Паводле статыстыкі Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, на сённяшні момант за мяжой працуюць больш за адзін мільён беларусаў.
34mag пагутарыў з суайчыннікамі, якія пахалі ці пашуць за кардонам, каб даведацца, чаму яны з’язджаюць, чаго шукаюць на другім канцы свету і як вяртаюцца назад.

— Я з цыркавой сям’і, мама з татам пазнаёміліся ў цырку — бацька быў акрабатам, як і я. Для мяне ўсё пачалося гадоў 10 таму, я ўвесь час праводзіў у нашым менскім цырку, там былі грымёркі, і я ў іх практычна жыў. Пачынаў з нуля, увогуле. Трэніраваўся там увесь час. Было весела.

У свой першы двухмесячны трып з цыркам я паехаў у 2006 годзе ў Егіпет. Для мяне як для артыста там здарылася першае цяжкае выпрабаванне — мы трапілі ў начны гарадок, усе выступы пачыналіся апоўначы. Працаваць ноччу вельмі цяжка і нязвыкла, шматлікіх артыстаў такі перапад ламаў, многія хварэлі.

Мае нумары ў цырку — гэта «руская палка» і скакалкі. На будучыню планую зрабіць яшчэ два сямейныя нумары. Плацяць усюды па-рознаму, я не люблю размаўляць пра грошы, але скажу, што за трэніроўку, бывае, плацяць $600, а за выступы ў разы больш.

Я аб’ездзіў шмат краінаў, усе ўжо нават і не памятаю. Асабліва запомнілася Лацінская Амерыка, але там пекла. Быў выпадак у Дамініканскай Рэспубліцы, калі мы з бацькам пайшлі ў банк, каб размяняць грошы.

На выхадзе нас чакала банда на скутэры. Але чувак, які выхопліваў сумку, відаць, не прадугледзеў, што мой бацька выхапіць яе назад і пакажа яму сярэдні палец.
Пакрыўджаныя такім стаўленнем да іх, хлопцы развярнуліся, дасталі ствол і пачалі па нас шмаляць. Мы дабеглі да бліжэйшай крамы, дзе нам дапамог прадавец — ён выбег з ружжом і пачаў шмаляць у адказ. Затое там умовы класныя і зарплата супер. Напрыклад, клоўн атрымлівае $15 000 на тыдзень. Жывеш сабе ў дарагім гатэлі, калі дрэнна сябе адчуваеш, выклікаюць лекара і ўсё за цябе аплочваюць. Мы кожны тыдзень збіраліся на беразе Карыбскага мора — што можа быць лепш?
Пасля ўсяго гэтага ў той жа Расеі рабіць няма чаго, там поўная дупа. Умовы жудасныя, людзі ўсе злыя, вакол стукачы, і ўсе думаюць, як паболей скрасці. Праца ў Расеі — гэта гульня на выжыванне.

Гады 4 назад я сышоў з цырка і некаторы час працаваў слесарам механазборачных работ і займаўся прафесійным кіберспортам — у Counter Strike рубіўся на турнірах. Але працаваць у Беларусі з 7-й раніцы да 22-й вечара за капейкі мне не спадабалася, я сумаваў па цырку, па разнастайнасці, мне надакучыла бачыць у аўтобусе адны і тыя ж твары, прычым практычна ўсе з перагарам. Я вярнуўся і цяпер назаўжды хачу застацца артыстам-акрабатам.

Натуральна, па Беларусі ў часе паездак усё роўна сумуеш. Не хапае сяброў, каханай, дый проста самой радзімы, яе духу і нават паветра. Ды і многія прадукты ў нас лепшыя, чым там. У Амерыцы я сумаваў па грэчцы з вэнджанай каўбаскай. І па хлебе нашым.

Іншыя гісторыі чытайце па гэтай спасылцы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?