Яна зусім не такая, як паказвае расейскае ТБ! Піша Сяргей Харэўскі.

Праз пару гадзінаў лёту пад крыламі самалёта зьяўляюцца бялюткія сьнежныя гурбы й зіхоткія льды Вялікага Каўказу. Ніжэй гораў толькі хмары. Вышэй гораў толькі сонца. Як у запаволенай кінастужцы праплывае Эльбрус, аблёт якога займае чвэрць гадзіны.

За гарамі панарама Грузіі адкрываецца зьнянацку, варта самалёту паднырнуць пад аблокі. Зьверху гэты край нагадвае школьныя макеты рэльефаў у клясе геаграфіі — горы, цясьніны, стэпы, балоты, рэкі, тысячы вёсак, вялікія гарады, вінаграднікі і лясы — уся разнастайнасьць ляндшафтаў Зямлі, як у лялечнай мініятуры. Ці ў кампутарнай гульні…

Тут быў Купала

Для тых, хто заканчваў савецкую школу, Грузія ня terra incognita. Хто ня ведаў імя Шата Руставелі, нават не чытаўшы ягонае слыннае паэмы пра віцязя? Пушкін, Лермантаў, Грыбаедаў, Талсты, Чэхаў, Горкі, Маякоўскі стварылі запамінальныя, яркія грузінскія вобразы, што непарыўна зьнітавала гэты край з расейскай клясыкай. І грузіны ім шчыра аддзячылі. Вялікія помнікі, бюсты й незьлічоныя мэмарыяльныя табліцы расейскім клясыкам, якія гэтак палюбілі Грузію, засталіся тут паўсюдна.

Малым у школе я трызьніў тымі вобразамі Грузіі, шматкроць малюючы гісторыю Мцыры. А пасьля мне патрапілі ў рукі пераклады Лермантава на беларускую. А пасьля — кніжка Янкі Лучыны, які ў 1870‑я працаваў у Грузіі, зь вершам «Велічны малюнак»…А пасьля — хрэстаматыйныя вершы пра Грузію Купалы. А яшчэ грузінскія матывы ў Броўкі і Панчанкі, запылены том рамана пра Грузію Самуйлёнка «Будучыня» ў школьнай бібліятэцы і зборнік грузінскіх апавяданьняў «Твае грузінскія сябры», кшталтавалі ўласную беларускую сьвядомасьць. Таму для нас гэты край не чужы.

Усё па‑грузінску

Па старой памяці, бываўшы ў Грузіі колькі разоў за савецкім часам, я меў цэласнае й дыялектычнае ўяўленьне пра тамтэйшы люд і лад. Але старыя ўяўленьні адразу разваліліся, калі ў ілюмінатары ўбачыў на бэтоне суседняе пасадачнае паласы вялізарны вайсковы транспартны самалёт U.S. ARMY, а над шыкоўным навюткім аэрапортам — сьцягі Эўразьвязу й Турцыі.

Грузія шукае саюзьнікаў і знаходзіць. Амэрыканцы цяпер маюць тут вайсковае прадстаўніцтва, ахоўваюць сваю маёмасьць, трэніруюць грузінскіх вайскоўцаў і ладзяць рэгулярна супольныя манэўры. Эўразьвяз ладзіць шматлікія гуманітарныя праекты, разгортвае шматлікія праекты ў гандлі й энэргетыцы. А туркі ўкладаюць рэальныя грошы й шмат будуюць.

Той, хто думае, што менскі чыгуначны вакзал самы вялікі, — наіўны. Тбіліскі яшчэ большы! Страшэнная бэтонная спаруда 1970‑х гадоў засьціць нават горы. Што праўда, руйнаваць старасьвецкі чыгуначны вакзал грузінам не прыйшло ў галаву. Цяпер яго рэстаўраваны хварсісты фасад выгодна вылучаецца з хаосу прывакзальных пабудоў, што сваім пыльным выглядам шчымліва нагадваюць савецкае мінулае….

У Грузіі цяпер усё па‑свойму, насамрэч па‑грузінску. У тым сэнсе, што, маючы старажытны альфабэт, яны ня рупяцца пра пераклады шыльдаў і аб’яваў на іншыя мовы. Гэта змушае ўступаць у несупынныя вэрбальныя кантакты з тутэйшымі людзьмі. І адразу ж станавіцца часткаю іхнага вірлівага й іскрыстага жыцьця. «30 маленькіх», — кажа сівы й смуглы дзядзька ў камэры захоўваньня. «А як у вас называюцца цяпер гэтыя капейкі?» «Маленькія? Якая розьніца, як яны называюцца? Як кажа Хачыкян, сам убачыш…»,— вясёла адказаў дзядзька, захавальнік багажу. Яго шматслойны гумар так і пакінуў мяне ва ўсьмешлівай разгубленасьці. Хто такі Хачыкян? Дзе ён так кажа? Як называць тутэйшыя грошы? Зрэшты, і насамрэч, якая розьніца?

