Раніцай 2 сакавіка лыжаролерная траса на сталічным праспекце Пераможцаў прымала спартыўнае свята «Мінская лыжня — 2013». Відэааператар БелаПАН, прадчуваючы экзатычныя забегі нязграбных дзяржапаратчыкаў, паспяшаўся да месца старту. Але ўжо на падыходзе яго энтузіязм астудзілі не схільныя да жартаў «фізкультурнікі ў цывільным».
Выявілася, што здымаць забегі нельга — усенароднае свята здароўя наведаў галоўны лыжнік краіны. Ветліва, але цвёрда яны папярэдзілі: накіруеце аб’ектыў у бок «найсвятлейшага» — абяцаем непрыемнасці. Давялося панікламу аператару здымаць народныя забавы тыпу лажання па слупе за «катом у мяшку» і перацягвання канатаў, замерзлых бээрэсэмаўцаў са сцягамі дый паяданне чабурэкаў гараджанамі, якія сабраліся на свята.