У Маладзечне прайшла вечарына памяці Пятра Бітэля.

2 жніўня ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча прайшла вечарына, прысвечаная 95‑годдзю з дня нараджэння Пятра Бітэля, які ў сталінскіх лагерах пераклаў «Пана Тадэвуша» Міцкевіча на беларускую мову.

Вечарына сабрала поўную залу. Каб ушанаваць памяць Пятра Бітэля, прыехалі яго землякі — дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва‑музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка, намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура», паэт Віктар Шніп, пісьменніца Людміла Урублеўская, супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук Яўген Гарадніцкі.

На пачатку прысутныя ўбачылі ўрывак з фільма «Пан Тадэвуш» Анджэя Вайды, дубліраваны па перакладзе Бітэля. Пасля вядучыя Таццяна Закрэўская і Наталля Івашанка дапамаглі акунуцца ў жыццё паэта, настаўніка і перакладчыка год за годам. А дзякуючы Міхасю Балдоўскаму, змаглі пачуць тое, што калісьці сказаў ці напісаў Пятро Бітэль.

Дарога з ГУЛАГа — паўстагоддзя

Адзін за адным узгадваліся драматычныя моманты з жыцця Бітэля: 1915 — бежанства разам з бацькамі ў Расію, 1931‑35 — беспрацоўе падчас эканамічнага крызісу, 1939 — цудам пазбег расстрэлу як афіцэра польскай арміі ў Катыні, вайна — праца ва ўмовах акупацыі, арышт як беларускага інтэлігента, чэрвень 1944 — разам з сям’ёй яго вывозяць у Германію, але з‑за аварыі цягніка ўдалося ўцячы, 1946 — РАНА аб’яўляе, што да яго няма даверу і яму трэба пакінуць школу, 1950 — асуджэнне на 10 год лагераў.

Міхась Балдоўскі чытае нататкі Бітэля:

«У 1950 годзе я трапіў на сталінскі канвеер, які пасля адпаведнай, ажно гадавой, следчай апрацоўкі ў мінскай турме, перанёсшы цэлы рад перасыльных пунктаў (Орша, Масква, Кіраў), закінуў мяне ў Кемераўскую вобласць».

1953 — Бітэль пачынае перакладаць «Пана Тадэвуша». Вядучыя расказваюць: «Так і паўстаў той пераклад у 1953‑1955 гадах паміж будоўлямі Кемераўскай вобласці і меднымі руднікамі Джэзказгана.

І мала каму цяпер вядома, што замест ручкі скарыстоўваўся самаробны «аловак» з алавянага дроту, выцягнуты з ізаляцыйнага кабелю. Што замест чорнага атраманту пісалася зялёнкай, вынесенай з санчасці санітарам, што замест аркушаў паперы ішлі мяхі з‑пад цэменту.

І першы ганарар яму вызначылі канваіры: калі ўжо «Кніга другая» была скончана і пайшлі радкі першай кнігі — яго злавілі за гэтым малазразумелым і небяспечным заняткам. Кара — трое сутак карцэру».

«Ішлі гады, нават дзесяцігоддзі… І толькі ў 1998 годзе дзякуючы кіраўніцтву Дзяржкамдруку і ініцыятыве Беларускага фонду культуры ў юбілейны для Міцкевіча год пераклад «Пана Тадэвуша» у выкананні Бітэля пабачыў свет. Дарога з ГУЛАГа да асобнай кніжкі атрымалася роўнай амаль палове стагоддзя. Пятро Іванавіч да гэтага часу ўжо сам пайшоў з жыцця…»

«Вось твой тата»

На вечарыне прысутнічалі члены сям’і Пятра Бітэля. Сын Андрэй прыехаў з Пухавіцкага раёна, дачка Лія — з Бранска. Яшчэ адна дачка, Ала, і ўнучка Тамара жывуць у Маладзечне. Усе яны, як і Пятро Бітэль, — настаўнікі, а Андрэй Пятровіч да пенсіі працаваў у музеі. Ён падзякаваў ад імя сям’і за вечарыну і падзяліўся з прысутнымі сваімі ўспамінамі з дзяцінства:

«Памятаю: восень, кастрычнік, Докшыцы. У хату заходзяць людзі. Адзін у капелюшы і доўгім плашчы. І некалькі ваенных. Капаліся ў кнігах, шафах, раскідалі ўсё. Мне было страшна, я плакаў. Тату забралі. Чакаў, што ён вернецца заўтра ці ў нядзелю. Але ён вярнуўся не скора — калі я ўжо падрос.

Памятаю, мы пайшлі ў Багданаў: я, мама, сёстры, дзядуля, бабуля. Я помніў тату, хаця і малы быў, бачыў яго на фатаграфіі. Падходзіць цягнік, павольна‑павольна. Я гляджу ў вокны, і мне хочацца ўбачыць скарэй: дзе мой тата. І няма. Цягнік стаў, чакаем. І тут з апошняга вагона, з апошняй прыступкі выходзіць тата. У ватоўцы без каўняра, з шапкай у руках. Мама кажа: «Вось твой тата».

