Мама стараецца, каб Міхаська еў найлепшае.

Мама стараецца, каб Міхаська еў найлепшае.

— Калі табе патрэбны праблемны артыкул, то гэта не да нас — у мяне дзіця фізічна і эмацыйна стабільнае. Дзякаваць богу, няма праблем са здароўем, — заявіла Аня.

Яе Міхасю год і два месяцы. Ён быў чаканым у сям’і. Але пасля нараджэння бацькі разышліся.

Ані 25. З сынам жыве ў аднапакаёўцы побач з метро — кватэра бацькоў (самі жывуць у іншай). Таму не трэба плаціць непад’ёмныя для яе сотні даляраў за здымную. Іначай было б не пражыць.

— Напэўна, я не так доўга пражыла ў шлюбе і сумесна гадавала сына, каб адчуваць сябе пасля разводу адзінокай. Таты, як правіла, бавяць з дзецьмі менш часу, і на маму кладуцца ўсе абавязкі. Пасля разводу мала што памянялася, больш гэта прынесла фінансавыя праблемы.

Але думала, што будзе цяжэй.

Міхасю цяпер адзін і два. А самы складаны перыяд — да 3 месяцаў.
У той час муж быў побач. Калі сыну споўнілася паўгода, я выставіла яго тату за дзверы. Праблемы ўсе праз п’янства. Уначы трэба сунімаць мужа, каб ён нікуды не ехаў, а раніцай нявыспанай трэба за сынам глядзець. І ў гэтым плане я ўздыхнула з палёгкай. Разлічваю толькі на сябе. Канечне, грошай бракуе, але лягчэй у эмацыйным плане.

Зарабляць з дзіцём можна, але цяжка

Муж забяспечваў сям’ю, таму Аня займалася гаспадаркай. Але сядзенне дома надакучыла, і вырашыла заняцца падпрацоўкай. Хутчэй для душы, бо грошы былі невялікія — 300-500 тысяч у месяц. Рыхтавала навіны для аднаго сайта.

Калі выставіла мужа, давялося працаваць значна больш. Для таго ж сайта ўзялася вярстаць рэкламу, для іншага — збірае інфармацыю для артыкулаў: пісаць самой пакуль не ўдаецца, бо для пісання трэба канцэнтрацыя.
«Міхась спіць днём два разы па гадзіне. Вось гэты час можна выкарыстоўваць для працы. Увечары я стамляюся і не магу ўжо разабрацца ў нюансах, чым адзін вежавы кран адрозніваецца ад другога, каб напісаць тэкст пра гэта. Таму займаюся толькі зборам інфармацыі. На дзень уся праца займае каля шасці гадзін».

Колькі можна зарабіць такім чынам? Няшмат.

«Выходзіць каля 2 млн. Ад таты Мішы толькі перад Новым годам два мільёны атрымалі. Дапамогу на дзіця, якую штомесяц плаціць дзяржава, я вырашыла адкладаць на будучыню сына. Назбірала так каля $2000. Але захоўваю не ў банку: баюся, што іх не ўбачу праз 17 гадоў».

Дапамога на дзяцей да 3 гадоў: на першае дзіця — 1 542 140 руб, на другое і наступныя — 1 762 450 руб, на дзіця-інваліда — 1 982 750. Адзінаразовыя выплаты: пры нараджэнні першага дзіця — 9 241 500, другога і наступных — 12 938 100, пры пастаноўцы на ўлік да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці — 924 150.

Вядома, падтрымліваюць бацькі. Але больш разлічвае на сябе. А таму шукае найперш магчымасці сэканоміць на цэнах на прадукты, адзенне, але не на іх якасці.

Стараецца, каб сын еў найлепшае. Ды чакае, калі былы муж пачне выплочваць аліменты (суд ужо адбыўся).

«Вось замежныя фрыкадэлькі — 135 гр за 20 тысяч. З іх я вару суп, каб расцягнуць на некалькі разоў, бо Міхась іх усе можа і за раз з’есці, — дастае з халадзільніка слоічак. — Альбо трусяціна з садавіной — 130 гр за 13-14 тысяч.

Беларускія кансервы, напрыклад, аршанскія, не горшыя па якасці ды цана меншая. Але што тычыцца садавіны, то аддаю перавагу замежным пюрэ».
Замест соку стараецца варыць кампоты і рабіць морсы. Сама і пячэнне робіць.

Адзенне пакупае па замежных каталогах. Кажа, што справа не толькі ў цане, але і ў якасці.

«Купіла яму дошку ў выглядзе слоніка за 300 тысяч, каб ён крэмзаў. Бо пакупаць альбомы для малявання, алоўкі, думаю, даражэй абыдзецца».

