Беларусь гатова разглядаць любыя прапановы па продажы Сінгапуру пакетаў акцый найбуйнейшых кампаній, заявіў беларускі кіраўнік, сустракаючыся сёння з прэм’ер-міністрам гэтай краіны Лі Сянь Лунам.

«Цяпер мы гатовыя разглядаць любыя прапановы па набыцці пакетаў акцый нашых найбуйнейшых кампаній. Адзіная ўмова — празрыстасць, эканамічная абгрунтаванасць і ўзаемная выгада».

Лукашэнка лічыць перспектыўным узаемадзеянне з Сінгапурам у сферы прыцягнення прамых інвестыцый і ўдзелу сінгапурскіх кампаній у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў.

«Многія з нашых найбуйнейшых кампаній гатовыя плённа і на ўзаемавыгаднай аснове супрацоўнічаць з вашымі інвестарамі.
У свой час мы выдаткавалі велізарныя сродкі на іх мадэрнізацыю. Нам удалося ператварыць спадчыну СССР у высокаэфектыўныя сучасныя вытворчасці», — заявіў ён.

Па словах Лукашэнкі, ён разлічвае на тое, што інвестыцыйныя прапановы, якія прагучаць на цяперашнім Беларуска-сінгапурскімбізнэс-форуме, зацікавяць мясцовыя дзелавыя колы.

Аляксандр Лукашэнка згадаў і Адзіную эканамічную прастору, створаную з удзелам Расіі, Беларусі і Казахстана. АЭП, па яго ацэнцы, валодае «велізарнымі магчымасцямі для развіцця».

Лукашэнка звярнуў увагу на Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк пад Мінскам «з беспрэцэдэнтнымі льготамі» для інвестараў. Мадэллю для гэтага праекту стаў Кітайска-сінгапурскі індустрыяльны парк у горадзе Сучжоў, дадаў кіраўнік дзяржавы.

У Сінгапуры Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца 20–22 сакавіка з дзяржаўным візітам. 17–19 сакавіка беларускі кіраўнік наведаў з афіцыйным візітам Інданэзію.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?