Колішняе мястэчка Данюшава знаходзіцца на гістарычнай Ашмяншчыне і ўваходзіць у склад Смаргонскага раёна. Стаіць на рацэ Вялля. Былое мястэчка вядомае ад 1620 году, калі ў Данюшава з фундацыі Яна Кішкі і ягонай жонкі Крысціны з Друцкіх-Сакольскіх збудавалі першы касьцёл. У 1728 Мікалай Кошыч заснаваў тут езуіцкую місію. Па ліквідацыі ордэна езуітаў у 1773 касцёл зрабіўся парафіяльным. Што надалей было з тым храмам невядома, але ў 1809 годзе Марцін Кліманскі збудаваў у мястэчку новы касцёл. У сярэдзіне XIX ст. у мястэчку жыло 212 жыхароў і належала яно Чарноцкім.

Дарэчы, 9 снежня 1893 года ў Данюшаве нарадзіўся забыты беларускі паэт Станіслаў Шыманоўскі. Нарадзіўшыся ў адзін дзень з Максімам Багдановічам (праўда на два гады пазней), ён таксама памёр ад сухотаў, але ў 1920 годзе — на тры гады перажыўшы нашага класіка. Пахаваны Станіслаў Шыманоўскі быў у сваёй роднай вёсцы.

У Першую сусветную вайну Данюшава было ў прыфрантавой зоне пад немцамі. Кайзераўскія войскі напрацягу 810 дзён беспаспяхова спрабавалі захапіць Смаргонь, ператварыўшы горад у руіны. А ў Данюшаве месціўся нямецкі шпіталь. Відаць, нехта з кайзераўскіх салдат займаўся фатаграфаваннем мястэчка і яго краявідаў. На здымках можна пабачыць цудоўны мост праз Вяллю, драўляныя хаты, нямецкія бліндажы.

Бачны вайсковыя могілкі пры касцёле, дзе хавалі памерлых у шпіталі салдат. Ад тых кладоў цяпер не засталося і следу — палеглых жаўнераў пасля вайны перапахавалі ў суседніх Маркоўцах. Аднак, каля касцёла захаваўся помнік. Гэта вялікі каменны абеліск, з надпісам «Памяці слаўных таварышаў, 1915». Колькі год таму вернікі ўсталявалі на абеліск фігурку Божай Маці.

На здымках, як часта здараецца, ізноў не сустракаюцца мясцовыя жыхары. Іх, відаць, на час вайсковых дзеянняў выселялі з прыфрантавой зоны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?