Карта касмічнага смецця ў наваколлі Зямлі.

Карта касмічнага смецця ў наваколлі Зямлі.

Бывае, што падае і такое...

Бывае, што падае і такое...

Рэшткі расійскай станцыі «Мір» згараюць у зямной атмасферы.

Рэшткі расійскай станцыі «Мір» згараюць у зямной атмасферы.

Кадр з мультфільма «Валл-і».

Кадр з мультфільма «Валл-і».

У апошні час часта даводзіцца чуць пра розныя небяспекі, якія ўтойвае ў сабе космас: то на нас можа ўпасці гіганцкі метэарыт, то Зямля збіраецца наляцець на нейкую нябесную вось, то злыя іншапланецяне ўжо расстаўляюць свае сеткі... Канечне, да такіх навінаў можна ставіцца з іроніяй: калі б хоць частка ўсіх апакаліптычных прароцтваў збылася, нашай планеты папросту ўжо не існавала б.

Але мы часам не задумваемся, што сёння чарговую касмічную небяспеку могуць стварыць не прыродныя стыхіі, а... мы самі. Гаворка пойдзе пра рукатворнае касмічнае смецце.

Гібель Аляксея Аляксеевіча

У маі 1960 на калязямную арбіту адправіўся савецкі спадарожнік «Спутник-4».
Тагачасная прэса дакладвала аб нябачаных поспехах у касмічнай галіне: акрамя навуковага абсталявання, спадарожнік быў першым у серыі апаратаў, распрацаваных для палёту чалавека ў космас. На яго борце знаходзілася герметычная кабіна з «Аляксеем Аляксеевічам Мандэльштамам», манекенам касманаўта, які паўтараў не толькі габарыты чалавечага цела, але нават і яго ўнутраную будову.

Пасля чатырох дзён палёту спусканы модуль аддзяліўся ад асноўнай часткі спадарожніка і яго рухавікі сталі тармазіць, каб пачаць спуск у атмасферы. Інжынерам не цярпелася праверыць працаздольнасць сістэмы вяртання на Зямлю, а таксама даведацца аб уплыве на чалавечы арганізм магутных перагрузак, якімі суправаджаецца любы спуск у атмасферы. Але з-за паломкі датчыка рухавікі спусканага модуля выдалі зусім не той імпульс, які быў патрэбны для бяспечнага вяртання, і наадварот закінулі карабель на больш высокую арбіту.

Нават на такой вялізнай вышыні яшчэ можна знайсці слабыя сляды зямной атмасферы.
Таму на працягу двух наступных гадоў «Аляксей Аляксеевіч» слаба тармазіў у разрэджаным паветры і спускаўся ўсё ніжэй і ніжэй, пакуль 5 верасня 1962 не ўвайшоў у шчыльныя слаі атмасферы. Праз пару хвілін разбуральнага палёту парэшткі звышсакрэтнага спадарожніка на велізарнай хуткасці «прызямліліся» пасярод галоўнай вуліцы амерыканскага горада Мэнітэвак у штаце Вісконсін. Гэта быў адзін з першых інцыдэнтаў, звязаных з касмічным смеццем.

Што лятае над намі?

Старыя зламаныя спадарожнікі, шрубы, гайкі, інструмент, згублены касманаўтамі, ступені ракет і шмат чаго іншага — гэта і ёсць касмічнае смецце, якое працягвае накоплівацца на калязямной арбіце.
На першых пілатаваных касмічных караблях смецце і прадукты жыццядзейнасці проста выкідаліся ў касмічную прастору. Усё гэта заставалася на арбіце, уяўляючы сабой немалую небяспеку для іншых касмічных місій. Таму пазней любыя кантэйнеры, якія выкідваліся з караблёў, пачалі накіроўваць у зямную атмасферу, дзе яны маглі б згарэць.
Немалую колькасць касмічнага смецця стварылі ЗША і СССР падчас гульняў у «касмічныя войны»: ад 1968 да 1986 гады гэтыя краіны расстралялі на арбіце не менш за 20 спадарожнікаў.
Часта такія выпрабаванні прыкрываліся неабходнасцю знішчыць непрацоўныя спадарожнікі, што могуць упасці нам на галаву, але на самой справе з’яўляліся выпрабаваннем касмічнай зброі: ракет, якія маглі б знішчаць варожыя спадарожнікі ў выпадку неабходнасці. Пасля таго як ракета трапляе ў спадарожнік, навокал разлятаюцца тысячы абломкаў, большасць з якіх згарае ў атмасферы, але частка застаецца на арбіце доўгі час. Дарэчы, амерыканцы паўтарылі такое выпрабаванне ў 2008 годзе, знішчыўшы на арбіце непрацуючы спадарожнік-шпіён.

Чым гэта нам пагражае?

