Хакейны клуб «Дынама» скасаваў кантракт з адным з найбольш выніковых форвардаў каманды — фінам Тэему Лайне. Кантракт з Лайне, які дзейнічаў да 30 красавіка 2013 года, спынены датэрмінова з ініцыятывы самога хакеіста,
паведамляе афіцыйны сайт клуба.

У мінулым сезоне Лайне быў другім па выніковасці ў «Дынама» — ён набраў 35 (17+18) ачкоў у 50 гульнях.

«Са шкадаваннем расстаемся з Тэему. Гэты гулец шмат зрабіў для нашага клуба, стаўшы за два сезоны адным з найбольш выніковых форвардаў каманды і ўлюбёнцам мінскіх фанатаў.

Аднак перамовы аб прадаўжэнні кантракта з Лайне, якія вяліся на працягу ўсяго сезона, у студзені зайшлі ў тупік. Прычынай таму — прапанова, што атрымаў Тэему ад аднаго з клубаў КХЛ, фінансавыя ўмовы якога мы былі не ў стане паўтарыць, бо яны ў тры разы перавышалі тыя, што Лайне меў у «Дынама». Што ж, застаецца пажадаць яму поспеху ў новым клубе», — пракаментаваў сітуацыю спартыўны дырэктар ХК «Дынама» Ігар Матушкін.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0