Не выглядае, каб малы быў у чымсьці абдзелены: асобны дзіцячы ложак, вазок, цацкі...

«Купляць цацку штотыдзень — дорага. На кніжным кірмашы купіла 3 кнігі — ажно 150 тысяч заплаціла». На дзіцячых кніжках, сапраўды, не сэканоміш. Разглядаць малюнкі з манітора камп’ютара дзіця пакуль не пасадзіш.

Калькулятар на месяц: памперсы, РФ (68 штук) — 215500х0,5, сумесь, РБ — 26500х2, каша, РФ — 25900х3, кансерва з ялавіччынай, РБ — 9600х4, кансерва рыбная, РБ — 5600х4, пюрэ з гародніны, РБ — 5500 х10, пюрэ фруктовае, Польшча — 10500х10, свініна — 120000, філе курынае — 80000, малако, кефір — 10000х2, сокі — 20000х3, садавіна — 100-150 тысяч, парашок, пена, соль дла ванны, шампунь, сурвэткі — 150 тысяч.

Спадзяюся, лягчэй стане праз год-два

«У 2,9 года я планую аддаць сына ў садок — тады стану вальнейшай.
У нас каля дома ёсць свой. Але ён такі «саўдэпаўскі», ды выхавацелькі там не вельмі добрыя. Хацелася б у лепшы аддаць. А для гэтага трэба ісці і дамаўляцца, заплаціць.

У верасні пойдзем у Цэнтр развіцця. Там дзетак вучаць творчасці, развіваюць. І чым старэйшае дзіця, тым праграма ўскладняецца. Што мы праходзілі ў першым класе, цяпер ім прапануюць раней. Але пра секцыі яшчэ не думаю. Хаця спрэчкі былі. Бабуля прапаноўвае тэніс. Дорага. Ды я пакуль і не бачу ніякіх здольнасцяў у сына. Я не з тых мамаў, якія стараюцца ўпіхнуць дзіця куды толькі заўгодна. А мо гэта і правільна?»

Жыццё адзінокай мамы з маленькім дзіцём амаль перакрэслівае сувязі з сябрамі. Ёсць, праўда, інтэрнэт, які дазваляе сачыць за жыццём вакол.

«Міхася да сябе на выхадныя могуць мае бацькі ўзяць, да прыкладу, у пятніцу ўвечары. Я, канечне, магу кудусьці пайсці. Але я працую, каб на суботу-нядзелю менш заставалася. А ў суботу пачынаю прыбіраць, праць, прасаваць — і так да вечара. Я радая, калі нехта да мяне можа зайсці — тады пагаворым. У нядзелю трэба і бацькам даць адпачыць, таму забіраю сына раней».

Не просіць, таму і не атрымлівае

«У месяц, тры месяцы, паўгода, год мы рабілі прышчэпкі. Самі ездзілі ў паліклініку — праблем не было. Але каб патрапіць да хірурга ці неўрапатолага, трэба месяц чакаць талон. ЛОРа свайго ў нас у паліклініцы няма. Дактары кажуць, што ўсё добра. Ці сапраўды ўсё так добра альбо ім напляваць?»

Дзяржава акрамя бясплатнай медыцыны прапануе бясплатныя лекі, але беларускія. А яна не давярае ім, таму гатовая купляць, абы замежныя.
Жанчына магла б разлічваць на адрасную сацыяльную дапамогу, калі дзіця да двух гадоў дзяржава забяспечвае прадуктамі. Афіцыйна ж развялася нядаўна, таму толькі цяпер з’явілася падстава для гэтага — даход на чалавека меншы за бюджэт пражытачнага мінімуму. Гэта калі без уліку падпрацоўкі — яна ў яе неафіцыйная.
«Я нічога ад дзяржавы не патрабую. Чым больш буду патрабаваць, тым больш буду ёй вінная. А навошта мне гэта трэба?»

...Маленькі Міхась пачаў хадзіць, але не гаворыць — толькі асобныя словы. Сярод іх «мама» і «тата». Толькі ці не забудзецца на апошняе?

«Быў выпадак, калі муж адсутнічаў тры месяцы, а затым з’явіўся. Дык Міша не адразу яго пазнаў. Калі наступны раз з’явіўся праз два тыдні — дзіця ўжо нармальна прыняла.
Малое на бацьку рэагуе ў прынцыпе добра. Калі стамляецца ад яго, то пачынае ручкай матляць — маўляў, да пабачэння — і сыходзіць. Але Міша нават незнаёмцаў не баіцца — шукае з імі кантакту».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?