Вітаю. Пачакай, не сыходзь. Я ведаю, што ў цябе заўжды бракавала часу на такія рэчы, як кава. Але… сто пяцьдзясят гадоў мінула, разумееш… У нас усе шумяць, каламуцяць. Гавораць пра цябе. Што кажуць? Рознае. Хтосьці палівае брудам, хтосьці, наадварот, узносіць да нябёсаў. Дарэчы, як ты там? І… дзе ты там? Канспіратыўная тайна? Ну, як знаеш. Але нам гэта важна. Каму нам? Ох, дружа, тады табе давядзецца застацца тут яшчэ мінімум на дзве філіжанкі. Што за слова? Ну, кубачкі… Так, пальшчызну з мовы — прэч! Згодны! Слухай, але твая мова ў «Мужыцкай праўдзе» — гэта шык. Малайчына. Стылізаваў ці напраўду так размаўляў? Ну, ясна, што з палякамі — па-польску… Мы ж цяпер таксама далёка не паўсюль па-наску гаворым. Слухай, а праўда, што ты даваў загад не толькі маскалёў забіваць, але і іх дзяцей? І пагражаў расправай тым сваім знаёмым, якія адмаўляліся браць удзел у паўстанні? Гэта ж не-дэ-ма-кра-тычна! Іначай не мог? Перагнуў? Так, разумею… Але як бы там ні было, цябе ў нас не забылі. Дагэтуль разбіраюць па костках. У адных ты «демон революции», у іншых — нацыянальны герой… Для мяне? Хутчэй другое, хаця ёсць пытанні і па першым. Ну вось, напрыклад, ты ведаеш, да чаго прывялі старанні вашых чырвоных? Та-ак, мужыкам зямлю аддалі! Яшчэ як! Усім пароўну! А хто не згодны — кулю ў лоб і ў яміну. І вы з Урублеўскім так збіраліся? Слухай, дык якая ж тут дэмакратыя, свабода? Кажаш, не ўсё разумеў?.. Дарэчы, не шкадаваў потым пра свае апошнія словы, там, на Лукішках, «у нас усе роўныя»? Верыў у тое, што казаў… Так. Зрэшты, за адно гэта ты ўжо заслужыў добрую памяць… Як у нас з Масквой? Слухай, ну вось тут ты напрарочыў. Я пра тваё «…тагды зажывеш шчасліва, мой Народзе, калі над табою Маскаля ўжо не будзе». Так, дагэтуль без іх не можам, як бедны зяць без цешчы, хоць і былі магчымасці выбрацца з прымакоў. Але каб не ты, дык і таго б не мелі, што маем. Ты ўвогуле адчайны. У нас цяпер такіх зусім няма. Ну, хіба адзін-двое і тыя ў вязніцах. Кажаш, пра сябе не думаў? Чыста звярыны інстынкт жыць на волі? Так, дарэчы, хтось з нашых цэлы раман пра гэта накрэмзаў — «Літоўскі воўк». Напісана няблага, але, думаецца мне, у вас тады паболей жаху было, чым у той ксёнжачцы напісана. Пытаешся, што за людзі ў вязніцах? Дарэчы, яны з тых, хто хоча, каб галоўная плошча сталіцы насіла тваё імя. І… ты будзеш здзіўлены, але многія з тых, хто так хоча, адначасова вышуквае шляхецкія карані ў сваім радаводзе, усяляк даказвае, што беларусы таксама былі шляхцюкамі колісь. Кажаш, што многае перадумаў за гэты час? І што надумаў? Што гэта ўсё не мае такога значэння? У якім-якім вымярэнні? Слухай, але ты разумееш, для колькіх людзей, якія яшчэ тут — яно мае значэнне і прычым з тваёй падачы? Ну так, лепей шчыра памыліцца, чым… Слухай, там, на Лукішках, стаіць памятны крыж, ну, памятаеш, дзе цябе… таго… Я, калі маю магчымасць, кладу кветкі, белыя і чырвоныя, хоць і з зялёнымі сцяблінамі. Чаму бянтэжыць, што зялёныя? Таму што… ды няважна, тым больш няважна ў тваім, як ты кажаш, вымярэнні. А кветкі кладу не толькі я. Ты не ўяўляеш, колькі цяпер такіх, якія кладуць кветкі, запальваюць знічкі табе і тваім сябрам на магілах, размаўляюць мовай, якой ты пачаў размаўляць у сваёй газеце. Ты не ўяўляеш. Думаў, што Мураўёў зробіць зачыстку як мае быць? Так, ён зрабіў. Але эфект выйшаў адваротны, так бывае. Праз 50 гадоў — як выбухнула: паз’яўляліся газеты — ужо легальныя, партыі, свае выдавецтвы, свой тэатр, літаратура (дарэчы, ты — адзін з устойліва папулярных персанажаў у творах аж да нашага часу). Але потым шахнулі рэвалюцыі адна за адной па ўсёй Расіі. І тыя, хто іх рабіў, шанавалі тваё імя. Але потым яны пачалі забіваць тых, хто шанаваў тваё імя не за тваю рэвалюцыйнасць, а з іншых матываў… Адным словам, добра, што ты не жыў у той час. Ты б не змог. Цябе б — адразу. Кажаш, страх — справа сабачая? Вось я і кажу, што такія першымі ішлі. Куды? У Курапаты. Тут, зрэшты, недалёка, магу правесці экскурсію. А, ужо час? Ну, дзякую за каву. Скажы на развітанне, што ты ўвогуле думаеш пра нас, сучасных, пра краіну, пра будучыню… Усё — у «Мужыцкай праўдзе»? Дык што, нічога і не змянілася? Што значыць «думай сваёй галавой»?! Эй, стой! Пане. цьху ты, Кастусю!.. Яшчэ адну філі. кубачак, калі ласка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?