Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» падвяла вынікі праведзенага па ўсім свеце марафона па напісанні лістоў салідарнасці вязню сумлення Алесю Бяляцкаму — віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, лідару ліквідаванага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна».

У розных краінах свету было прынята ў агульнай складанасці больш як 104,5 тысячы мер у падтрымку Бяляцкага, паведамляе праваабарончы сайт http://www.spring96.org. Удзельнікі глабальнай кампаніі, якая доўжылася амаль тры месяцы, выказвалі сваю падтрымку ў самай рознай форме.

Напрыклад, у Японіі і Паўднёвай Карэі было зроблена некалькі тысяч ліхтарыкаў.
У Люксембургу такія воданепранікальныя ліхтарыкі адправіліся ў плаванне ўніз па рацэ ў цэнтры горада, расказваючы пра палітычных вязняў, у тым ліку пра Алеся Бяляцкага. Школьнікі з Тога напісалі беларускаму праваабаронцу ліст, а ў Парагваі быў арганізаваны велапрабег, удзельнікі якога затым падпісалі петыцыю з патрабаваннем вызваліць Бяляцкага. У Славеніі пра існаванне вязняў сумлення расказвалі вулічныя плакаты. Актывісты Фінляндыі правялі акцыю з запаленымі свечкамі і партрэтамі палітзняволеных.

Суседняя Польшча далучылася да марафона шматлікімі творчымі акцыямі. За суткі ў краіне было арганізавана амаль 40 тысяч мерапрыемстваў у падтрымку беларускага праваабаронцы. Так, мастак-графітыст намаляваў лісты, якія падаюць у паштовую скрыню. Алесь Бяляцкі таксама быў намаляваны на вялікай вулічнай карціне ў Варшаве. «Каляндар суперажывання», сімвалізуючы турэмную камеру Бяляцкага, быў перададзены прэзідэнту Польшчы Браніславу Камароўскаму, а актывістка з Познані прадэманстравала сваю салідарнасць з Бяляцкім, удзельнічаючы ў спецыяльнай фотаакцыі.

Вялікая колькасць жыхароў краін Еўропы, ад Італіі да Вялікабрытаніі, падпісалі петыцыі за свабоду Алеся Бяляцкага. Адрасантам петыцый і лістоў салідарнасці праваабаронцы раздавалі налепкі з выявай беларускага палітзняволенага.

У спісе краін, дзе прайшоў марафон,
— Аўстрыя, Бельгія, Бермудскія астравы, Балгарыя, Канада, Кіпр, Чэхія, Фінляндыя, Гана, Ісландыя, Ірландыя, Італія, Японія, Латвія, Люксембург, Малі, Мальта, Малдова, Манголія, Парагвай, Польшча, Партугалія, Пуэрта-Рыка, Румынія, Расія, Славакія, Славенія, Паўднёвая Карэя, Швецыя, Швейцарыя, Тайвань, Тога, Туніс, Украіна, Венесуэла, Вялікабрытанія.

Штогадовы праваабарончы марафон па напісанні лістоў «Міжнароднай амністыі» стартаваў 7 снежня 2012 года, напярэдадні Дня правоў чалавека, і прайшоў па ўсім свеце пад лозунгам «Пішам за правы! Даможамся перамен!». Мэтай акцыі было прыцягненне ўвагі міжнароднай грамадскасці да лёсу праваабаронцаў, якіх пераследуюць улады ў розных краінах свету.

50-гадовы Алесь Бяляцкі адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйска па прыгаворы суда. 24 лістапада 2011 года суд прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўлічыў, што грошы, якія на іх паступаюць, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0