Тры Вільні

Тбілісі можа шакаваць непадрыхтаванага госьця. Вялізарны стары горад, што не зазнаў бамбардзіровак і ня бачыў лютых войнаў ХІХ і ХХ стагодзьдзяў, стаіць збольшага такім самым, што й за часоў Тадэвуша Лады‑Заблоцкага і Франца Савіча, якіх зь Беларусі саслалі сюды расейскія ўлады. Старасьвеччыны тут болей, чым у Вільні. Але й выгляд гэты чароўны старажытны горад мае самы старажытны, сапраўдны. Без газаправодаў, цэнтральнага водаправоду, ацяпленьня. Не было іх тут за савецкім часам, так што мала што згубілі. Але зьбераглі непаўторны, праўдзівы дух старасьвеччыны: шыкоўныя аздобы аптэкаў і крамаў, безьліч антыкварных рэчаў у самых простых і празаічных месцах, водар гарачага хлебу са старых печаў і духмянае кавы па‑турэцку.

Засьмечаныя падземныя пераходы, у якіх віруе натоўп бедных людзей, дзясяткі жабрачак у чорных уборах і навязьлівых цыганятаў, закінутыя савецкія спаруды, што пераўтвараюцца пакрысе ў небясьпечныя руіны, суседзяць тут зь сядзібамі, што туляцца да замкавых муроў, у засені садоў і гародаў, зь незьлічонымі старажытнымі храмамі, з шыкоўнымі будынкамі музэяў, тэатраў, урадавых установаў, банкаў і гатэляў.

Ратуе крэўнасьць

Тбіліскія кавярні й крамы выглядаюць ня горай за праскія ці віленскія. А асартымэнт у іх больш разнастайны. Але параўноваць узровень жыцьця не выпадае, бо тут іншая сыстэма каштоўнасьцяў. Самай вялікай каштоўнасьцю тут ёсьць уласны лапік зямлі, што добра можа пракарміць, ды прасторны вялікі дом, прадмет асаблівага гонару… У Тбілісі чалавек можа жыць у трохсотгадовым доме, хадзіць у агульную прыбіральню на вуліцы, але езьдзіць на навюткім джыпе. Кухар у прыдарожнай кавярні можа зарабляць пад 800 даляраў, але ўтрымліваць старых бацькоў ды тузін сваякоў. Зь іншага боку, бядотныя бабці‑ўцякачкі з зоны канфліктаў, атрымліваючы блізу 30 даляраў, робяць часам манікюр, п’юць выдатную каву й штодня ядуць садавіну…

Тут вельмі магутныя пачуцьці крэўнасьці, сваяцтва, суседзтва. Яно ратуе ўсіх, трымае на паверхні. Не дае закрасьціся ў душы сумневу ці роспачы.

Дыхаць стала лягчэй

«Дур‑р‑рак Саакашвілі! Дур‑р‑рак! Пэнсіі не падвышае, заробкі не падвышае. Толькі паліцэйскім. Каб парадак быў. Цяпер спакойна стала. Бачыш машыны пад вокнамі стаяць? Раней запраста так не пакідалі. Чысьцей стала. Значна чысьцей. Вуліцы ўпрыгожылі. Сьвятла стала болей. Лепей жыць стала. Маладэц Саакашвілі! Маладэц!» — кажа старая кабета, уцякачка з Абхазіі. Яе супярэчлівае меркаваньне вельмі тыповае. Дзясяткі тысячаў уцекачоў з Паўднёвай Асеціі і Абхазіі спадзяюцца на скорае разьвязаньне сваіх праблемаў, на вяртаньне дахаты. Іхны боль і іхны голас шмат вызначае тут.

Будаўнік сярэдняга веку, які зарабляе болей за тысячу даляраў, гадуе пляменьнікаў ды даглядае бацькоўскія магілы, пакуль сястра працуе ў Грэцыі, казаў, што дыхаць тут стала лягчэй. Ніхто цяпер не спыняе проста на вуліцы, патрабуючы дакумэнты: «Як завуць? Дзе працуеш?» З газэтаў можна дазнацца цяпер амаль пра ўсё. Можна не баючыся голасна казаць, што думаеш. «Дэмакратыя? Гэта як вада — цяпер піць ня прагнеш, але прагнеш пэўнасьці, што як спатрэбіцца, то вада будзе пад рукою…», —кажа мой выпадковы знаёмы.

