Журналістка Ірына Халіп вярнулася ў Беларусь пасля сустрэчы ў Варшаве з мужам, экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Андрэем Саннікавым, які атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі.
Як паведаміла Халіп, у Мінск яна вярнулася 12 сакавіка.

Нагадаем, прызнаная вінаватай ва ўдзеле ў масавых беспарадках пасля выбараў 19 снежня 2010 года і асуджаная на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады Халіп 14 лютага атрымала дазвол выехаць з Беларусі. 6 сакавіка яна вылецела ў Варшаву.

«Паездка прайшла выдатна, — расказала Халіп. — Акрамя мужа, якога я не бачыла амаль восем месяцаў, я змагла сустрэцца і з маімі сябрамі — Наташай Радзінай, Дзмітрыем Бандарэнкам, Дзмітрыем Бародкам. Тую ж Наташу я не бачыла з 22 снежня 2010 года, калі нас развялі па розных камерах СІЗА КДБ. Убачыць усіх было выдатна».

Яна адзначыла, што Саннікаў адчувае сябе добра і фізічна, і псіхалагічна. «Ён ачуняў поўнасцю, стаў такім, якім быў раней, псіхалагічна стаў абсалютна ранейшым», — сказала Халіп.

Адказваючы на пытанне, ці абмяркоўвалі яны з мужам далейшыя планы, Ірына адзначыла: «

Мы абодва разумеем, што ў нашай сітуацыі планаваць штосьці далей, чым на суткі наперад, бессэнсоўны занятак. Таму пакуль мы чакаем заканчэння майго тэрміну, а там будзе бачна».

Паводле яе слоў, Саннікаў «вельмі сумуе па сям’і і па радзіме». «Робіць усё магчымае для таго, каб наблізіць магчымасць вяртання дамоў, каб перамены наступілі як мага раней», — сказала Халіп.

У канцы сакавіка яна плануе паездку ў Маскву. «Новая газета», супрацоўніцай якой я з’яўляюся, 1 красавіка адзначае 20-гадовы юбілей. Гэтую падзею я ніяк прапусціць не магу», — сказала журналістка.

Дазвол Халіп на выезд з Беларусі дзейнічае да 3 красавіка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?