Камісія па этыцы ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» 1 сакавіка разгледзела заяву гісторыка Ігара Кузняцова і дала ацэнку матэрыялу, апублікаванаму на сайце беларускай службы радыё «Свабода» ў раздзеле «Блогі».

Тэкст пастановы камісіі падаецца цалкам.

Пастанова Камісіі па этыцы ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» ад 1 сакавіка 2013 года.

Разгледзеўшы на сваім паседжанні заяву Кузняцова Ігара Мікалаевіча, дацэнта факультэта міжнародных адносінаў БДУ, камісія (у складзе Анціпенка Алесь, Гуляеў Анатоль, Загорская Марына, Карбалевіч Валер, Падбярэзскі Дзмітрый) адзначае:

— 8 лістапада 2012 г. на сайце Радыё «Свабода» ў блогу Зянона Пазьняка быў размешчаны артыкул «Сутнасць правакацыi»

Некаторыя фразы ў гэтай публікацыі, па меркаванні заяўніка, з’яўляюцца паклёпніцкімі вымысламі або ўтрымліваюць скажоныя факты. Па аспрэчанне гэтых звестак І. Кузняцоў звярнуўся да дырэктара Беларускай службы Радыё «Свабода» Аляксандра Лукашука.

А. Лукашук прапанаваў І. Кузняцову падрыхтаваць адказ і каментар на спрэчную публікацыю. І. Кузняцоў палічыў гэту прапанову непрымальнай і запатрабаваў прадстаўлення фактаў, але, не дамогшыся гэтага, звярнуўся ў Камісію па этыцы ГА «БАЖ».

Да шэрагу фраз, якія выклікалі абурэнне заяўніка, належаць, у тым ліку, наступныя:

«…Шуму і перашкодаў ад гэтых фальшывых энтузіястаў было шмат. Пасьля пракладкі дарогі ўсе яны зьніклі. Больш іх у Курапатах ня бачылі. Засталося на паверхні толькі адно прозьвішча — Ігар Кузьняцоў, які ў тыя дні адзначыўся сьцьвярджэньнем, што „крыжы ставіць у Курапатах нельга, бо там пахаваныя камуністы“.

„У наступныя гады сябры народнай партыі і абаронцы Курапатаў часам бачылі, як гэтая асоба вадзіла экскурсіі для дыпляматаў ды замежнікаў. Зьмест гэтых „экскурсіяў“ — фальсыфікацыя сутнасьці Курапатаў“.

„…Я ацэньваю тое, што робіць І. Кузьняцоў, як правакацыю. Сутнасьць правакацыі, як я перакананы, пабудавана якраз на гэтым прынцыпе — сутыкнуць беларусаў і палякаў пад дыктоўку Масквы…“

" … Але фактам ёсьць тое, што ён увесь час стажыруецца па Курапатах, апрацоўвае замежнікаў і дыпляматаў. (Дарэчы, дакладна разьлічана, і праверыць няпроста). Цяпер жа падпалкоўнік, відаць, асьмялеў і перабраў меру — узяўся за правакацыю і груба праваліўся»…

Камісія адзначае, што публікацыя меркаванняў публічных асоб (якой, безумоўна, з’яўляецца Зянон Пазьняк) пра палітычныя падзеі і іх удзельнікаў патрэбная грамадству.

Грамадзяне краіны маюць права на інфармацыю і павінныя атрымліваць яе ў поўным аб’ёме. А публічныя асобы (якой, у тым ліку, з’яўляецца І. Кузняцоў) увесь час знаходзяцца ў фокусе грамадскай цікавасці. Таму ўвага СМІ да дзейнасці і З. Пазьняка, і І. Кузняцова цалкам апраўданая і заканамерная.

У гэтай сітуацыі характэрная практыка Еўрапейскага суда па правах чалавека. У адной з прэцэдэнтных спраў, «Observer and Guardian» супраць Вялікабрытаніі» ад 26 лістапада 1991 г. Еўрапейскі суд паказаў: «Хоць прэса не павінная пераступаць усталяваных межаў, у тым ліку для абароны рэпутацыі іншых людзей, аднак яе абавязак перадаваць інфармацыю і ідэі па праблемах грамадскай значнасці. Апроч таго, што перадаваць такую інфармацыю і ідэі — задача прэсы, грамадства гэтак жа мае права атрымліваць іх."

Камісія па этыцы ГА «БАЖ» не лічыць магчымым выказвацца з нагоды скажэння фактаў біяграфіі І. Кузняцова, паколькі не мае адпаведных звестак, а сам аўтар у сваёй заяве не палічыў неабходным прывесці адпаведныя дакументы, якія аспрэчваюць сцвярджэнні З. Пазьняка.

У той жа час, абвінаваўчы запал, у якім вытрыманы матэрыял З. Пазьняка, утрымлівае вядомую ідэалагему «мы — яны», паводле якой «яны» характарызуюцца як ворагі. А «мы» — як увасабленне бездакорнага разумення сітуацыі. Тэкст З. Пазняка, як і любы практычна ідэалагічны прадукт, непазбежна накіраваны на абвінавачванне тых, хто думае інакш.

