Навакольле тым ці іншым чынам уплывае на чалавека. Асабліва дзе жыў, вырас, нарадзіўся… Гэта дзейнічае непрыкметна, і толькі з цягам часу, аглядваючыся назад, разумееш усю значнасьць і дзейнасьць таго, што здавалася звычайным і абыдзеным.

Дык вось… Нарадзіўся я ў Пінску. І цяпер у мяне няма сумневу, што сам гэты горад значна паўплываў на мяне сваёй нейкай несавецкасьцю. А дакладней – недасавецкасьцю. Бо, зразумела, ужо ў маім дзяцінстве пэўная ідэалёгія поўнасьцю ўжо панавала. Парады, памятнікі, кумачы.. усё гэта было. Нават побач са старадаўнім касьцёлам стаіць нейкая савецкая дура, нешта сымбалізуе… Але ў паветры ўсё ж заставалася нешта такое… Нібыта нешта вось тут толькі ўчора было іншае.. і гэта лёгка было ўявіць. Нашмат лягчэй, чым, напрыклад, у сучасным Менску. Ды і людзі.. як быццам міжвольна параўноўвалі: “А вось пры Польшчы…”. Памятаю, даволі камічны эпізод, як мой бацька, палымяны камуніст, пра якога я ўжо распавядаў нават літаральна паламаў забор адным нашым госьцем, які пасьпеў толькі пачаць гэтую каронную фразу і адразу з трэскам быў выкінуты з хаты. Госьць ад зьдзіўленьня нават не пакрыўдзіўся. “За што? “ – замерла пытаньне на яго зьбянтэжаным твары.

Мы жылі ў звычайным драўляным доме, ды яшчэ даволі старым і трухлявым – яшчэ да вайны ён прыналежаў нейкай габрэйскай сям’і і, зразумела, пасьля немцаў застаўся без гаспадароў. Вось што было, то і далі айцу, калі ён пераехаў па справах працы сюды, ў Пінск.

Людзі, дарэчы, жылі яшчэ ў маім дзяцінстве ў вельмі розных жыцьцёвых умовах. Можа хто скажа, што цяпер у яшчэ больш розных. Але цяпер для чалавека жыльлё гэта справа жыцьця. Можа таму, што яно стала значным паказчыкам так званай “якасьці жыцьця”. Раней на гэтым так не замарочваліся. Мае сябры жылі зусім па-рознаму: хто ў сваёй хаце, хто ў шматпавярховым будынку, хто ў бараку, а мой сябар Генка нават ня проста ў бараку, а на гарышчы бараку – з адным акном на канцы кватэры, дзе стаяў ягоны стол, за якім ён рабіў урокі. Але дзіўна… гэта быў фон, які ніяк не ўплываў на адносіны паміж людзьмі. Але была ў гэтай і рознакаляровасьці нейкая такая смачнасьць. Ты прыходзіў у госьці, як быццам наведваючы іншую краіну ці нават сьвет.

Прывіды мінулага, яна былі на кожным кроку… З дзяцінства, напрыклад, наведваў я дзіцячую паліклініку. Даволі часта, бо быў хлопчыкам хваравітым. Тыпічны, як цяпер кажуць, “батанік”. Але толькі дарослым даведаўся, што гэта быў царкоўны будынак, нейкая кансысторыя, дзе была і царква. У гэтай царкве мяне і хрысьціла суседка, утайку ад бацькоў.

Зараз у гэтым будынку зноў царква - канцылярыя Пінскай эпархіі і дамавы храм у ёй. І гэта далёка ня ўсё, што вярнулі царкве. Пры тым ня толькі праваслаўным, а нават больш – каталікам. Проста таму, што ім было больш што вяртаць. А ўсё гэта дзякуючы рашэньню гарсавета, даволі дэмакратычнага 90-х гадоў. Вырашылі вярнуць шмат якія ня толькі былыя царкоўныя будынкі, а нават будынкі, перабудаваныя ці на былых царкоўных падмурках. На фота побач з эпархіяльнай управай бачна частку яўна царкоўнага будынку. Але ў маім дзяцінстве гэта б нікому не прыйшло нават у галаву. Бо гэта быў проста дзіцячы кінатэатар “Дружба”. Аказваецца пабудаваны на падмурках праваслаўнага сабору. Вось яго і аддалі зноў пад храм. Паставілі купалак ды прырабілі нейкія “царкоўныя” прылады. У выніку атрымаўся храм даволі дзіўнага выгляду.

Асабліва бачна, што гэта былы кінатэатар па выгляду з пераду. Фасад застаўся поўнасьцю, як і быў. У ваконцах, дзе прадаваліся квіткі, зараз купляюць сьвечкі.

Вось такі прывід мінулага, і даўняга, і зусім нядаўняга.

Раней жа ў Пінску быў толькі адзін дзеючы праваслаўны храм. Гэта параўнальна невялічкая царква Сьвятой Варвары (1786 г.). Але выглядае ён нашмат больш гарманічна.

У каталікоў таксама быў адзіны храм. Але вельмі салідны і старажытны. І ў самым цэнтры гораду. На галоўнай вуліцы ў імя… Леніна. Гэта францысканскі касьцёл Усьпеньня Дзевы Марыі (1396 г.).

