У вас будзе магчымасць пазнаёміцца з вельмі смелымі жанчынамі, жонкамі былых і цяперашніх беларускіх палітвязняў. Дзякуючы іх сіле, рашучасці і штодзённай барацьбе іх сем’і могуць вытрымаць цяжкі час, калі яны не могуць быць разам.

Спецыяльна на гэтую сустрэчу з Мінска прыедуць Марына Адамовіч і Наста Дашкевіч, жонкі Мікалая Статкевіча і Змітра Дашкевіча, апазіцыянераў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў турме. Яны раскажуць пра сваіх родных ды мужоў, пра ўмовы, у якіх яны ўтрымліваюцца, а таксама пра ціск, якому яны падвяргаюцца, і кампаніі салідарнасці са Статкевічам і Дашкевічам, у якіх удзельнічаюць жанчыны.

Вольга Бандарэнка, жонка Змітра Бандарэнкі, каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», вызваленага з папраўчай калоніі ў красавіку 2012 года, і Дар’я Корсак, жонка Аляксандра Атрошчанкава, прэс-сакратара Андрэя Саннікава, які правёў больш за дзевяць месяцаў у турме, раскажуць пра тое, як змагаліся за сваіх мужоў і як перажылі гэты цяжкі час.

Канферэнцыя з удзелам жонак палітычных зняволеных адбудзецца ў Беларускім доме ў Варшаве (ul. Wiejska 13/3) а 13-й гадзіне. Сустрэчу будзе мадэраваць еўрадэпутат, доктар Марак Мігальскі.

А 17-й запрашаем на Кракаўскае прадмесце ў Варшаве, дзе побач з касцёлам св. Ганны адбудзецца пікет салідарнасці з палітычнымі зняволенымі з удзелам апазіцыянераў, былых палітвязняў і прадстаўнікоў беларускіх арганізацый у Варшаве.

Арганізатары — Офіс еўрадэпутата Марка Мігальскага і Беларускі дом у Варшаве. Патранат — Белсат ТВ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0