Улічваючы асаблівы сяброўскі характар ​​і стратэгічны ўзровень беларуска-венесуэльскіх адносінаў, Аляксандр Лукашэнка вырашыў асабіста прыняць удзел у жалобных цырымоніях у Каракасе ў сувязі са смерцю прэзідэнта Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Уга Чавэса.
Пра гэта паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка.
Традыцыйны ўрачысты прыём з нагоды Дня жанчын ад імя кіраўніка беларускай дзяржавы вырашана перанесці на больш позні тэрмін.

Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне накіравацца ў Каракас, нягледзячы на шэраг міжнародных візітаў і загружанасць свайго працоўнага графіка. Гэта звязана з тым, што ў Уга Чавэса не было больш блізкіх і сяброўскіх адносінаў з ніводным з кіраўнікоў замежных дзяржаў, як з прэзідэнтам Беларусі. «Дзякуючы сяброўствудвух лідараў нашы краіны за адносна кароткі прамежак часу дасягнулі ўражлівых вынікаў у развіцці адносін ва ўсіх сферах», — паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу.

Напярэдадні афіцыйна паведамлялася, што Лукашэнка распарадзіўся накіраваць у Каракас для ўдзелу ў жалобных мерапрыемствах афіцыйную дэлегацыю
ў складзе кіраўніка спраў прэзідэнта, сустаршыні беларуска-венесуэльскай камісіі высокага ўзроўню Віктара Шэймана і першага віцэ-прэм’ера, сустаршыні беларуска-венесуэльскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Уладзіміра Сямашкі.

Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес памёр 5 сакавіка. У сувязі з гэтым ў Беларусі аб’яўлена трохдзённая жалоба.

Пахаванне Чавеса пройдзе 8 сакавіка.

Як паведамляюць замежныя інфармагенцтвы, развітацца з лідарам Венесуэлы асабіста ў Каракасе маюць намер лідары Эквадора, Перу, Аргенціны, Уругвая, Чылі, Балівіі і іншых краін. Ад Расіі ў Каракас адправяцца прэзідэнт кампаніі «Раснафта» Ігар Сечын, кіраўнік «Растэхналогій» Сяргей Чэмезаў і міністр прамысловасці Дзяніс Мантураў, паведаміў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў, дадае БелаПАН.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0