Карэспандэнтка «Салідарнасці» расказала, як яна паспрабавала сфатаграфаваць галоўнага лыжніка краіны з сынам, і што з гэтага выйшла.

На «Мінскую лыжню-2013» без тлумачэння прычын нас загнала кіраўніцтва роднай ВНУ. Праз паўтары гадзіны на дзесяціградусным марозе, калі на масток над лыжнёй сталі ці ледзь не ўсе арганізацыі і навучальныя ўстановы Мінска, мы зразумелі: наша задача -- забяспечыць масавасць.

Да нас падышоў моцны дзядзька ў цывільным і папрасіў у час заезду гучна свісцець і крычаць: «Ура! Ого-го! Беларусь!» Некаторыя суседзі па мосціку паспрабавалі ўцячы. Але ім гэта не ўдалося: дзядзькі ў чорным не выпускалі людзей ні ў якім разе.

І тут паказаліся першыя спартоўцы: двое мужчын, а за імі яшчэ адзін, у чырвонай шапцы, з сынам. Масоўка адразу зразумела, хто гэтыя першыя лыжнікі, але ўсё нібы знямелі. Ні воклічу, ні свісту.

Калі галоўны лыжнік, дзеля якога мы сабраліся, падняў рукі ўверх, вітаючы народ, натоўп па-ранейшаму маўчаў: ці то ад здзіўлення, ці то ад таго, што ўсё ўжо паспелі змерзнуць.
І ён паехаў добра, у адрозненне ад лыжніка ў зялёным, што замыкаў ланцуг. Той прымудрыўся расцягнуцца проста пасярод трасы, чым павесяліў публіку.

Я паспрабавала неўпрыкмет зрабіць некалькі кадраў кіраўніка дзяржавы на лыжах, але мяне ветліва паляпаў па плячы тоўсты мужчына з газетай і рацыяй у кішэні і параіў заняцца здымкай пазней.

Народ зашаптаўся. Хтосьці выказаў меркаванне, што гэты мужчына ў чырвонай шапцы з дзіцем ніякі не прэзідэнт, а наняты акцёр.

Мае змёрзлыя аднакурснікі злаваліся, што арганізатары лыжні не паставілі палатку з чаем, а цяпер яшчэ «трымаюць у закладніках».

А тым часам на гарызонце з’явіліся новыя лыжнікі: розных чыноў і камплекцыі. Хтосьці ўпэўнена пераадольваў трасу, прыгожа размахваючы палкамі, іншыя крочылі ціхенька, з дробнымі прыпынкамі. Час ішоў, лыжнікі ўсе ехалі і ехалі, а мы ўсё мерзлі і мерзлі. Але тут мост заварушыўся. Пачуліся воклічы: «Вось ён, вось, глядзіце, едзе!» Слязлівыя вочы зноў убачылі набліжэнне кіраўніка дзяржавы — толькі без сына (яшчэ б, холадна бо на вуліцы!).

Мае аднагрупнікі арганізавалі прыкрыццё з тылу, каб я змагла зрабіць фота, але і тут дзядзька ў цывільным не драмаў — пастукаў па плячы. А калі ўбачыў, што я не паслухалася яго ўказанняў, і зусім адабраў фотаапарат. Праўда, ненадоўга, пакуль Лукашэнка не знік з поля майго зроку.

Пасля заканчэння свята адубелы натоўп ля выхаду з моста чакалі людзі ў чорным, якія папрасілі пастаяць яшчэ хвілін 30–40. Народ пачаў насядаць адзін на аднаго. Ззаду крычалі «Хадзеце!», а спераду — «Пастойце яшчэ трохі!». Праз хвілін пятнаццаць нашы вартаўнікі, напэўна, зразумелі, што, калі не пачаць выпускаць людзей, можа здарыцца бяда, і дазволілі ісці. Так я першы раз убачыла жывога Лукашэнку.

Глядзі яшчэ: На «Мінскай лыжні — 2013» аператару БелаПАН настойліва параілі не здымаць Лукашэнку
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?