Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся 19 сакавіка ў Джакарце з прэзідэнтам Інданэзіі Сусілам Бамбанга Юдаёнам, запрасіў яго наведаць у найбліжэйшым часе Беларусь з візітам у адказ. Кіраўнік інданэзійскай дзяржавы запрашэнне прыняў.

«Сёлета Беларусь і Інданэзія адзначаюць дваццацігоддзе ўстанаўлення дыпламатычных адносінаў. Мой візіт і, я спадзяюся, хуткі візіт у адказ майго калегі адкрыюць новую старонку нашай сумеснай гісторыі».

У сваю чаргу Сусіла Бамбанга Юдаёна назваў візіт Аляксандра Лукашэнкі гістарычным, паколькі дзякуючы яму краіны змогуць значна паглыбіць двухбаковыя адносіны.

Паводле слоў Лукашэнкі, у супрацоўніцтве з Інданэзіяй Беларусь бачыць перспектывы для нарошчвання прысутнасці ў краінах АСЕАН (рэгіянальная міжурадавая Асацыяцыя краін Паўднёва-Усходняй Азіі, створаная ў 1967 годзе для палітычнага, эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва).

«Паглыбленне адносінаў з дзяржавамі Паўднёва-Усходняй Азіі — адзін з прыярытэтаў знешняй палітыкі Беларусі, — падкрэсліў Лукашэнка.
— Пры гэтым Інданэзія з’яўляецца ключавой краінай для прасоўвання нашых інтарэсаў у гэтым вялікім рэгіёне. Упэўнены, што Беларусь для Інданэзіі таксама зможа стаць нечым накшталт моста ў сумежныя дзяржавы. Наша цікавасць — у АСЕАН, ваша — у Еўропе і Мытным саюзе праз Беларусь».

Паводле слоў Лукашэнкі, ужо ёсць планы па стварэнні сумесных прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на тэрыторыі Інданэзіі, якія будуць пастаўляць прадукцыю не толькі на інданэзійскі рынак, але і ў іншыя краіны рэгіёну.

Прэзідэнты абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ў прамысловай, сельскагаспадарчай, навуковай, адукацыйнай, культурнай, абароннай і інвестыцыйнай сферах,
разгледзелі меры па барацьбе з надзвычайнымі сітуацыямі і тэматыку ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне.

Чакаецца, што ў хуткім часе ў Беларусь прыбудуць прадстаўнікі інданэзійскага бізнесу, якія вызначаць дадатковыя кірункі супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.

Першы афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Інданэзію пачаўся 17 сакавіка. 20–22 сакавіка адбудзецца дзяржаўны візіт Лукашэнкі ў Рэспубліку Сінгапур.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?