У Гомелі працягваюцца слуханні крымінальнай справы па забойстве студэнта Беларускага дзяржаўнага універсітэта транспарту (БелДУТ).

Нагадаем, у жорсткім забойстве з мэтай рабавання, якое было здзейснена 20 ліпеня 2012 года, абвінавачваюцца двое мясцовых жыхароў — аднаму 17 гадоў, другі на два гады старэйшы.

На судзе высветліліся некаторыя падрабязнасці жыцця абвінавачаных\.

Да прыкладу, старэйшага хлопца з трох гадоў выхоўваў бацька, маці ж даглядала бабулю і, па словах абвінавачанага, з імі не жыла. Другі фігурант, непаўналетні, жыў таксама без маці, якая была пазбаўленая бацькоўскіх правоў, а бацька ажаніўся зноў, а потым яшчэ раз.

Старэйшы абвінавачваны, паводле яго словаў, раней знаходзіўся ў групоўцы скінхэдаў і супольнасці «Славянскія прабежкі», якая дзейнічае ў Гомелі.
Гэтыя групоўкі прыцягнулі яго «антычным культам цела і любоўю да славян». Ён сцвярджае, што апошнім часам адышоў ад групоўкі, бо яму «прапанавалі ўжыць сілавое ўздзеянне да выхадцаў з Сярэдняй Азіі», але ён нібыта адмовіўся.
Дарэчы, раней быў скінхэдам і абвінавачаны ў іншым рэзанансным забойстве ў Гомелі — студэнткі Наталлі Емяльянчыкавай, якой было нанесена 102 нажавыя раненні.

Што датычыць другога абвінавачанага па справе аб забойстве 19-гадовага студэнта Аляксандра, то, як паказаў непаўнагадовы 1 сакавіка на судзе, адмысловых захапленняў у яго не было.

Зрэшты, ён сказаў, што быў членам БРСМ і дружыннікам гэтай жа арганізацыі (відавочна, гаворка ідзе пра моладзевыя атрады правапарадку БРСМ).

З Аляксандрам яго пазнаёміў прыяцель за некалькі дзён да забойства. Студэнт БелДУТ прытуліў непаўналетняга, бо той пасварыўся з бацькам і яму не было дзе начаваць. Аляксандр нават даў хлопцу свае туфлі, бо ў таго парваліся красоўкі, карміў яго і дазволіў застацца на дзве ночы.

На трэцюю ноч непаўналетні з'явіўся не адзін, а са старэйшым прыяцелем, і разам яны забілі таго, хто праявіў да яго спагаду і дапамог.

На судзе забойства і рабаванне абвінавачаныя не адмаўляюць, але спрабуюць зваліць віну адзін на аднаго, заяўляюць пра тое, што не памятаюць нейкіх момантаў і вінавацяць адзін аднаго ў нагаворы.

«Ён мяне агаворвае з-за непрыязнага стаўлення!» — сцвярджаў непаўналетні на судзе. Але вы ж сябравалі? «У яго да мяне непрыязнае стаўленне ў глыбіні душы!», — паўтарае 17-гадовы абвінавачаны.

З іх паказанняў на судзе вынікае, што забіваць яны не збіраліся, але пры гэтым да забойства рыхтаваліся загадзя. Праўда, студэнт Аляксандр стаў, можна сказаць, выпадковай ахвярай, бо першапачаткова сябрукі хацелі пазбавіць жыцця і абрабаваць вядомага ў Гомелі ды-джэя, але таго не аказалася ў хаце.

Абвінавачаныя сцвярджаюць: той факт, што пра забойства яны дамаўляліся і ўсё спланавалі, яшчэ не азначае, што яны хацелі забіваць.

Чаму ён стаў наносіць ўдары студэнту, старэйшы абвінавачваны «не ведае». А малодшы «тут памятае, а тут не памятае». Па сцвярджэнні старэйшага абвінавачанага, карыслівых мэтаў ў яго не было — але кватэру абшукалі, забралі ноўтбук, камплектуючыя для кампутара, каля мільёна рублёў, затым усё гэта падзялілі «па-братэрску».

Падрабязнасці аб ўтойванні слядоў злачынства (напрыклад, труп і сляды крыві яны пасыпалі перцам, каб сабака не ўзяў след, сцерлі адбіткі з усіх паверхняў) чэрпалі з кніг і фільмаў. Старэйшы назваў кнігу Уладзіміра Багамолава «Момант ісціны» і фільм «Стралок».

Старэйшы абвінавачваны, навучэнец медыцынскага каледжа, у кватэры ахвяры знайшоў таблеткі клафеліну і аддаў малодшаму — спатрэбіцца, маўляў. Патлумачыў «сферу крымінальнага ўжытку» таблетак. Малодшы ж на судзе адхрышчваўся: «Ну і што, што я ўзяў клафелін, я ж пасля ім не скарыстаўся!».

А можа проста не паспеў... Бо за некалькі дзён быў затрыманы міліцыяй у Жыткавічах, куды ўцякаў хітрым маршрутам праз Віцебск і Брэст.

Дарэчы, як бы хто ні лаяў міліцыю ці следчыя органы, але па гэтых двух жорсткіх забойствах яны спрацавалі вельмі аператыўна і прафесійна.

Верагодна, на пытанне «За што вы забілі Сашу?», як і на пытанне «За што ты забіў Наташу?», адказу ніхто не атрымае. Бо ў дадзеных выпадках адказу няма і быць не можа. Гэтыя забойствы за мяжой бессэнсоўнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?