Цяжка падмануць наскрозь бізантыйскую дзяржаву бізантыйскімі мэтадамі. Пра прыроду газавых крызісаў піша Віталь Тарас.

Мадэль паводзінаў

Чарговае паведамленьне пра чарговае абвастрэньне канфлікту ўладаў Беларусі з расейскім Газпромам выклікае ў памяці панятак «дурной бясконцасьці». Кожнага разу «абвастрэньне» працякае паводле адной і той схемы. Раптам (!) становіцца вядома, што РБ завінавацілася Газпрому (альбо Раснафце) і ня хоча ў поўным аб’ёме плаціць за пастаўленую з Расеі сыравіну. Газпром, нечакана (!) для беларускага боку, абвяшчае ўльтыматум. У Маскву едуць па чарзе кіраўнік ведамства альбо міністар, потым віцэ‑прэм’ер альбо прэм’ер‑міністар. У апошні момант афіцыйны Менск ідзе на пэўныя саступкі. Пасьля чаго Масква абвінавачваецца ў памкненьні прыватызаваць Беларусь, а расейскія манапалісты — у несумленнасьці й хцівасьці.

Кожнага разу палітычныя акцыі кіраўніка Беларусі, ягоная папулярнасьць у народзе толькі яшчэ больш растуць. Ён зноў і зноў падкрэсьлівае, што незалежнасьць краіны ня здасьць. Апазыцыя таксама заўсёды не забываецца выказацца на гэтую тэму, каб падкрэсьліць, што і яна, апазыцыя, як і кіраўнік дзяржавы, за незалежнасьць. За Беларусь.

Потым цыкл паўтараецца. І падчас кожнага цыклу надыходзіць час, калі актывістаў апазыцыі пачынаюць хапаць за арганізацыю нават самых нязначных акцыяў пратэсту, папаўняючы турмы і пасяленьні новымі палітзьняволенымі.

Паміж гэтым, здаецца, няма ніякай сувязі. Незалежнасьць — сама па сабе, палітыка й правы чалавека — самі па сабе. (Амаль паводле славутай формулы пра мух і катлеты). Высокі панятак ператварыўся ў свайго роду сьвятарную карову. Калі кіраўнік дзяржавы або яго падначаленыя пачынаюць гаварыць пра незалежнасьць, усе крытыкі рэжыму імгненна замаўкаюць альбо пачынаюць гаварыць аб неабходнасьці падтрымаць рэжым у справе абароны дзяржаўнага сувэрэнітэту ад расейскага імпэрыялізму, згуртавацца вакол лідэра.

Магчыма, у цяперашняй сытуацыі такая мадэль паводзінаў многім падаецца адзіна слушнай. Калі роднаму дому пагражае небясьпека звонку — не да сварак у доме. Але ніякая, нават самая страшная небясьпека, не пазбаўляе тых, над кім яна навісла, абавязку думаць. Нават наадварот, у момант найбольшай небясьпекі выратоўваюць ня крыкі «Каравул!» альбо «Ратуйце, хто можа!», але крытычны погляд на сытуацыю і яе аналіз. Чым менш часу на роздум — тым больш строгім і хуткім павінен быць аналіз. Найперш — уласных паводзінаў.

Аналізу, прынамсі, у прэсе, акурат і не хапае. Дакладней, ён зводзіцца ды высноваў, сэнс якіх лёгка ўмяшчаецца ў сэнтэнцыю «Расея хоча нас прыватызаваць». Такое адкрыцьцё, аднак, не адказвае на пытаньне — як гэтаму процістаяць? Як захаваць дзяржаўную незалежнасьць? Што канкрэтна можа зрабіць вораг з аб’ектам сваіх памкненьняў і што гэты аб’ект (то бок мы) можа зрабіць?

Абхітрыць Бізантыю

Нават у самым запаленым мозгу наўрад ці можа нарадзіцца сцэнар вайсковага нападу Масквы на свайго хаўрусьніка. (Як і наадварот — нападу танкавых дывізіяў НАТА на Маскву праз тэрыторыю Беларусі). Праўда, калі гаворка вядзецца аб Расеі, нельга выключыць і самыя фантастычныя варыянты падзеяў. Прынамсі, новы закон аб наданьні расейскім энэргетычным кампаніям‑гігантам права мець уласныя вайсковыя фармаваньні для абароны сваіх трубаправодаў, у тым ліку на замежнай тэрыторыі, прымушае задумацца.

Тым ня менш пагроза расейскай акупацыі сёньня ўсур’ёз нікім не абмяркоўваецца. За невялікім выключэньнем — ёсьць тыя, хто заяўляе, быццам Беларусь ужо жыве ва ўмовах акупацыі. Але ці варта баяцца страты незалежнасьці тым, хто ўжо сёньня лічаць сябе «акупаванымі»?

Размова ідзе, натуральна, пра эканамічную экспансію Расеі, спробы расейскіх манаполіяў завалодаць у Беларусі ўласнасьцю, паколькі і пакуль яна здольная прыносіць прыбытак. І хаця гэтыя спробы робяцца самым нахабным спосабам, з пазыцыі сілы, яны ўсё‑такі маюць пакуль негвалтоўны, эканамічны характар.

