За льготную расейскую нафту ўлады могуць часткова расплаціцца флагманам беларускай мікраэлектронікі.

Гаворка ідзе пра аб'яднанне ААТ «Інтэграл» з холдынгам «Расейская электроніка».

Механізм інтэграцыі актываў холдынгу «Расейская электроніка», які ўваходзіць у дзяржкарпарацыю «Растэхналогіі», і мінскага ААТ «Інтэграл» павінен быць адпрацаваны да канца сакавіка.
Такая задача была пастаўленая па выніках праведзеных 13 сакавіка ў Маскве перамоваў першага віцэ-прэм'ера ўрада Беларусі Уладзіміра Сямашкі і віцэ-прэм'ера расейскага ўрада Аркадзя Дварковіча.

Як паведаміў у сакавіку журналістам гендырэктар «Інтэграла» Віталь Саладуха, «пакуль усё знаходзіцца на стадыі перамоваў, падпісанае пагадненне аб канфiдэнцыяльнасцi, ніхто не мае права нічога выдаваць». У той жа час Саладуха распавёў, што праграма па тэхнічным пераўзбраенні «Інтэграла» распісаная да 2020 года, і ў ёй прадугледжаныя вялікія аб'ёмы інвестыцый. А ў якасці галоўнага інвестара разглядаецца менавіта «Расейская электроніка».

«Інтэграл» выпускае больш за мільярд мікрасхем і столькі ж паўправадніковых прыбораў за год. Гэта найбуйнейшай прадпрыемства ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ў сваёй галіне.
Пры гэтым амаль 80% яго прадукцыі ў 2012 годзе было экспартавана ў Расею.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?