З 3 па 5 жнiўня Рух «За Свабоду» разам з моладзевай арганiзацыяй «Дзедзiч» правялi традыцыйны моладзевы летнiк каля мястэчка Воўчын, што ў Камянецкiм раёне Берасцейскай вобласцi. У летнiку прынялi ўдзел маладыя актывiсты дэмакратычнага руху i проста iнiцыятыўныя i вясёлыя людзi з Берасця, Баранавiчаў, Камянца.

Адразу адначым, што гэтым разам нiякiх праблем з праваахоўнымi органамi ўдзельнiкi летнiка не мелi: агучаны загадзя маршрут вандроўкi i месца летнiка былi змененыя арганiзатарамi за 20 хвiлiн да выезда.

Хай людзі ўбачаць вашымі вачыма
Дасылайце на [email protected] вашы фатаздымкі. Зьмяшчайце народныя навіны. Паведамляйце пра пільныя здарэньні на тэлефоны
(029) 707-73-29,
(029) 613-32-32,
(017) 284-73-29
Хай людзі вас пачуюць!

Падчас летнiка адбывалiся спаборнiцтвы па валейболу i дартсу, у якiх бяспрэчным пераможцам стаў Змiцер Палойка, актывiст Руху «За Свабоду» з Баранавiчаў. Вечары па‑над возерам былi насычаныя забаўляльна‑конкурснай праграмай з прыемнымi падарункамi, дэбатамi на хвалюючыя тэмы як нашай краiны, так i свету ў цэлым. Найбольш гарачыя дыскусii i спрэчкi выклiкала пытанне «Цi ўплывае вера i рэлiгiя на сучаснае эканамiчнае развiццё дзяржавы», а начны канцэрт маладога барда Аляксандра Дземянчука з Камянца зноў аб’яднаў усiх ў агульнае кола сяброў.

4 жнiўня ўдзельнiкi летнiка наведалi мястэчка Воўчын, вядомае закiнутымi руiнамi касцёла 17 стагоддзя, а таксама як месца пахавання апошняга караля Рэчы Паспалiтай Станiслава Аўгуста Панятоўскага. На цяперашнi час непадалёк ад гэтай царквы праводзяцца раскопкi, i не так даўно быў выяўлены падмурак гаспадарчых збудаванняў палацава‑паркавага комплекса 17 стагоддзя.

Галоўнай падзеяй летнiка стала шоў‑праграма «Сапраўдны Беларус», падрыхтаваная сябрам «Дзедзiча» Паўлам Белавусам. Яна складалася з 8 рознапланавых конкурсаў на спрытнасць, лiдэрскiя якасцi, творчы талент, красамоўе, вакальныя здольнасцi, веданне народнага беларускага фальклору i адметных асаблiвасцяў гарадоў i мястэчак Беларусi. Пасля кожнага з конкурсаў адзiн з ўдзельнiкаў праекта пакiдаў яго i да фiналу дайшлi Яўген Сашко i Вiктар Клiмус. У апошнiм i галоўным конкурсе фiналiстам за 30 хвiлiн патрэбна было напiсаць вершык пра летнiк у якiм яны разам удзельнiчалi. У вершыку трэба было ўжыць прапанаваныя гледачамi словы, якiя асацыююцца з летнiкам: рамантыка, намёт, тушонка, Лукашэнка, вожык i бард .

І вось што атрымалася:

Сашко Яўген:

Тут рамантыка паўсюль:

Лес, намёты, Вiка вунь,

Шышкi, вожыкi, тушонка,

Тут ты знойдзеш сабе жонку.

Тут спявае бард Алесь —

Так, што замiрае лес,

А таварыш Лукашэнка

Ўвесь нервуецца страшэнна.

Ведай, дзядзька, колькi б жыў —

Ты бы так не адпачыў.

Клiмус Вiктар:

Рамантыка жыцця, змагання,

Кола намётаў у хвайнiку.

Сустрэнеш новае свiтанне

Тулiўшы да рукi руку.

Не гора брыдкая тушонка

І Лукашэнка не замiн,

У душы застанецца старонка,

Той незабыўны ўспамiн

Пра вожыкаў у начы вар’яцкiх,

Пра нашу веру, iмпэт i гарт…

Каб болей здольнасцяў мастацкiх —

Запеў бы, ды на жаль не бард.

У вынiку народнага галасавання пераможцам стаў сапраўдны беларус — Вiктар Клiмус. Галоўным падарункам пераможцу стаў спецыяльна падрыхтаваны адным з арганiзатараў летнiка, актывiстам Руху «За Свабоду» Дзянiсам Турчаняком копiю плана Берасця 17 стагоддзя, якi выдадзены накладам усяго 100 экзэмпляраў i мае вялiкую гiстарычную каштоўнасць.

Летнiк скончыўся, пакiнуўшы шмат прыемных уражанняў i цiкавых фотаздымкаў у фотаапаратах, а вялiкае вогнiшча яшчэ доўга будзе грэць душы ўдзельнiкаў прыемнымi ўспамiнамi.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?