Калі нам кажуць, што ва ўраду Беларусі няма выйсьця, што Газпром і Крэмль вядуць несумленную гульню, прыпіраючы кіраўніцтва да сьценкі, шантажуючы яго, узьнікае пытаньне — а чаму кіраўніцтва дапусьціла такую сытуацыю ў прынцыпе? Не, гаворка не пра тое, што Крэмль трэба было неяк падмануць, весьці супраць яго нейкую больш хітрую гульню, больш гнутка весьці перамовы і г.д. Спрабавалі не аднойчы, у мэтадах не саромеючыся… Ня выйшла. Цяжка падмануць наскрозь бізантыйскую дзяржаву бізантыйскімі мэтадамі.

Пытаньне ў тым, чаму эканоміка сувэрэннай краіны апынулася перад такой незайздроснай альтэрнатывай — альбо расейская сыравіна альбо сьмерць? Ці скажам мякчэй — эканамічны каляпс. Паводзіны расейскага кіраўніцтва, якое абвясьціла сваю краіну вялікай энэргетычнай дзяржавай, ужо даўно былі цалкам прадказальнымі. Яно паводзіць сябе натуральна. Спрабуючы атрымаць максымальную выгаду ад высокіх цэнаў на энэрганосьбіты, яно ня робіць вялікай розьніцы паміж варожымі Польшчай, Грузіяй, Эстоніяй і братняй Беларусьсю. Менавіта і толькі таму, што Беларусь ня ёсьць часткай Расеі, а ёсьць сувэрэннай дзяржавай. Гэта факт. Ці застанецца яна незалежнай — залежыць, прабачце за таўталёгію, ад многіх фактараў.

Паміж двума крэсламі

Доўга заставацца ў становішчы паміж двума крэсламі — РБ як быццам частка саюзнай дзяржавы, а ў той самы час нібыта й не — немагчыма было. Што й зрабілася цалкам відавочным падчас апошняга газавага канфлікту. Было б зразумела, калі б час, страчаны на гульні ў інтэграцыю з Расеяй, быў выкарыстаны на пошук сапраўднай альтэрнатывы. Няўжо Беларусь, зь яе сапраўды высокакваліфікаванай інтэлектуальнай рабочай сілай не магла б зрабіцца яшчэ адным «усходнеэўрапейскім тыграм» у эканоміцы — накшталт Славаччыны, напрыклад?

Можна назваць гэта разважаньнямі пра немагчымае. Бо мы жывём у зусім іншай палітычнай рэальнасьці, чым краіны Эўразьвязу. Але тут акурат мы і ўпіраемся ў тое самае пытаньне аб незалежнасьці як найвышэйшай дзяржаўнай каштоўнасьці. Ці можна сёньня сказаць, што кіроўныя эліты Беларусі цягам апошняга дзесяцігодзьдзя дбалі менавіта пра яе незалежнасьць? Калі б было так, дык яны павінныя былі б паклапаціцца найперш пра стварэньне зусім іншага эканамічнага клімату для айчынных прадпрыемстваў, пра разьняволеньне грамадзтва, пра стварэньне іншага, больш прывабнага іміджу краіны на Захадзе. Не хапіла палітычнай волі, адукацыі, інтэлекту? Дык ці такая эліта заслугоўвае права называцца нацыянальнай? Ці здольная яна ўвогуле абараніць незалежнасьць?

Што ж аказалася ў «загашніку» ў сёньняшняй лукашэнкавай Рэспублікі Беларусь? Золатавалютная рэзэрва Нацбанку? А ці надоўга яго хопіць, калі газ будзе каштаваць 250 даляраў за кубамэтар? А такая пэрспэктыва ўжо вельмі блізкая. Што яшчэ — заём у Вэнэсуэлы? Дружба з арабскімі краінамі, з Кітаем?

Магчыма, гэты скепсыс для спэцыялістаў выглядае дылетанцкім і неабгрунтаваным. Але хацелася б, каб мяне і мільёны маіх суайчыньнікаў у гэтым пераканалі. Каб з намі гаварылі пра першаступенныя праблемы, а не адмахваліся, як ад мухаў, пакуль «дзяржаўныя мужы» ў нейкіх завоблачных вышынях (альбо ў крамлёўскіх калідорах) вырашаюць лёс Беларусі.

Між іншым, у прэамбуле беларускай Канстытуцыі напісана «мы, народ». А ня «мы, дзяржаўныя мужы».

Сытуацыя сапраўды нагадвае дурную бясконцасьць. Галоўнае адрозьненьне гэтага мэтафізычнага панятку ад рэальнай бясконцасьці палягае на тым, што з заганнага кола бясконцых адлюстраваньняў аднаго й таго ж можна вырвацца. Для гэтага трэба паглядзець на сытуацыю іншымі вачыма, вольнымі ад стэрэатыпаў фэадальнага мысьленьня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0