Я б хацеў акрэсьліць каротка- і доўгатэрміновыя мэты бакоў. Крэмль кіраваўся як першымі, гэтак і другімі. Кароткатэрміновыя дасягнутыя ці набліжаюцца да дасягненьня — чарговы транш аплаты за пастаўкі расейскага газу ў Беларусь выбіты. Але ў энэргетычнай сфэры безумоўна мэта Крамля — ня проста рэгулярная выплата грошай за пастаўкі газу ў Беларусь, а дасягненьне стратэгічнага кантролю над энэргетычнай сыстэмай, найперш над "Белтрансгазам".

А што вы думаеце пра гэта?
Зьмясьціце свой камэнтар
да гэтага артыкулу.
Не маўчыце!

Бакі так нэрвова паводзілі сябе, ужывалі рыторыку зь перахлёстам, асабліва гэта тычыцца прэзыдэнта Лукашэнкі, бо як і ў Менску, гэтак і ў Масквы ёсьць сур'ёзныя сумневы, што перадача "Белтрансгазу" пад стратэгічны кантроль Расеі сапраўды адбудзецца ў 2011 годзе. Так што з пункту гледжаньня доўгатэрміновых трэндаў інтрыга застаецца, драматургія застаецца. Абодва бакі, найперш беларускі бок, робяць усё, каб захаваць шляхі для адыходу і вяртаньня да status quo, якое існавала да канца 2006 году.

Лукашэнка ўпершыню публічна прызнаўся, што за гэтым эпізодам з пастаўкамі газу крыецца шырэйшая расейская стратэгія ўсталяваньня кантролю над беларускай эканомікай. Менавіта пра гэта ён заявіў падчас наведваньня рэдакцыі "Советской Белоруссии".

Гэтую заяву можна інтэрпрэтаваць такім чынам, што "Белтрансгаз" зьяўляецца своеасаблівай Брэсцкай крэпасьцю – калі яе здаць, то за гэтым пачнецца неабарачальная здача ўсіх стратэгічна важных аб'ектаў беларускай эканомікі. І ў доўгатэрміновай пэрспэктыве захоўваецца няпэўнасьць.

Расейцы перабольшваюць няздольнасьць лукашэнкаўскага рэжыму камунікаваць з міжнароднай супольнасьцю. Яны зыходзяць з таго, што беларускі рэжым прысуджаны быць павернутым толькі на Ўсход.

Расея пачала радыкальна пераглядаць сваю энэргетычную палітыку пасьля краху рэжыму Кучмы. Да 2004 году Расея досыць безаглядна спансаравала карумпаваныя аўтарытарныя рэжымы заходняй часткі былой савецкай прасторы, спадзеючыся такім чынам захаваць над імі кантроль. Я мяркую, што Лукашэнка разумее, што Крэмль перагледзеў сваю пазыцыю ў тым ліку і пад уплывам эўрапейскай падтрымкі ўкраінскіх дэмакратычных сілаў.

Ня думаю, што ён гэта даруе такім эўрапейскім гульцам, як Літва і Польшча. І нягледзячы на ягоныя заявы, што беларускае малако будзе пастаўляцца на эўрапейскія рынкі, нібы то там малака мала і цэны на яго вялікія, геапалітычнымі партнэрамі ён уважае Вэнэсуэлу і Кітай.

Вэнэсуэла ў гэтым сэнсе вельмі карысны прыклад, бо рэжым Уга Чавэса спансаруе Куба прыкладна ў тых жа памерах, як гэта рабіў СССР да 1991 году. Паводле падлікаў амэрыканскіх экспэртаў, Вэнэсуэла штогод датуе кубінскую эканоміку сумай ад мільярда да двух мільярдаў даляраў. Я думаю, што акурат гэта Лукашэнка мае ў галаве, калі кажа пра разварот у бок гэтай лацінаамэрыканскай краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?