Што ў сухой астачы пасьля сёньняшніх заяў Лукашэнкі ў рэдакцыі "СБ"?

1. Газавай вайны ня будзе. Грошы расплаціцца з "Газпромам" у краіне ёсьць. Прычым банальнае сплочваньне запазычанасьці набывае піяраўскі эфэкт: хай задушацца крывасмокі! Менск знаходзіць магчымасьць драматызаваць сюжэт энэргетычных стасункаў нават тады, калі, здавалася б, усё прапісана ў міждзяржаўных паперах на некалькі гадоў наперад.

2. Агучаны сакрэт Полішынэля што да плянаў Масквы: "Яны хацелі б прыватызаваць усю краіну". Тое, што незалежнікі дзяўблі ўвесь час "братняй інтэграцыі", калі ў Крамлі біліся чаркі на шчасьце. Сёньня — пахмельны сындром. Якое там, да д'ябла, славянскае братэрства! Хцівым расейцам супрацьпастаўляюцца спагадлівыя кітайцы ды шчодры Чавэс.

3. Кінуты чарговы важкі камень у гарод Пуціна: "Мне таксама намякалі, што трэба ехаць у Крэмль і пасьці на калена. Я не паеду і на калена ня ўстану". Карацей, гэтыя два прэзыдэнты кашы ўжо ня звараць адназначна.

4. Між іншым: заціснуць наш інтэрнэт:( Калі ўжо сам прэзыдэнт сказаў, што патрэбен закон, каб спыніць там "анархію", то будуць "наводзіць парадак" з такой самай вытанчанасцью, як і ўсюды.

Але вернемся да лейтматыву: "Яны хацелі б прыватызаваць усю краіну".

Адшліфаваная антыкрамлёўская рыторыка старых незалежнікаў зараз надта прыдалася афіцыйнаму кіраўніку. Але вэтэранам руху ня сьлед хутчэй круціць на штрыфелях дзірачкі пад ордэны за тое, што столькі гадоў зьберагалі сьвятыя ідэі. Як заяўляў некалі Астап Бэндэр павятоваму правадыру дваранства, "я адзін здолею даць рады вашай справе". Цяперашняя ўлада прывыкла манапалізаваць усё, і зараз яна вам разгоніцца прызнаваць нечыя аўтарскія правы на лёзунгі абароны сувэрэнітэту! (Што засьведчылі, дарэчы, падзеі ў зьвязку з угодкамі дэклярацыі 27 ліпеня, калі зусім ня страшныя для вярхоў праявы вулічнай актыўнасьці старанна купаваліся).

Між тым на хцівую Маскву зручна будзе павесіць зараз і скасаваньне льготаў (заднім днём, хто там разьбярэцца цераз паўгоду!), і немінучае падвышэньне жыльлёва-камунальных тарыфаў, і іншыя сымптомы зацягваньня паясоў (зноў, маўляў, адарвалі ад вэтэранаў, ад чарнобыльцаў, каб сплаціць даніну ненажэрным алігархам).

Калі ж адсунуць у бок бадзёрыя заявы пра нашу нязломнасьць (па вялікім рахунку спрыяльныя для дрэйфу масавай сьвядомасьці ў незалежніцкім кірунку), то відавочна: сытуацыя сур'ёзная. Фактычна між Менскам і Масквой ідзе халодная вайна. Дый то сказаць: падчас клясычнай халоднай вайны Савецкі Саюз спраўна пампаваў энэрганосьбіты ў лягер "імавернага праціўніка"! А ў нас тут кожныя паўгоду — рука на вэнтылі!

Беларускі сюжэт драматызуецца. Так, усё магло быць іначай, каб 13 гадоў таму выбралі іншы курс, іншую парадыгму разьвіцьця. Я і сам не аднойчы згадваў пра ідэі Балта-Чарнаморскага калектара etc. Але ж тую станцыю даўно праехалі. І куды нясецца цягнік, ці пашэнціць перавесьці стрэлкі ў чарговым пункце біфуркацыі — пытаньне зусім не відавочнае.

Факт тое, што сёньняшнія выклікі тычацца ня толькі ўлады, але ўсіх элітаў, закранаюць усіх беларусаў. Паны пілі, а ў нас галовы баляць:)

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру