«Караткевіч на пачатку 1960-х хацеў актыўна працаваць з кіно, каб з экрана прыцягнуць увагу да Беларусі, да яе гісторыі, да прыгажосці краіны, — расказвае літаратуразнаўца, даследчык творчасці Караткевіча Анатоль Верабей. —

Гэтыя фільмы не траплялі на экран праз розныя прычыны — ад мастацкіх да ідэалагічных. Як адбывалася і з кнігамі.
Караткевіч актыўна супрацоўнічаў з аператарам Анатолем Забалоцкім, сібірскім беларусам. Падборку дакументальных фільмаў Караткевіча можна паглядзець у Музеі кіно, іх зараз выкупляюць з Расіі.
У колішні васьмітомны «Збор твораў» сцэнары не трапілі, бо аб’ём быў абмежаваны, і мы засяродзіліся на прозе і паэзіі».

«Усяго тут амаль дзве тысячы старонак, — кажа даследчык Мікола Раманоўскі, які цяпер працуе з архівамі Караткевіча. — Дагэтуль было шырэй вядома пра расейскамоўны сцэнар «Гневное солнце палящее», у якога вельмі шмат варыянтаў. З гэтага сцэнара трапіла ўрэшце на экран толькі адна навэла — пад назвай «Чырвоны агат», а фільм меўся складацца з пяці».

«Чырвоны агат» выйшаў на экраны ў 1973, гэта 23-хвілінная навэла пра дзяўчынку, якая выпраўляецца да мора шукаць рэдкі чырвоны агат, каб уратаваць хворага дзядулю. Яна, пры простасці сюжэту, уражвае глыбокім псіхалагізмам, паказвае паўставанне характара галоўнай гераіні.

Асноўная частка знойдзеных сцэнароў — расейскамоўная: у Мінску па-беларуску тады амаль нічога не здымалі. Беларускамоўныя варыянты усяго тры-чатыры.

«Ёсць сцэнар мастацкага фільма 1960 года пад назвай «Песня пра каханне і нянавісць», — кажа Раманоўскі. — Але, мяркуючы па ўсім, фільм так і не выйшаў.
Караткевіч пераробліваў сюжэты па тры-чатыры разы, але яны ўсё адно не праходзілі рэдакцыйную раду. Захаваўся сцэнар дакументальнага фільма «Памяць» з прыкладзеным да яго маршрутам кінаэкспедыцыі па ўсёй Беларусі. Гэты фільм зняў у 1966 ці 1967 годзе рэжысёр Цвяткоў, ёсць дзве моўныя версіі».
З усіх сцэнароў Караткевіча надрукаваная толькі «Легенда аб бедным д’ябле і адвакатах сатаны» —
гэты фантастычна-гістарычны твор пра сярэднявечную Беларусь пабачыў свет у 9-м, дадатковым, томе збору твораў. Астатнія сцэнары маюць увайсці ў 16, 17 і 18 тамы новага 25-томнага Збору твораў пісьменніка, выданне якога мае скончыцца да 2020 года.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?