У 2012 годзе колькасць заключаных шлюбаў у Беларусі паменшыла, а скасаваных — вырасла ў параўнанні з 2011 годам.
Пра гэта паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення статыстыкі паслуг і дэмаграфічнай статыстыкі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Ірына Шастакова.

Летась было зарэгістравана 76 тыс. шлюбаў, што на 10,5 тыс. менш, чым у 2011 годзе.

«У народзе лічыцца, што ўзяць шлюб у высакосны год — гэта кепская прыкмета. Таму, калі прааналізаваць перыяд, у якім можна прасачыць некалькі высакосных гадоў, то можна зрабіць выснову, што ў кожным з такіх гадоў шлюбаў заключаецца прыблізна на 10 тыс. менш, чым у папярэдні. 2012 год не стаў выключэннем», —
сказала Шастакова. У 2012 годзе на тысячу насельніцтва прыпадала 8,1 шлюбу.

Найбольш інтэнсіўна ў 2012 годзе бралі шлюб жыхары Магілёўскай вобласці — 8,4 шлюбу на тысячу насельніцтва, Віцебскай вобласці і Мінска — 8,2 шлюбу на тысячу насельніцтва, паведаміла прадстаўнік Белстата. Найменшая інтэнсіўнасць заключэння шлюбу адзначана ў Брэсцкай вобласці — 7,6 шлюбу на тысячу насельніцтва.

Паводле слоў Шастаковай,

з кожным годам узрост заключэння шлюбу павялічваецца.
Сярэдні ўзрост для жанчын у 2012 годзе склаў 24,6 года, паўторнага шлюбу — 37,6 года. Мужчыны першы шлюб у сярэднім бралі ў 27,6 года, паўторны — у 40,5 года. Шлюб бралі і жыхары старэйшых узростаў. У 2012 годзе заключана 596 шлюбаў, у якіх узрост жаніха і нявесты склаў 60 гадоў і больш, у тым ліку 467 шлюбаў у гарадскіх паселішчах і 129 шлюбаў у сельскіх.

Як паведаміла Шастакова,

у 2012 годзе 93% усіх шлюбаў у Беларусі было заключана паміж беларусамі.
Сярод шлюбаў, заключаных з іншаземцамі, лідзіруюць шлюбы з грамадзянамі краін СНД. Іх доля складае 75% ад агульнай колькасці шлюбаў з іншаземцамі, з якіх больш за палову — саюзы з грамадзянамі Расіі.

Паводле звестак Белстата, у 2012 годзе было скасавана 39 тыс. шлюбаў, што на 450 больш, чым у 2011 годзе. На тысячу насельніцтва прыпала 4,1 выпадку скасавання шлюбу. На тысячу заключаных шлюбаў у 2012 годзе прыпадала 512 выпадкаў скасавання (у 2011 годзе — 445).

Сельскія сем’і з’яўляюцца больш устойлівымі. У 2012 годзе ў гарадскіх пасяленнях на тысячу заключаных шлюбаў прыпала 528 скасаваных, тады як у сельскай мясцовасці — 425.

Паводле слоў Шастаковай, чвэрць усіх скасаванняў прыпала на сямейныя пары, якія жылі у шлюбе ад пяці да дзевяці гадоў. Сярод скасаваных шлюбаў найбольшая ўдзельная вага — больш за 40% — прыпадае на ўзрост 25–34 гады. У 2012 годзе прыкладна 58% сямейных пар пры скасаванні шлюбу мелі непаўналетніх дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?