Адсюль у матэрыяле З. Пазьняка выкарыстанне ярлыкоў тыпу «правакацыя», «фальшывы актывіст» і іншых, што ў дачыненні да любога чалавека выглядае абразлівым.

Пра спробы выкарыстання СМІ ў ідэалагічнай барацьбе гаворыцца таксама ў рашэнні Вялікага журы Саюза журналістаў Расіі «Аб звароце Кваліфікацыйнай калегіі суддзяў і Савета суддзяў Краснадарскага краю ў сувязі з публікацыяй „Ложись! Суд идет!“ у „Новой газете“ ад 14 студзеня 2002 года»: «Падкрэсліць недапушчальнасць выкарыстання СМІ ў якасці прылады інфармацыйнай вайны, паколькі яе ахвярамі становяцца не толькі героі публікацый, але таксама чытачы і журналісцкая супольнасць».

Да таго ж, як гаворыцца ў працытаваным вышэй рашэнні Еўрапейскага суда, «…прэса не павінна пераступаць усталяваных межаў». Праяўленне грамадскай цікавасці, што выяўляецца праз СМІ, не ўключае ў сябе адмаўлення асноўных этычных прынцыпаў, распрацаваных і прынятых журналісцкай супольнасцю, замацаваных у Кодэксе журналісцкай этыкі і Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі журналістаў.

У тым ліку:

«Паважаючы правы грамадства на аб’ектыўную інфармацыю, журналіст абавязаны перадаваць дакладныя звесткі, а таксама спектр поглядаў на тое ці іншае пытанне. Навіны павінны грунтавацца на фактах і дадзеных, дакладнасць якіх можа быць праверана.

Журналіст павінен прыкласці максімум намаганняў для атрымання інфармацыі з усіх магчымых крыніцаў для таго, каб пераканацца ў яе паўнаце, дакладнасці і бесстароннасці. Асабліва дбайна павінна быць праверана інфармацыя, якаючы можа зняважыць чалавека ці прынізіць яго» (Кодэкс журналісцкай этыкі ГА «БАЖ»).

«Непацверджаныя паведамленні, чуткі і здагадкі трэба пазначаць як такія». (Там жа)

Дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі журналіста, прынятая ГА «БАЖ», заклікае:

«Не дапускаць дыскрымінацыі паводле расавай прыналежнасці, нацыянальнасці, спавяданай рэлігіі, паў, сексуальнай арыентацыі, палітычных і іншых поглядаў і г.д."

А таксама:

«Iмкнуцца ды максімальнай дакладнасці інфармацыі, глыбіні і праўдзівасці аргументаў падчас выказвання сваіх поглядаў, пазіцый і меркаванняў."

А таксама:

«Лiчыць недапушчальным плагіят, свядомае скажэнне фактаў, заведама недакладныя каментары, неабгрунтаваныя абвінавачанні, атрыманне незаконнага ўзнагароджання за распаўсюд або адмову ад распаўсюду інфармацыі».

Безумоўна, З. Пазьняк не з’яўляецца журналістам Радыё «Свабода». Але з яго матэрыялам працавалі журналісты, і яны ж прымалі рашэнне пра публікацыю на старонках інфармацыйнага рэсурсу дадзенага СМІ.
Незалежна ад рэдакцыйнай практыкі працы з блогамі, ніводная рэдакцыя ніколі не брала на сябе абавязкаў публікаваць наогул усё, што дасылаюць аўтары. Заўсёды існуюць абмежаванні як заканадаўчыя, так і ў межах асноўных прынцыпаў прафесійнай этыкі.

Тым не менш, казаць пра «дакладнасць фактаў і дадзеных», скарыстаных у матэрыяле, па меркаванні камісіі, не падаецца магчымым.

Камісія таксама лічыць, што ў дадзенай сітуацыі рашэннем, якое адпавядае этычным прынцыпам журналісцкай супольнасці, ад самага пачатку была б адначасовая публікацыя тэксту З. Пазьняка і адказу на яго І. Кузняцова.
Гэты метад даўно і ўвесь час выкарыстоўваецца ў СМІ і не прымушае ніводнага з удзельнікаў палемікі «апраўдваецца», што па вызначэнні няслушна: прэзумпцыя невінаватасці герояў матэрыялаў у СМІ з’яўляецца адным з асноўных этычных прынцыпаў — калі не даказана зваротнае. У дадзеным матэрыяле яно не даказана, і герой публікацыі — у дадзеным выпадку І. Кузняцоў — апраўдвацца не павінен.

Камісія пастанаўляе: матэрыял З. Пазьняка «Сутнасць правакацыi», апублікаваны ў блогу на сайце Радыё «Свабода», утрымлівае парушэнні Кодэкса журналісцкай этыкі ГА «БАЖ» і Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі журналістаў ГА «БАЖ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?