За тоўстым мурам, нібыта крапасным, хавалася ад подлай “сучаснасьці” нейкае невядомае, таямнічае жыцьцё. Якое адначасова палохала і маніла… Таямнічнасьць умацоўвалася тым, што ніякіх каталікоў у жыцьці амаль не сустракалася. Пінск гэта зусім не Гарадзеншчына, і каталікамі былі толькі тыя, хто лічыў сябе палякам. Дзесьці ж яны былі. Уваходзячымі ў касьцёл мы бачылі толькі старэнькіх бабулек. Ды яшчэ былі польскія могілкі.

Можа адзін раз толькі я адважыўся адчыніць дзьверы ў муру.

Білася сэрца, але я набраўся мужнасьці, каб прайсьці далей. У храме людзей, як я і чакаў, было мала. Ксёндз казаў нешта па-польску. Гэта была замежная для мяне мова, і мне здавалася, што я нелегальна перайшоў мяжу… Дакладна нічога не разглядзеўшы, я кінуўся назад… Хто знае…Можа калі б мова была не польская, я б затрымаўся надаўжэй.

Хаця польская мова была ня так і далёка. У Пінску моладзь звычайна заўсёды настройвала свае пераносныя радыё на польскую хвалю – прымалася добра, і перадачы там былі насычаны музыкай і навогул былі вельмі падобныя на сучасныя FM станцыі. Некаторыя з маіх сяброў нават лёгка разумелі, аб чым гавораць. А я вось не.

Затое я па таму часу не так дрэнна валодаў беларускай мовай, як іншыя. І заўсёды па беларускай літаратуры чытаў толькі арыгінальныя тэксты, а не пераклады на расейскую, як іншыя. Іншая справа, што гэтая мова для пінчукоў была можа больш замежная, чым польская. Я таксама ня мог зразумець – лічыцца, што на гэтай мове размаўляе народ, але я э бачу, што мова мясцовых жыхароў ані расейская, ані беларуская, ані ўкраінская. Ужо потым даведаўся пра яцьвяжскі дыялект. Можа ад гэтай усей моўнай блытаніны і мясцовая газэта выходзіла не па беларуску, як было тады па ўсей Беларусі, а па-расейску: “Полесская правда”.

Дарэчы, у дзяцінстве мне чамусьці часта паўтараўся адзін сон. Быццам я іду ад Пінска пешкі да Брэста, а там перахаджу мяжу. І так мяне гэта захапляла, што мяжу, аказваецца, перайсьці даволі лёгка. Як жа я быў заўсёды расчараваны, калі прачынаўся.

Побач з касьцёлам быў даволі вялікі будынак, які я таксама часта наведваў. Тады гэта быў гарнізонны Дом афіцэраў. Гэты гарнізон , дарэчы, складаўся з вучэбных базаў Балтыйскага флёту, а таму Пінск выглядаў даволі калярытна - з матросамі на вуліцах, быцам сапраўдны прыморскі горад. Мой бацька працаваў у вайсковай частцы, і я часта хадзіў у Дом афіцэраў туды на ёлкі і ранішнікі. Вось гэты ўвесь комплекс і атрымала на пачатку 90-х каталіцкая царква.

Зараз тут усё вельмі ўпрыгожана і адбудавана. Менавіта тут, а не ў Менску, знаходзіцца рэзыдэнцыя кардынала. Тут таксама і адна з дзьвух беларускіх каталіцкіх сэмінарый. Пры чым больш беларуская, чым у Гародні.

І, нарэшце, калі казаць пра прывіды мінулага, так нельга абыйсьці і самага значнага і саліднага будынку на цэнтральнай Плошчы. Таксама, прабачце, Леніна. Але я, зразумела, не пра помнік Леніну, які тут таксама ёсьць. Галоўная прыгажосьць плошчы - Езуіцкі калегіюм (1675 г.)

На жаль, у 50-х гадах быў зруйнаваны касьцёл пры калегіюме. Так што гэты выхад на плошчу, дзе гадзіньнік, гэта на месцу аблому. Яшчэ ў маім дзяцінстве ў будынку знаходзіўся гарсавет і іншыя канторы. Была таксама і карцінная галерэя.

Самі калідоры ўжо неяк адпаведна настройвалі. Дарэчы, нешта падобнае адчуваеш у будынку Белпрофу ў Менску, на плошчы Свабоды, таксама манастырскім будынку, але не езуіцкім, а базыліянскім.

Не ведаю, праўда ці не, але, памятаю, казалі пра нейкі падземны ход з калегіюма праз раку Піну.

Там за ракой пачыналіся вядомыя пінскія балоты. Там хаваліся аж да 50-х гадоў людзі, якія ня жадалі прымаць савецкую ўладу. У нейкім сэнсе Піна заўжды выконвала ролю мяжы. Са старадаўнасьці горад сплянаваны так, што яго цэнтар гэта адразу і канец гораду. А рака – лінія абароны. З апошняй вайны захаваліся нямецкія доты на беразе. Зруйнаваны мост мінулага і дзейнючы мост сучаснасьці. Рака як сымбаль мяжы паміж тым жа мінулым і сучасным, паміж свабодай і няволяй, паміж марай і рэчаіснасьцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?