«Маю таксама трохі весялейшыя ўспаміны, — працягвае Андрэй Бітэль. —Мне пашчасціла, што ў выпускным класе тата быў у мяне настаўнікам нямецкай мовы. Запомнілася, што на ўроках бацькі была такая цішыня, што, як муха ляціць, было чуваць. У іншых настаўнікаў таксама было ціха, але там то аловак упадзе, то кніжка зашалясціць. А ў яго — поўная цішыня. Ён ні на кога не павышаў голаса, не ставіў двоек, але умеў так сказаць, што вучань вучыў абавязкова».

Андрэй Бітэль таксама ўзгадаў, што якраз у гэты дзень, 2 жніўня, спаўняецца 77 гадоў, як яго бацькі ўзялі шлюб — на Іллю.

Валожынскія землякі

Віктар Шніп, які пазнаёміўся з Пятром Бітэлем у 1979 годзе, расказаў, што кніжкі яго выходзілі з цяжкасцю. Дагэтуль многія з яго твораў не надрукаваныя. «Спадзяюся, што яны будуць выдадзеныя, — сказаў паэт, — бо гэта наша класіка».

«Пятро Бітэль зведаў на сабе ўсе цяжкасці ХХ стагоддзя, з яго ўзлётамі і падзеннямі. Дачакаўся другога нацыянальнага адраджэння, — гаворыць Яўген Гарадніцкі. — Усё ім перажыта і адлюстравана ў яго творчасці».

Людміла Рублеўская выказала меркаванне, што на падставе лёсу паэта ўвогуле можна напісаць раман пра Беларусь. «Я гэта напішу ці нехта іншы, хто, можа, яшчэ не нарадзіўся, ужо другое пытанне, але матэрыял для гэтага ёсць вельмі багаты».

«Імя Пятра Бітэля праслаўленае перш за ўсё яго перакладамі, — лічыць адзін з арганізатараў вечарыны, Міхась Казлоўскі, — бо кваліфікаваных перакладчыкаў у нас вельмі мала. Калі хтосьці добра ведае замежную мову, то дрэннае ведае беларускую, і наадварот. А Бітэль добра ведаў лацінскую, чэшскую, славацкую, польскую, нямецкую. Яго пераклад «Пана Тадэвуша» я лічу лепшы за іншыя».

Вечарына ў Маладзечне пакуль што адзінае ў гэтым годзе мерапрыемства ў краіне, прысвечанае памяці Пятра Бітэля. «Я думаю, што гісторыя ўсё расставіць на свае месцы, — кажа Міхась Казлоўскі. — І гэта толькі першая спроба».

***

Пятро Бітэль (19.06.1912, г.п. Радунь Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці — 18.10.1991) — беларускі паэт, перакладчык. З 1921 яго сям’я жыла ў вёсцы Люташ Валожынскага павета. У 1926 скончыў у суседнім Вішневе польскую сямігодку і паступіў у Барунскую настаўніцкую семінарыю. 4‑5 курс заканчваў у Віленскай настаўніцкай семінарыі. З 1935 года настаўнічаў. Падчас вайны служыў у польскім войску, пасля быў настаўнікам беларускай мовы ў Валожыне. У 1944 годзе яго разам з сям’ёй вывезлі ў Германію, але ім удалося ўцячы.

Пасля вайны некаторы час настаўнічаў у в. Забрэззе Валожынскага раёна, але быў звольнены. У 1947 годзе стаў праваслаўным святаром. У 1950 яго арыштавалі і асудзілі на 10 гадоў папраўча‑працоўных лагераў. Зняволенне адбываў у Кемераўскай вобласці, Омску і Джэзказгане. У 1956 годзе яго вызвалілі, у 1978 — рэабілітавалі. З 1963 па 1974 год быў настаўнікам у Вішнеўскай СШ. Апошнія гады жыцця правёў у Маладзечне.

У 1953‑55 гадах у лагеры зрабіў пераклад на беларускую мову паэму Міцкевіча «Пан Тадэвуш», які быў надрукаваны ў 1998 годзе. Аўтар аповесці «Баруны», паэмаў «Замкі і людзі», «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага», краязнаўчага нарыса «Вішнева і вішнеўцы», гістарычнага рамана «Развал». Пісаў вершаваныя казкі для дзяцей, перакладаў А. Міцкевіча, Ю. Крашэўскага, Ю. Славацкага, Г. Сянкевіча, Апулея, М. Лермантава, А. Пушкіна, І. Франко, Т. Шаўчэнкі, Б. Брэхта, І.В. Гётэ, Ф. Шылера і інш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?