Некалі я падбіваў Алеся Жука напісаць твор пра ягонага земляка Кудзёлку. Імя Кудзёлкі я не ведаю, але яшчэ ў 1960-я чуў гісторыю гэтага чалавека. Як ён увосень 1919-га ўзяў у рукі зброю і пайшоў партызаніць, каб вытурыць з роднага краю польскіх акупантаў.

Мой настаўнік, Рыгор Віктаравіч Родчанка, казаў, што быў Кудзёлка чырвоным партызанам. (Да ведама нашых маладых і гарачых антыкамуністаў: польскія акупанты сваімі зверствамі надта добра паслужылі камунізацыі беларускага люду.)

З такою славаю — славаю чырвонага партызана — дажыў Кудзёлка да нямецка­-савецкай вайны. Калі фронт пакаціўся на ўсход, міласэрныя беларусы, і асабліва беларускі, прынялі ў свае дамы шмат савецкіх акружэнцаў. А ўжо з восені 1941-га некаторыя з іх, агойтаўшыся і агледзеўшыся, пачалі «партызаніць». Стваралі сапраўдныя банды, якія хадзілі па вёсках ды рабавалі бяззбройных людзей, вычышчалі іх куфры. Таму на Случчыне іх празвалі куфэршчыкамі.

Прыйшлі аднаго разу куфэршчыкі і ў тую вёску, дзе жыў чырвоны партызан Ку­дзёлка. Сутыкнуўшыся з такою праяваю, стары сказаў:

— Дык гэтакія вы партызаны?! Я ж вам пакажу.

Казаў мне мой настаўнік, што той Кудзёлка з сынамі зрабіў са свае вёскі непрыступную крэпасць.
І былыя куфэршчыкі, якіх з восені 1942-га засланыя ў нямецкі тыл энкавэдысты прымусілі падпарадкавацца Маскве, і самі дыверсанты-энкавэдысты трапіць у тую вёску не маглі: на подступах іх чакала смерць.

І тады савецкія партызаны пачалі сапраўднае паляванне на Кудзёлку. Калі ў 1943-м яго ўдалося забіць, з гэтае радасці, казаў мне Р. Родчанка, бальшавікі выпусцілі адмысловую ўлётку.

Гэтая гісторыя згадалася мне, калі я чытаў свежы, 35-ты выпуск «Запісаў» Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

Сярод матэрыялаў 35-й кніжкі «Запісаў» найперш маю ўвагу прыцягнула публікацыя Макса Шчура «Беларусь у пражскім часопісе Slovanský Přehled (1925—1938)», бо дасюль агляду альбарутэнікі ў гэтым выданні я не бачыў. Публікацыя М. Шчура адначасна мяне і расчаравала, бо публікатар нічога не паведаміў пра тэксты Антона Луцкевіча ў пражскім часопісе, а яны, пэўна, там сустракаюцца.

З пісьменнікаў даўнейшае пары «героямі» гэтага выпуску «Запісаў» сталі Антон Адамовіч, Юрка Віцьбіч (іх спадчына, здаецца, невычэрпная), Міхась Кавыль і... Тут мушу прызнацца, што для мяне на-новаму адкрылася асоба Тамаша Антона Грыба.

Мне было цікава чытаць нататкі Т. Грыба з часопіса Slovanský Přehled, але найбольш уразілі яго тэксты, якія Лявон Юрэвіч, Наталля Гардзіенка ды Ціхан Чарнякевіч апублікавалі пад загалоўкам «Два артыкулы». Найбольшую радасць мне прынесла чытанне тых раздзелаў, у якіх аўтар разважае аб сацыяльным ладзе СССР, аб рэвалюцыі і контррэвалюцыі.

Я ледзь не пляскаў у ладкі, калі дайшоў да развагаў Т. Грыба аб беларускай народнай рэвалюцыі, аб яе этапах.

