Сёньня спаўняецца 500 дзён, як былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Казулін знаходзіцца ў турме. Дачка палітвязьня Юлія заявіла пра ціск на бацьку з боку адміністрацыі калёніі і кепскі стан ягонага здароўя.
Карэспандэнт: «Якія вы атрымалі апошнія навіны ад бацькі?»
Юлія Казуліна: «Ведаеце, мы зусім нядаўна былі на спатканьні ў татачкі. І знаем, што ідзе вельмі вялікі прэсінг, яго пазбаўляюць усялякай інфармацыі. У яго забіраюць інтэрнэт‑навіны, што мы дасылаем, не прыходзяць дзьве з шасьці выпісаных яму намі газэт. Таксама аказалася, што нават ад сям’і да яго даходзяць ня ўсе лісты, у якіх мы пішам, як маемся, як здароўе. У гэтых лістох усялякая жыцьцёвая драбяза.
Па‑другое, там вялікая праблема ў тым, што адміністрацыя вельмі запалохвае асуджаных, каб яны з татам не кантактавалі. І тата кажа, што ёсьць нават такая праблема, што няма з кім пагуляць у тэніс, бо людзі проста баяцца».
Карэспандэнт: «Што вядома пра яго здароўе?»
Казуліна: «Здароўе дагэтуль у кепскім стане, ён гаворыць, што стома, пастаянная санлівасьць, вельмі моцна дагэтуль баляць сьпіна і нага».
Карэспандэнт: «Калі ён апошні раз вам дасылаў ліст?»
Казуліна: «Апошні раз, відаць, тыдні два таму. Гэта быў якраз першы ліст пасьля нашага працяглага спатканьня. І ён пісаў, што цяжка пераходзіць бар’ер ад нармальнага жыцьця да таго. Гэты бар’ер нябачны, але цяжкі».