Калісьці ў Браціславе. Маё жыццё з Оскарам Л. / Жо Лангерава. Пераклад са славацкай Паўла Раагі. — Мінск: Зміцер Колас, 2012. — 270 с.

За апошні год выйшла шмат перакладной мастацкай літаратуры па-беларуску. Не сказаць, каб і да гэтага мала перакладалася і друкавалася. Але апошні год аказаўся выбуховым. «Іншала, Мадона, Іншала» Міленкі Ергавіча, «Розум» Рудольфа Слобады, «Я абслугоўваў ангельскага караля» Багуміла Грабала, «Анархія in the UKR» Сяргея Жадана. І дзясяткі (!) іншых.

З калегам падыскутавалі нават, што варта выдаваць з перакладаў. Ён даводзіў, што пакуль няма перакладной класікі, не варта брацца за сучаснікаў. Я лічу любое такое пачынанне патрэбным. Па-першае,

класіку, хто хацеў, даўно прачытаў ў расійскіх перакладах (хаця нямала і па-беларуску выдавалася), а маладыя, калі захочуць мець на роднай мове, самі і перакладуць

(прыклад сёлетняга лаўрэата прэміі «Дэбют» Ганны Янкута). Па-другое, сучасныя аўтары (маю на ўвазе другую палову ХХ стагоддзя) дазваляюць жыць днём сённяшнім, а не толькі дыхаць мінуўшчынай.

Вось і нядаўна выйшаў цэлы спіс перакладных кніжак. Сярод іх і Жо Лангерава «Калісьці ў Браціславе».

Кніжка, калі шчыра, не прываблівае выглядам — вокладка не прыцягвае ўвагі (паглядзеў на аздабленне славацкіх выданняў рамана — тое самае). Засяродзіцца на кніжцы прымусіла толькі назва славацкай сталіцы ў загалоўку. Не з’яўляючыся славістам, ўсё-ткі аддаю перавагу славянскім аўтарам у выбары перакладной літаратуры.

Хаця назваць аўтарку славянкай ні па нараджэнні, ні па духу не выпадае — габрэйка, што нарадзілася ў Венгрыі, жыла ў Славакіі, ЗША, зноў Славакіі і выехала ў Швецыю — такі вечны вандроўнік у пошуках зямлі абяцанай.

Але не пашкадаваў. Гэта споведзь жонкі славацкага камуніста, якога на дзесяцігоддзе «закрылі» ў турме па сфабрыкаваным авбінавачванні. Але ў кнізе не столькі трагізму, як у «Споведзі» Ларысы Геніюш. І гэтая кніга не столькі пра таталітарызм, як пра моц асобы. Як бы цяжка ні было, не трэба здавацца. У чарговы раз сваім жыццём гэтую тэорыю пацвярджае аўтарка.

Шчырага камуніста Оскара арыштавалі ў 1951-м. Жо засталася адна з дзвюма дочкамі. З працы яе звольнілі, выслалі за межы Браціславы — на вёску. Сябры адвярнуліся. І жыві як хочаш. Жо выкараскалася.

Але чаму гэта павінна зачапіць беларускага чытача? «Калісьці ў Браціславе» — магчымасць паглядзець як было ў іхняй, заходняй «саўдэпіі».

Я, напрыклад, ніколі мэтанакіравана не цікавіўся гісторыяй гэтай краіны. Але з тых абрыўкаў, што сустракаліся ў нейкіх тэкстах, кнігах, склалася ўражанне, што ў Чэхаславакіі было лепш і ў плане дабрабыту, і ў плане свабоды, чым у Савецкім Саюзе. Аказалася не ўсё так проста.

Суседзі даносілі на суседзяў, крывадушнасць начальства на працы, арышты, высылкі, знешняя паказуха...

Хоць гэта і раман мастацкі, але аўтабіяграфічны. А насамрэч проста ўспаміны, цікава напісаныя.

«Яны [замежнікі] прыязджалі з Італіі, Францыі, Індыі... І заўсёды было адно і тое ж.

Мы наведвалі ўзорныя яслі, дзе амаль на кожнае дзіця прыходзілася па няньцы, пры гэтым я мусіла перакладаць, што гэта наш стандарт. Нас вадзілі па ўзорным сельскагаспадарчым кааператыве, дзе ўсё было ў парадку, нават куры квакталі Маркса на памяць, і дзе па неверагоднай выпадковасці мы кожны раз спыняліся каля адной і той жа ўсмешлівай, ружовашчокай і гаваркой даяркі».

І абеды былі ў адным і тым жа рэстаране, з аднолькавым меню. Але «госці з Ірака ветліва адмовіліся есці свініну і папрасілі замест яе цяляціну. Яе з галавакружнай хуткасцю прывезлі на чорным лімузіне з дзяржаўнага санаторыя — адзінага месца, куды ў вельмі абмежаваных аб’ёмах пастаўлялася цяляціна».

Кніга не зробіць вялікага адкрыцця для беларусаў, бо нашы бацькі-дзяды прайшлі і праз горшае. Сталін жа быў у нас пад бокам, а да Чэхаславакіі трэба было дацягнуцца. Але кніга сведчыць, што пад пагрозай рэпрэсій і на захад ад Брэста нічога талковага не маглі зрабіць.

Кнігу можна замовіць тут.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?