Кіраўнік закрытага клуба настаўнікаў знакамітага сурка Філа ўзяў на сябе адказнасць за зіму, якая надта ўжо зацягнулася. Біл Дзілі, цяперашні прэзідэнт Клуба сурка, заявіў, што ён няправільна зразумеў прадказанне Філа, якое той па традыцыі «прашаптаў» на вуха.

Заяву аб невінаватасці Філа Дзілі зрабіў пасля таго, як абвінаваўца акругі Батлер, штат Агаё, падпісаў жартоўны смяротны прысуд сурку, які памыліўся з прагнозам. Справа ў тым, што 2 лютага 2013 г, у Дзень сурка, Філ зрабіў прадказанне аб тым, што амерыканцаў чакае ранняя вясна, тады як на самой справе ў ЗША (і ў Беларусі) зіма зацягнулася.

Калі да другой паловы сакавіка надвор'е не палепшылася, абвінаваўца з Агаё Майк Гмозер вырашыў, што вінаваты ў гэтым знакаміты сурок-прадказальнік з Панксатоні, штат Пенсільванія.

У прысудзе Філу ён сказаў, што жывёлінка падвяла людзей і парушыла мір і спакой у Агаё, дзе ўсё яшчэ халодна, а людзі так і не дачакаліся ранняй вясны.

Неўзабаве пасля гэтага адзін з членаў клуба сурка Джон Грыфітс выступіў у абарону гадаванца, заявіўшы, што Філ не вінаваты ў зіме.
Ён таксама нагадаў абвінаваўцу, што праз некалькі дзён пасля зробленага сурком прагнозу надвор'е стаяла добрае, а цяперашнія халады з'яўляюцца следствам простай выпадковасці.

Дзень сурка афіцыйна адзначаецца ў ЗША з 1886 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?