Шмат хто з адміністратараў беларускіх пратэставых суполак Укантакце з’ехалі ў Польшчу. Некаторыя паведамлялі пра спробы вербавання з боку КДБ, іншыя ўцяклі праз ціск спецслужбаў. Магчыма, спецслужбы стаяць і за новымі канфліктамі. Яны разгарэліся з надуманых прычынаў, сітуацыя нагадвае дрэнны шпіёнскі дэтэктыў.

Ад’езд інтэрнэт-актывістаў з Беларусі пачаўся летась у жніўні пасля затрымання чатырох мадэратараў. Павел Еўціхееў і Андрэй Ткачоў атрымалі па 5 і 7 содняў арышту, Алег Шамрук праседзеў у КДБ да вечара, а Рамана Пратасевіча адпусцілі раней, бо яму на той момант не споўнілася 18 гадоў.

Мадэратар суполак «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» і «Толькі ШОС!» Сяргей Бяспалаў з’ехаў у Польшчу раней. У снежні Павел Еўціхееў, які быў адным з адміністратараў у тых жа групах папрасіў палітычнага прытулку ў заходняй суседцы. Хлопцы пасяліліся разам, але ў пятніцу 15 сакавіка Бяспалаў паведаміў на сваёй старонцы пра тое, што Еўціхееў скраў у яго сім-карту да тэлефону, грошы і, завалодаўшы паролямі да суполак, з’ехаў з кватэры.

Пацярпелы адразу ж паведаміў пра крадзеж у паліцыю і ў той жа дзень здолеў аднавіць картку.

У сваю чаргу, Еўціхееў мае прэтэнзіі да Бяспалава: «Бяспалаў ужо больш за 2 тыдні таму скраў у мяне суполку „Ляпіс Трубяцкі — бескаштоўны канцэрт у Менску“, якая згодна з усімі дамовамі належала мне».

У самых суполках, дарэчы, ніякіх зменаў не заўважаецца. Адно што пад узаемнымі абвінавачаннямі вядуцца палкія і бессэнсоўныя спрэчкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?