Як мы ўжо ўзгадалі, нават на вышыні ў сотні кіламетраў яшчэ ёсць слабыя сляды зямной атмасферы. Таму любы спадарожнік з цягам часу пачынае тармазіцца і можа ўпасці на Зямлю. Каб гэтага пазбегнуць, час ад часу трэба ўключаць спецыяльныя рухавікі, якія «падымаюць» спадарожнік вышэй. Але калі раптам здарыўся збой і касмічная станцыя перастала адказваць на сігналы з Зямлі, то застанецца толькі чакаць таго дня, калі ўся гэтая груда металу ўпадзе дзе-небудзь на нашыя галовы. І добра, калі на борце не будзе яшчэ і маленькага ядзернага рэактара...

Таму інжынеры і імкнуцца ў выпадку выяўлення крытычных няспраўнасцяў як мага хутчэй «спісаць» спадарожнік і спецыяльна скіраваць яго ў зямную атмасферу па разлічанай траекторыі, каб ён змог упасці дзе-небудзь у мора, а не над Еўропай.
Напрыклад, такім чынам Расія пазбавілася ад касмічнай станцыі «Мір». Дарэчы, для такіх падзенняў з неба ў Ціхім Акіяне вызначанае спецыяльнае месца, далёкае ад паселішчаў людзей і закрытае для караблёў.

Але і дробныя прадметы, што запаўняюць калязямную арбіту, могуць стаць прычынай трагедыі. Справа ў тым, што хуткасці, з якімі рухаюцца спадарожнікі, складаюць некалькі кіламетраў у секунду, а самі траекторыі могуць перасякацца пад рознымі вугламі. І таму сутыкненне касмічнага карабля, напрыклад, з гайкай на такой хуткасці будзе нашмат больш разбуральным, чым стрэл з пісталета па яго абшыўцы.

З Зямлі можна адсочваць перамяшчэнне ў космасе прадметаў памерам больш за 10 сантыметраў. І на сённяшні дзень каля Зямлі пастаянна лятае больш за 20 тысяч такіх небяспечных аб'ектаў. А колькасць драбнейшых часцінак смецця дык і ўвогуле лічыцца мільёнамі. Нават калі ўлічыць маштабы касмічнай прасторы, сутыкненне з касмічным хламам ужо не падаецца малаверагодным. Напрыклад, у 2009 амерыканскі спадарожнік сувязі Iridium сутыкнуўся з савецкім «Космасам-2251», які даўно выпрацаваў свой рэсурс. Вынік — мора абломкаў, якія з вялізнай хуткасцю разляцеліся ва ўсе бакі.

Змрочныя перспектывы касманаўтыкі

Самы страшны сон для касмічных спецыялістаў — «сіндром Кеслера», які прадказаў у 1978 годзе спецыяліст НАСА Дональд Кеслер.
Згодна з яго ідэяй, у пэўны момант колькасць касмічнага смецця на арбіце можа дасягнуць такой велічыні, што пачнуцца першыя сутыкненні. У выніку кожнай аварыі будуць утварацца тысячы аскепкаў, якія будуць сутыкацца з іншымі спадарожнікамі, утвараючы яшчэ тысячы кавалачкаў. У выніку вакол Зямлі ўзнікне смеццевая абалонка, праз якую будзе немагчыма праляцець — на гэтым выкарыстанне касмічнай прасторы закончыцца на сотню-другую год, пакуль большая частка смецця не згарыць у атмасферы Зямлі. Напэўна, штосьці падобнае ўжо намалявалі мастакі ў мультфільме «Валл-і», дзе касмічны карабель папросту прабівае слой старых спадарожнікаў на шляху да зорак.
Цікава, што знішчыць ці сабраць касмічнае смецце амаль немагчыма.
Ні сучасныя баявыя лазеры, ні спадарожнікі з сеткамі-пасткамі, ні іншыя амбіцыйныя праекты пакуль не знайшлі падтрымкі ў інжынераў. І адзіны варыянт выратавання нашай планеты — гэта прымаўка «чыста там, дзе не смецяць». Будзем спадзявацца, што ў бліжэйшай будучыні чалавецтва зможа прыкласці ўсе магчымыя сілы для таго, каб не дапусціць далейшага забруджвання космасу. Узамен за гэта мы атрымаем магчымасць асвойваць яго і бачыць нашу Блакітную планету з самага прыгожага ракурсу.

Цікавыя факты

• Першая і адзіная задакументаваная ахвяра касмічнага смецця — аўстралійская карова, якую забіла кавалкам упаўшай амерыканскай станцыі «Скайлэб».

• У верасні 2002 астраномамі быў адкрыты незвычайны аб’ект, які рухаўся да Зямлі з боку Месяца. Можа гэта доўгачаканы візіт іншапланецян? Не, дэталёвы разлік арбіты паказаў, што гэта ступень «Апалона-12», пакінутая яшчэ ў 1969.

• Лідар па засмечванні калязямной прасторы — Расія. За ёй ідуць ЗША і Кітай.

• Разбураюцца ў космасе не толькі зямныя спадарожнікі, але і каметы. Калі Зямля сутыкаецца з роем такіх часцінак, мы назіраем з’яву метэорнага дажджу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?