Журналістка Анхар Кочнева, выкрадзеная сірыйскімі баевікамі, бегла з палону ў панядзелак. Кочнева знаходзіцца ў Дамаску і ўжо звязалася з украінскім пасольствам.

«Сёння раніцай яна збегла. Мы з ёй пару хвілін размаўлялі па тэлефоне. Яна распавяла, што людзі давезлі яе да Дамаска», — цытуе «Інтэрфакс-Украіна» сваяка журналісткі Дзмітрыя Астафурава.

МЗС Украіны паведамляў раней, што баевікі апазіцыйнай Свабоднай сірыйскай арміі (ССА) выкралі журналістку ў раёне горада Хомс 9 кастрычніка.

Грамадзянка Украіны Анхар Кочнева працавала пазаштатным карэспандэнтам расійскага інфармацыйнага партала Утро.ру і займалася суправаджэннем расійскіх журналістаў, а таксама супрацоўнічала з тэлеканалам Russia Today.

Як распавяла сама Кочнева, яе трымалі ў адным з паўднёвых прыгарадаў Хомса, і яна была палонніцай начальніка ваеннай рады ССА ў гэтым рэгіёне.

Па словах журналісткі, пасля 40 дзён з моманту выкрадання з ёй сталі абыходзіцца горш, «сталі крыўдзіць», і цяпер ёй трэба будзе доўга лячыцца.

Журналістцы ўдалося самастойна выбрацца з дому, дзе яе ўтрымлівалі баевікі, пасля чаго яна схавалася ад пераследчыкаў у гарах і прайшла больш за 15 кіламетраў, пакуль не знайшла людзей, якія дапамаглі ёй дабрацца да тэрыторыі, што кантралюецца войскамі ўрада.

Выкрадзеная журналістка кажа, што сама спланавала і ажыццявіла ўцёкі з палону.

У снежні 2012 года баевікі заявілі ў відэазвароце аб намеры забіць журналістку, якую яны называлі «шпіёнку з Украіны», калі не атрымаюць выкуп у 50 млн даляраў, а таксама пагражалі нападам на пасольства Украіны і Расіі.

Украінская журналістка паслядоўна выступала ў падтрымку афіцыйных сірыйскіх уладаў. Яна называла апазіцыянераў «праплочанымі з-за мяжы бандытамі». Па словах Кочневай, улады Сірыі гатовыя да дыялогу, аднак у ім не зацікаўлены процілеглы бок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?