Ад метро «Няміга» да Палаца спорту па невялікай сцежцы ў снезе рухаецца калона людзей — з ракі дзме моцны вецер.

«Можа ну яго, гэтага Ламберта? Хадзем дамоў!» — некалькі разоў гучыць у натоўпе. Аднак ніхто не разварочваецца.

Адам Ламберт, фіналіст і зорка шоў American Idol, а таксама в.а. Фрэдзі Мэрк’юры ў гурце Queen, даў у Мінску першы канцэрт. У холе Палаца спорту збіраецца публіка Ламберта —гэта ў асноўным дзяўчыны старэйшага школьнага ўзросту, як і ва ўсім свеце. Аднак ёсць і тыя, хто прыйшоў паглядзець на «таго самага» вакаліста Queen.

«Кажуць, на кожным канцэрце Ламберт цалуецца са сваім бубначом» — перамаўляюцца журналісты. — «Цікава, ці будзе ў нас?»

Танцпол з аднаго боку забіты, на сектарах шмат вольных месцаў — відаць цыклон «Хаўер», самы пік якога прыйшоўся роўна на шоў Ламберта, усё ж такі людзей спыніў. Тым не менш, канцэрт пачынаецца амаль без затрымкі.

Гурт Ламберта знешне — гэта асобная гісторыя. Дзяўчына-басістка з футурыстычнай фрызурай, не менш футурыстычны гітарыст, клавішнік, барабаншчык, дзве велізарныя жанчыны на бэк-вакале (а гэта, дарэчы, традыцыя ў амерыканскай поп-музыцы) і падтанцоўка.
Тым не менш, асаблівага шоў яны не робяць — там хапае Ламберта, які рухаецца па сцэне як на спружынах, і ад якога публіка ў захапленні з першага такта першай песні.

Што тычыцца музыкі, то тыя, хто ішлі на канцэ’рт паслухаць Queen — памыліліся, Ламберт вярнуўся да сваіх каранёў, ён спявае радыёфарматны поп, акурат разлічаны на старэйшы школьны ўзрост. Таму не дзіўна, што ўласныя песні Ламберта публіка ўспрымае на «ура», а на каверах гуртоў кшталту Tears for Fears, Queen (адзін такі быў) маўчыць, бо раней іх ніколі не чула.

Гэта той самы выпадак, калі ў Беларусь прывезлі актуальную заходнюю поп-музыку — для моладзі Беларусь поп-музыкі амаль не прадукуе, калі не лічыць Макса Каржа (вось ён сабраў Палац цалкам, як ні дзіўна) і гуртоў кшталту Akute, але апошнія гэта хутчэй «індзі» гурт і працуюць яны ў іншым фармаце.

Адам Ламберт працуе прафесійна — ягоны сэт-ліст, які амаль не змяняецца цягам тура, пабудаваны па прынцыпе — гучны старт, лірыка, трошкі рэгей і ў канцы пару баявых песняў, якія на біс выб’юць з залы апошнюю энергію.

На танцполе стаіць дзядуля гадоў сямідзесяці, які вельмі вылучаецца на фоне моладзі з выразанымі з паперы сардэчкамі.
У паўзе паміж песнямі ён тлумачыць карэсспандэнту «НН»: «Я прыехаў з Магілёва, не з самога Магілёва, там яшчэ трэба электрычкай паўгадзіны. Прачытаў у “Народнай Волі” пра канцэрт, прыехаў. Я і на Nickelback ездзіў — люблю на моладзь глядзець, слухаць іх музыку. Мне такая музыка не вельмі».

Пасля канцэрта ён плануе адразу адправіцца на вакзал — адтуль дахаты.

Пад Палацам, дзе працягваў буяніць «Хаўер» стаіць наскрозь прамёрзлы хлопец — «Свежыя фотаздымкі Адама Ламберта! Нядорага!» — спрабуе ён канкураваць з афіцыйнымі гандлярамі майкамі і фатаздымкамі.

Аднак для фанатаў Ламберта зараз нашмат актуальней іншае — як дабрацца да метро.

А Ламберту на чарговы канцэрт у Маскве давялося дабірацца цягніком у купэйным вагоне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?