Судом Брэсцкага раёна 12 сакавіка быў вынесены прыгавор 28-гадоваму Віталю Каўшу за арганізацыю незаконнай міграцыі.

Як паведаміў старшы памочнік пракурора Брэсцкага раёна Міхаіл Булыгін, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачанне па справе, судом устаноўлена, што Коўш паводле папярэдняй змовы з іншай асобай, крымінальная справа ў дачыненні да якой вылучана ў асобную вытворчасць, з мэтай незаконнай міграцыі замежных грамадзян на тэрыторыю Польшчы спланавалі і арганізавалі незаконны ўезд у Беларусь з Расіі васьмі грамадзян Індыі. Іншаземцы прыбылі на тэрыторыю Беларусі 6–7 мая 2012 года. Пасля гэтага грамадзяне Індыі былі перавезены ў вёску Цюхінічы Брэсцкага раёна, дзе было арганізавана іх укрывальніцтва ў доме па месцы жыхарства Каўша.

Паміж сёмай гадзінай 14 мая і першай ночы 15 мая грамадзяне Індыі былі дастаўлены ў лясны масіў блізу заставы «Церабунь», дзе Коўш з іншай асобай забяспечылі нелегалаў рэчавымі мяшкамі і неабходнымі прыстасаваннямі для незаконнага перасячэння мяжы.

За ствалы дрэў быў замацаваны металічны трос, пасля чаго з выкарыстаннем мантажных паясоў было ажыццёўлена перамяшчэнне грамадзян Індыі над сігналізацыйным комплексам для далейшага накіравання ў Польшчу. Цераз беларуска-польскую мяжу такім чынам было перапраўлена сем індыйцаў, аднаго парушальніка затрымаў пагранічны нарад. Затым былі затрыманы астатнія грамадзяне Індыі.
Суд Брэсцкага раёна прызнаў Каўша вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 371–1 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя незаконнай міграцыі),
і прыгаварыў да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

«У судовым пасяджэнні Коўш сваёй віны не прызнаў і заявіў, што не ўчыняў гэтага злачынства. Яго віна была пацверджана сукупнасцю сабраных па справе доказаў. На падставе іх быў вынесены прысуд», — адзначыў Булыгін.

Прыгавор не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.

Як раней паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, грамадскі актывіст Віталь Коўш удзельнічаў у шэрагу палітычных кампаній у Брэсце. 16 кастрычніка 2006 года яго затрымлівалі ў абласным цэнтры як удзельніка акцыі салідарнасці з палітзняволенымі. У снежні 2010 года ён быў назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?