Не далей як учора, з нагоды рыбалкі, праязджаў з сябрам вёску Казлоўшчына (Пастаўскі раён). Яшчэ пару гадоў таму мінскія экскурсаводы прасілі мяне па дапамогу і пабыць у іх правадніком па гэтых мясцінах…

Вялізны парк на колішняй сядзібе Друцкіх-Любецкіх. Агромністыя дрэвы у тры абдымы!
Ды ўся вялікая вёска — адзін суцэльны парк, бо паркавыя прысады — і ўздоўж усіх вуліцаў паселішча. Ну каму замінаў гэты парк!
Пры дбайных адносінах яго можна было б паднавіць новымі пасадкамі —
цікавяцца людзі гісторыяй, прыязджаюць з Мінска. А наўкола — шмат азёраў.
Едзем учора, а ўздоўж дарог ляжаць «чурбаны» велічынёй з БелАЗаўскія колы. Суцэльны лесапавал! Пад’язджаем да Мосара. І тут пілуюць!
Раслі ўздоўж дарогі вялікія каржакаватыя сосны. Прыгожыя, разгалінаваныя, з тоўстымі сукамі — такія, якія любяць мастакі на карцінах маляваць. Ляжаць долу папілаваныя на «чурбаны». Праехалі Мосар…
За 20 км. на даляглядзе — ужо бачнае Глыбокае. Стэп! Ні дрэўца!
Неверагодна! Хто б мог яшчэ пяць гадоў таму падумаць, што «чыстыя палі» — стануць рэальнасцю. Не! Яшчэ не ўсё спілавалі. Гайда пілаваць Галубіцкую пушчу! З Глыбокага яшчэ Мінска не бачна!
Ну, я б зразумеў, каб гэта была Берасцейшчына, дзе роўнядзь да далягляду: сей, жні, пускай камбайны… А тут жа — Паазер’е: пагоркі, азёры, балоты, яры, рэчкі, камяні.
Камбайн ці трактар не пусціш жа ад далягляду да далягляду. Дык, не: расла нейкая сасна ўзбоч рэчкі, муліла некаму вочы — спілавалі.
А бацяну дзе гняздо рабіць?
Ага! Зразумела, на тэлеграфных і высокавольтных слупах. У вёсцы Прыперна пад Глыбокім — шэсць бацяновых гнёздаў і ўсе — на тэлеграфных слупах. Ніводнага на дрэве, бо іх проста няма! Бацяну не месца на Беларусі?! А раней жа, нават тост такі глыбоцкі быў: «Хай жыве і пасецца беларуская птушка бацян!»
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?