На Захадзе акцыі купляюць не дзеля дывідэндаў, а дзеля магчымасьці ў любы час з выгадай перапрадаць.

Корпаўся колькі дзён таму ў шафе й неспадзявана выцягнуў картку з чырвонаю «Пагоняю». Чэкі «Маёмасьць», празваныя ў народзе на расейскі капыл «ваўчары». Калі цяперака запытацца ў народу пра тую прыватызацыю, дык пачуеш нараканьні, што падманулі народ…

Першы раз дзяржава нешта аддала простаму чалавеку за так. Але просты чалавек, не навучаны карыстацца капіталістычнымі прыладамі, прадаў тыя чэкі ці ў найлепшым выпадку ўклаў у інвэстыцыйны фонд. Ня будзем чапаць сумны лёс фондаў. Прыгледземся да спадзяваньняў простага чалавека. Амаль кожны адпачатку чакаў шалёных грошай‑дывідэндаў.

Неяк пачуў тэлефанаваньне на радыё Свабода. Стары скардзіўся, што ўклаў свае чэкі ў акцыі нейкага прадпрыемства. Тое празь пяць год налічыла дывідэнды — ня хопіць і на аўтобусны талён. Вось якія махляры, ліха іх матары…

Як высьветлілася, за мяжою ведаюць адзін сакрэт! Ніхто не купляе акцый дзеля дывідэндаў! Акцыі купляюцца дзеля акцый. Якія можна заўжды прадаць. Чалавек плянуе, што кошт іх праз пэўную колькасьць год уздымецца і можна будзе выгадна іх прадаць, напрыклад, дзеля аплаты адукацыі дзяцей.

Кошт акцый складаецца з кошту прадпрыемства. А прадпрыемства вартае нагэтулькі, наколькі вартае яе абсталяваньне, машыны і прылады. Агульны кошт прадпрыемства дзеліцца на колькасьць акцый, і мы даведаемся рэальную цану адной акцыі. Калі зношанасьць нашых заводаў большая за 70%, пра што гаварыць…

Штогод на сходы зьбіраюцца акцыянэры прадпрыемства і вырашаюць, што рабіць з прыбыткам (калі ён наагул ёсьць). Можна цалкам аддаць на выплату дывідэндаў. Пра гэта марыць большасьць шараговых уласьнікаў акцый у нашай краіне. Але магчыма таксама й выдаткаваць тыя сродкі на вытворчыя патрэбы — набыцьцё новага абсталяваньня. Тады грошай гатоўкаю просты акцыянэр не атрымае зусім, затое ўзрасьце вартасьць ягоных акцый, бо ўзрасьце кошт самога прадпрыемства, а новыя тэхналёгіі дазволяць зарабіць яшчэ большы прыбытак.

Вартасьць акцыі — гэта добра, але ня ў нашай краіне. Дзяржава тут апякуецца ўсімі намі, каб ніхто бронь Божа не падмануў. Таму ў нас нямашака паўнавартаснага рынку каштоўных папераў. Тыя акцыі вельмі цяжка некаму прадаць. Дый прадпрыемствы, што маюць добры прыбытак і пэрспэктывы, чамусьці сваіх акцыяў любому не прадаюць.

А на большасьці астатніх заводаў дзяржава трымае 70—99% акцый, і астатнім трымальнікам на тыя сходы няма чаго хадзіць, бо ўсё ўжо вырашана наверсе.

Руслан Равяка, Баранавічы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0