя Алімпіяды ў нас яшчэ чэмпіянат свету па хакеі. Я гляджу ў нас поўная цішыня ў гэтым плане».
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў пра неабходнасць правядзення жорсткай кадравай палітыкі ў спартыўнай сферы:
«Не справіліся — усіх мятлой, павінны прыйсці новыя людзі, якія хочуць працаваць. Горш ужо не будзе».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?