Прадстаўнік беларускага МЗС заклікаў Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека звярнуць увагу на санкцыі, уведзеныя Еўрасаюзам і ЗША ў дачыненні да некаторых краін, у тым ліку і да Беларусі.
Пра гэта заявіў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС Беларусі Яўген Лазараў 4 сакавіка, выступаючы падчас інтэрактыўнага дыялогу з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека ў Жэневе.

Ён таксама адзначыў "працяглы геаграфічны дысбаланс у працы Вярхоўнага камісара і яе офіса". "Асноўная ўвага па-ранейшаму надаецца краінам Поўдня, пры гэтым без увагі застаюцца выпадкі парушэнняў правоў чалавека ў гэтак званых краінах з адбытай дэмакратыяй, — сказаў Лазараў. —

У сваім дакладзе аб парушэнні правоў чалавека ў 2012 годзе Беларусь зафіксавала звыш 200 найбольш грубых парушэнняў у краінах ЕС, Нарвегіі, Швейцарыі, ЗША, Канадзе.
Вярхоўны камісар і яе шматлікі апарат не зафіксавалі ніводнага. Толькі за апошнія некалькі месяцаў найбольш грубыя рэзанансныя парушэнні правоў чалавека адбыліся ў Германіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Славеніі, Бельгіі, Балгарыі, ЗША. Упраўленне і Вярхоўны камісар жа публічна каментуюць толькі сітуацыю ў Афрыцы і Азіі".

Пры гэтым Лазараў падкрэсліў, што Беларусь гатовая дапамагаць Упраўленню Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ў выяўленні парушэнняў правоў чалавека.

"Мяркуем таксама, што татальная залежнасць упраўлення ад фінансавання з боку ЕС і ЗША фактычна паралізуе яго працу, вымушае прасоўваць міжнародны парадак дня гэтых краін, асноўным элементам якога традыцыйна з'яўляюцца шантаж і запалохванне. Прапаноўваем Вярхоўнаму камісару афіцыйна ініцыяваць кансультацыі па пытанні павелічэння фінансавання ўпраўлення з бюджэту ААН", — сказаў Лазараў.

Ён таксама зазначыў, што ўпершыню за гісторыю ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Упраўленнем Вярхоўнага камісара па правах чалавека (УВКПЧ) пачынаецца рэалізацыя праекта тэхнічнага супрацоўніцтва. "Па просьбе Беларусі ў 2013 годзе ўпраўленнем будзе рэалізаваны праект у сферы абароны правоў чалавека ў кантэксце барацьбы з гандлем людзьмі, — сказаў ён. — У маі ў Мінску адбудзецца семінар прадстаўнікоў праваахоўных органаў Групы сяброў, якія аб'ядналіся ў барацьбе з гандлем людзьмі, у якім возьмуць удзел 22 краіны, найбольш актыўныя ў сферы антытрафікінгу, а таксама прадстаўнікі міжнародных і няўрадавых арганізацый, уключаючы УВКПЧ. Асабліва хочам адзначыць, што праект у сферы супрацьдзеяння гандлю людзьмі стаў магчымы ў Беларусі дзякуючы фінансавай падтрымцы Расіі".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0