Друкуючы 30 сакавіка 2011 года ў «Нашай Ніве» артыкул «Беларуская рэвалюцыя яшчэ не завершана», я паказаў, што першы паняцце «беларуская рэвалюцыя» на старонках «Вольнае Беларусі» ўвёў 21 снежня 1917 года Язэп Лёсік. Потым Антон Луцкевіч у двух ці трох артыкулах 1920-х пісаў пра беларускую нацыянальную рэвалюцыю. Гэта быў погляд двух беларускіх марксістаў, сацыял­-дэмакратаў. І вось цяпер я сустрэў словы «беларуская народная рэвалюцыя» ў артыкуле народніка, сацыяліста­рэвалюцыянера. (Без сумневаў, слова «народная» ўжыта Т. Грыбам у значэнні «нацыянальная».)

Да чаго я вяду? Да таго, што беларускім гісторыкам даецца ў рукі метадалагічны ключ. Звярнуўшыся да паняцця «беларуская нацыянальная рэвалюцыя», яны, я перакананы, здолеюць глыбей спасцігнуць логіку падзей апошняга стагоддзя, што адбываліся ў нашай краіне.

Звярнуўшыся да паняцця «беларуская нацыянальная рэвалюцыя», гісторыкі, можа, трохі інакш глянуць на падзеі Другой сусветнай вайны ў нашай краіне. Многія ўжо не глядзяць на іх праз сталінска-хрушчоўска­брэжнеўскую прызму, якою карыстаецца наш афіцыёз, але паняцце «беларуская нацыянальная рэвалюцыя», магчыма, дапаможа ім лепш зразумець многае, у тым ліку феномен партызана Кудзёлкі.

Апавяданне Рыгора Родчанкі пра Кудзёлку я згадаў, калі чытаў у свежым выпуску «Запісаў» БІНіМа тэксты случчакоў: «Із успамінаў» паэта Міхася Кавыля ды лісты да Юркі Віцьбіча паэта і паўстанца Алеся Змагара і выпускніка Слуцкага педагагічнага вучылішча Валера Навіцкага.
Лявон Юрэвіч і Наталля Гардзіенка апублікавалі іх пад загалоўкам «Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі: тэма, якая не адпускала». Тэма гэтая сапраўды не адпускала Юрку Віцьбіча, аўтара знакамітай кнігі «Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі» — кнігі, якая выходзіла двойчы і якая выклікае прыступы гневу ў чыноўнікаў ад гістарычнай навукі.

Валер Навіцкі, які нарадзіўся ў 1920-м, у час Другой сусветнай вайны быў старшым звязовым Саюза беларускай моладзі ў Грэскім раёне. Партызана Кудзёлку ён ведаў асабіста. І ведаў, што той нарадзіўся і жыў у вёсцы Праснакі (у «Запісах» гэтая вёска, што недалёка ад Грэска і ад Грозава ды ўваходзіць цяпер у Капыльскі раён, названа Краснакамі).

Навіцкі піша, што Кудзёлка, паваяваўшы супроць палякаў, стаў у 1920-м партызаніць супроць бальшавікоў. За сваю пасіянарнасць, паведамляе ён, Кудзёлка быў асуджаны на 10 гадоў зняволення.

Вось гэтага ад свайго настаўніка я не чуў. Далей былы старшы звязовы СБМ пацвярджае, што Кудзёлка, які да пачатку вайны вярнуўся са зняволення, «біў партызанаў» (не ўдакладняючы, што ягоная партызанка пачалася з барацьбы супроць рабаўнікоў-куфэршчыкаў).

У лісце В. Навіцкага да Ю. Віцьбіча я вычытаў і іншае, чаго не чуў ад Р. Родчанкі: чырвоныя партызаны, злавіўшы Кудзёлку, выкалалі яму вочы, а ў жывот насыпалі зямлі.

Яшчэ жывуць людзі, якія памятаюць Кудзёлку і многае могуць удакладніць. Магчыма, недзе ў архівах знойдзецца і ўлётка з весткай аб смерці Кудзёлкі. Пакуль жа з пачутага колісь і прачытанага кагадзе ў «Запісах» я бачу змагарнага беларуса, які ваяваў, як казалі старажытныя рымляне, pro domo sua — за свой дом.

Ці было гэта адной з праяў беларускай рэвалюцыі? Спадзяюся, гісторыкі адкажуць і на гэтае пытанне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?