poster«Лінія Сталіна», фальшаваньне Курапатаў. Такая палітыка. Зьявілася й нэасталінскае кіно. «Бацькі народаў» у ім няма, затое ёсьць НКВД і «савецкая дзяржаўнасьць». Карціна «Вам заданьне» 2004 году паводле аднайменнага твору сэнатара Чаргінца зьяўляецца ўзорным нэасталінскім фільмам. Добры чэкіст змагаецца з панамі перад вайной і з панамі-бандытамі пасьля вайны. Фільм Бяржыцкага бяздарны да геніяльнасьці і настолькі кепскі, што ўзначальвае ганаровы сьпісы трэш-афіцыёзу.

Але, нягледзячы на мастацкі й глядацкі правал чаргінцоўскае стужкі, за ёй пайшлі настойлівыя працягі. Карціна «Глыбокая плынь» (2005) Маргарыты Касымавай, пастаўленая па аддаленых матывах шамякінскіх твораў, распавядае пра партызанку ў акупаванае Беларусі. Румяныя партызаны ахоўваюць падпольны аэрадром. Характараў няма, а самай ачалавечанай у фільме выглядае вайсковая статыстыка.

Дэбютны фільм Пятра Крывастаненкі «Яшчэ пра вайну» 2004 году – пазначаны як пасьляваенная мэлядрама. Але галоўнае ў фільме – не чалавечыя пачуцьці (у карціне адсутныя), а чысьценькія вайсковыя шынялі і настальгія па сталінскім 50-ым – засьнятым на сучасны «Кодак».

Чарговую рэтрасталінскую стужку сарамліва паказалі 2 ліпеня ў сталічным кінатэатры "Масква".

Расейска-беларускі фільм Алы Крыніцынай «Радзіма альбо сьмерць» паразытуе на тыповых тэмах «Беларусьфільму»: вайна й дзеці. Немцы стварылі лягер для дзетак-дывэрсантаў. Сіротаў закідваюць у савецкі тыл, каб падрываць цягнікі (!). Але на варожую тэрыторыю закідваецца атрад зухаватай чэкісткі. Перавэрбаваныя дзеткі далучацца да НКВДоўцаў…

Акторы граюць як гістэрычныя малпы, чэкістка-гераіня ходзіць па акупаванай тэрыторыі з наганам і ў форме (!), вясковы інтэлігент пнецца з кніжкамі ў лес, каб даць пачытаць партызанам «Радзіму альбо сьмерць». Гэта не пародыя – усё абсалютна сур’ёзна.

Галоўная чэкістка (блізкая сваячка садысткі з трэшу «Ільза – ваўчыца СС») расстрэльвае бязьвіннага чалавека, каб завэрбаваць ягонага брата і заходзіцца крыкам, калі чуе пра сталінскія рэпрэсіі. (Наган і куля ў чужой галаве – гэта добра.)

На гэтую залімітную лухту абавязкова павядуць беларускіх школьнікаў, каб яны вучыліся сталінскаму гуманізму.

Беларусь была толькі палігонам – рэстаўрацыя сталіншчыны цяпер распачалася ў Расеі. Расейскае «патрыятычнае» кіно не настолькі бяздарнае, як нэасталінскае беларускае: болей грошай, лепшыя акторы, больш вытанчаны сцэнар – і атрута сталінізму танчэйшая.

Па канале НТВ запускаюць сэрыял пра асабістае жыцьцё Сталіна, дзе зь цеплынёй гаворыцца пра «бацьку народаў»

У расейскай карціне Аляксея Піманава «Тры дні ў Адэсе» (2007) патаемны НКВДыст адпраўляецца ў пасьляваенную Адэсу, каб зьнішчыць небясьпечную банду. У карціне будуць амуры, бязладная страляніна й стомлены тэлевізійны шоўмэн Леанід Якубовіч. Але галоўнае – бесканфліктна-глямурная карцінка з саладжава-сталёвай інтэнцыяй: «Зьнішчыць усіх, без суду й сьледзва». І татуіроўка-кляймо – «Сьмерць Гітлеру ад Сталіна» – каб запомнілі, хто найгалоўнейшы.

Нягледзячы на «карцінку», стужка Піманава – гэта кепскі фільм. І гэта першая прыкмета нэасталінскага кіно. Вылізаная карцінка, «прыгожанькая» бесканфліктнасьць, няма «дакумэнту», шурпатасьці эпохі – усе румяныя, сытыя і здаровыя. Гэта трэш-афіцыёз, трэш-глямур.

Гэбэфілія – ключавая прыкмета неасталінскага кіно. НКВДоўцы – выключна станоўчыя пэрсанажы. А іхняя найлепшая якасьць - бязьлітаснасьць.

Трэцяя рыса рэтрасталінскага кіно ні ў якім разе не была бы ўхваленая «генэралісімусам». Магчыма, ён бы загадаў расстраляць рэжысэраў за падобныя вольнасьці. Але што зробіш – трэба ўлічваць сучасныя павевы, прыцягваць маладую аўдыторыю. Шынэльная эротыка – яшчэ адна прыкмета рэтрасталінізму.

Па-за канкурэнцыяй тут беларуская стужка «Яшчэ пра вайну». Мэдсясьцёркі доўга парацца ў лазьні і бегаюць аголеныя па сьнезе. Юрлівыя вочы афіцэраў… А сцэне, калі гераіня ў шынелі эратычна хрыпіць і лашчыцца да свайго мужа – пазайздросьцілі бы ўсе трэшмэйкеры.

Надзвычай паказальная расейская карціна «Май» (ішоў у менскіх кінатэатрах). Стужка Марата Рафікава і Ільі Рубінштэйна пазначаецца як «патрыятычная казка» і датаваная 2007 годам. Герой гэтае казкі – баец Чачэнскай вайны, які едзе ў Маскву за навабранцамі. Ён выконвае заданьне, п’е з аднапалчанамі (цяпер патрыятычнымі сутэнэрамі) і сустракае сваё каханьне – пяшчотную прастытутку. Клясычная стужка «Баляда пра жаўнера», якая была знакам адлігі, тут перакручаная на эратычны капыл.

Беднае, беднае кіно!...

Гутарка пра "Салодкі сталінскі стыль"

Фота з пэрсанальнага сайту Чаргінца.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?