Пры выкарыстанні чужой карткі работнік гандлю мае права не абслугоўваць пакупніка. Пра гэта нагадаў прэс-сакратар міністра гандлю Дзмітрый Маліноўскі, каментуючы ліст, разасланы міністэрствам ва ўпраўленні гандлю абласных выканкамаў і ў Мінгарвыканкам.

Паводле слоў прэс-сакратара, ліст быў адпраўлены 4 сакавіка «з мэтай абараніць трымальнікаў пластыкавых картак і ўзмацніць эфектыўнасць працы плацежных тэрміналаў».

«Плацежны сродак — а банкаўская картка з’яўляецца плацежным сродкам — толькі ваша. Калі вы перадаяце яе іншаму чалавеку, то вы гэтага чалавека можаце ўвесці ў вельмі непрыемную сітуацыю,
— падкрэсліў Дзмітрый Маліноўскі. — За мяжой, калі вы перадаяце плацежны сродак іншай асобе, то карта можа быць канфіскавана, нават штраф могуць даць, гэта вельмі сур’ёзна».

Як удакладніў прэс-сакратар, ліст носіць рэкамендацыйны характар, «гэта не даручэнне».

«Гэта не значыць, што работнік будзе патрабаваць ад вас ледзь ці не напісання аўтабіяграфіі. Магчыма, могуць запатрабаваць дакумент, які сведчыць асобу. Гаворка ідзе пра выкананне элементарных патрабаванняў і правілаў кіраўніцтва па абслугоўванні трымальнікаў картак, каб чужы чалавек не меў доступу да сродкаў, якія ляжаць на картцы», — падкрэсліў Маліноўскі.

Мінгандаль рэкамендуе персаналу аб’ектаў гандлю забяспечыць выкананне «Кіраўніцтва па абслугоўванні трымальнікаў картак у арганізацыях гандлю і сэрвісу з выкарыстаннем плацежных тэрміналаў»

і абсталяваць працоўныя месцы неабходнымі для падключэння плацежных тэрміналаў камунікацыямі (наяўнасць свабоднай тэлефоннай лініі, разетак, падключэння да інтэрнэту).

«Гаворка ідзе найперш пра тое, каб узмацніць кантроль за выкананнем персаналам арганізацый гандлю і сэрвісу патрабаванняў па абслугоўванні трымальнікаў картак і выкарыстаннем плацежных тэрміналаў. Бо чым больш будзе тэрміналаў, тым лягчэй будзе разлічыцца за тавар, тым большы тавараабарот», — рэзюмаваў Дзмітрый Маліноўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?