Творчая акцыя «Музыкі супраць разбурэння Гародні», у якой быў запланаваны ўдзел рокавага гурта з Іспаніі Ictus, адмененая з прычыны дарожнай аварыі, у якую ўчора патрапілі музыкі.

Музыкі гішпнскага гурта Ictus патрапілі ў аварыю на трасе ў 130 кіламетрах ад Мінску ў Крупскім раёне на машыне «Пэжо», прыкладна аб 11‑й гадзіне. Не пашанцавала двум музыкам, якія шпіталізаваны з пераломамі. У аднаго з музыкаў зламаныя рэбры, а вось бубначу каманды рабілі аперацыю на пазваночніку 6 гадзін.

Ictus збіраўся выступіць ў Гродне ў межах турнэ па Расіі і Беларусі. У Гродна яны павінны былі прывезці з сабой апаратуру.

З этычных меркаванняў музыкі з беларускіх гуртоў DEVIATION, HATRED і колішні лідэр гурта Кальян Аляксандр Дзянісаў вырашылі адкласці канцэрт у межах акцыі «Музыкі супраць разбурэння Гародні» на іншы тэрмін.

Нагадаем, кампанія «Музыкі супраць разбурэння Гародні» на знак пратэсту супраць знішчэння гродзенскімі ўладамі гістарычнай часткі Гродна распачалася 22 мая канцэртам барда Віктара Шалкевіча. З таго часу свае канцэрты ў горадзе далі Кася Камоцкая, Лявон Вольскі, Аляксандр Памідораў.

Вацлаў Галімскі, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0