Федэрацыя футбола Грэцыі пажыццёва адхіліла паўабаронцу АЕКа Гіоргаса Кацідзіса ад выступаў за нацыянальныя каманды. 20-гадовага гульца пакаралі за нацысцкі хайль, які ён выбраў у якасці спосабу святкавання забітага гола.
«Учынак гульца, які павітаў заўзятараў нацысцкім салютам, гэта сур’ёзная правакацыя, якая абражае ўсіх ахвяраў нацысцкага рэжыму і наносіць шкоду глыбока мірнай і гуманістычнай сутнасці футбола», — гаворыцца ў паведамленні федэрацыі.
Кацідзіс падвергся крытыцы з боку палітычных партый і футбольных заўзятараў. Кіраўніцтва клуба АЕК папрасіла, каб Кацідзіс выбачыўся за свой учынак.
Гулец прынёс свае афіцыйныя прабачэнні, але пры гэтым растлумачыў свой учынак зусім ужо недарэчна, заявіўшы, што не ведае, што гэты жэст азначае.
«Гэта нейкае непаразуменне, — сказаў Кацідзіс. — Я паняцця не меў, што ён азначае, інакш не стаў бы так рабіць».
Будучыня гульца ў клубе будзе вырашана на пасяджэнні рады дырэктараў на наступным тыдні.