Сёньня ўвечары пасьля адбыцьця 15 сутак адміністрацыйнага арышту выйшлі на волю Павал Севярынец, Аляксей Шэін і Аляксандар Чарнышоў.

Нагадаем, што Севярынец і Шэін былі затрыманыя 23 ліпеня недалёка ад станцыі мэтро «Пушкінская». У палітыкаў знайшлі некалькі дзясяткаў улётак прысьвечаных 17‑й гадавіне прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Суд прыгаварыў Севярынца і Шэіна да 15 сутак арышту. Хлопцам інкрымінавалі арт. 23.24 новага Адміністрацыйнага кодэксу: заклікі да правядзеньня несанкцыянаванай акцыі. Аляксандар Чарнышоў быў таксама затрыманы 23 ліпеня і атрымаў 15 сутак.

Сустрэць маладых людзей на Акрэсьціна прыйшло каля сарака чалавек. 15 дзён таму хлопцаў затрымалі а 20.30, але людзі нашыя вучаныя, таму сабраліся пад мурамі спэцпрыёмніка‑разьмеркавальніка загадзя.

Зь вядомых людзей прыйшлі Аляксей Янукевіч, Аляксей Міхалевіч, актывіст Руху «За Свабоду» Аляксей Кавалец, палітоляг Алесь Лагвінец. Было багата журналістаў, маладафронтаўцаў.

Севярынцу адразу ўручылі кнігу «Лісты зь лесу», што выйшла ўчора ў сэрыі «Кнігарня «Наша Ніва». Ён адразу стаў раздаваць прысутным аўтографы. Па словах Паўла, выхад кнігі для яго стаў сюрпрызам.

Між іншым, на сутках Павал, Аляксей і Аляксандар сядзелі ў розных камэрах. Сёньня таксама выйшаў на волю моладзевы актывіст Сяргей Клюеў, які атруціўся на Акрэсьціна турэмнай ежай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?