«А вы, беларусы, што? Лукашэнку нанялі, цяпер звольніць ня можаце?» — таксама тыповае меркаваньне грузінаў пра Беларусь. Зрэшты, гэта амаль усё, што яны могуць сказаць пра Беларусь. Тыя, каму меней трыццаці гадоў, зазвычай слаба сабе ўяўляюць дзе нашая краіна наагул. Некаторыя, дазнаўшыся, што я не з Расеі, а зь Беларусі, спрабуюць гаварыць па‑ангельску. А таксіст, зь «веданьнем» справы, перапытваецца: «Менск? Гэта на Ўкраіне, так?»…

Азіяцкі час

Грузія — краіна ў Азіі. Справа ня толькі ў картаграфічай дадзенасьці. Азіяцкасьць тут вызначаюць час і месца. Час тут цячэ як мёд. Немаведама, дзе скончылася мінулае, а дзе пачалося, не пачаўшыся, будучае… Людзі абмяркоўваюць навіны, якім два месяцы, а пра Прамэтэя‑Амірані, Мэдэю і Язона, царыцу Тамару і цара Давіда могуць распавядаць зь лёгкасьцю, нібы пра сваіх сваякоў, сьведкамі біяграфіяў якіх яны былі самі…

Усё, што можна адкласьці на заўтра, тут адкладаюць. Альбо наадварот. Калі банк працуе зь дзясятай гадзіны, гэта ня значыць, што ў яго не запусьцяць на гадзіну раней. Палова людзей выходзіць на працу тады, калі другая палова кладзецца спаць. У выніку, людзкое жыцьцё не замірае тут у гарадах ні на гадзіну…

У Эўропу — толькі паветрам

Месца на зямлі. Для Грузіі яно вызначае амаль усё. На поўначы цяпер ужо канчаткова варожая Расея, што акупавала вялікія анклявы Абхазіі й Паўднёвай Асеціі. Адтуль, з‑за расейскае мяжы, залятаюць часам ваенныя самалёты, пранікаюць тысячы ўцекачоў ад «зачыстак» расейскіх карнікаў. Адтуль штотыдзень прывозяць труны забітых расейскімі «хуліганамі» грузінаў… На ўсходзе Грузіі — ваюючыя міжсобку Азэрбайджан і Армэнія, а на Поўдні — вялізарная Турцыя, Курдыстан. Шляху па зямлі з Эўропы ў Грузію цяпер проста няма. Жывыя людзкія кантакты з эўрапейцамі ў Грузіі зьведзеныя да мінімуму. Хоць навязваюцца, ці, дакладней сказаць, аднаўляюцца, спрадвечныя кантакты з Грэцыяй і Кіпрам, дзе працуюць дзясяткі тысячаў грузінаў, з блізкай Турцыяй, што адчуваецца на кожнай вуліцы, па шыльдах крамаў і кавярняў, і, нават, цырульняў. Вельмі моцная існуе тут повязь з Ізраілем, Лібанам, Ярданіяй. І, натуральна, з Армэ¬ніяй, адкуль прыяжджаюць штодня дзя¬сяткі тысячаў людзей на заробкі й на адпачынак да мора. Расейская надаецца хіба ўжо толькі тут. І тое, усё меней…

«Міша, Міша!»

Грузінская кухня вымагае паважнасьці й душэўнае раўнавагі. Сядзеў на начным бульвары ў Батумі, спажываў сабе смакоцьце, слухаў мора. Памаранч сонца закаціўся вельмі хутка. Раптам ад лілёвых ценяў адлучыліся збройныя людзі ў чорным. Міма майго століка, з грукаценьнем, шоргатам галькі, упэўненым подбегам імпэтна рушыў чалавек у белым гарнітуры. Ён весела й упэўнена махаў рукою лю¬дзям на начным пляжы. Я, у адказ, мэханічна, але з той сардэчнасьцю, да якое міжволі прызвычайваесься на Каўказе, памахаў яму ў адказ. Ледзь пасьпяваючы за чалавекам у белым, сьпяшаўся натоўп шэрых цывільных, таксама ў гарнітурах, а за імі, выгінаючыся хваляю, перабежкамі, перамяшчаліся чорныя людзі са зброяй. «Міша, Міша, Міша!» — узбуджаныя людзі за столікамі прыўзьнята абмяркоўвалі ўбачанае. «Вы зь ім знаёмыя?» — радасна запыталася прадавачка. «Не, проста вітаемся, — адказаў я. — А хто гэта?» — «Саакашвілі!»

Я занурыўся ў сваю талерку, спрабуючы разабрацца ў букеце прысмакаў, пакуль не пастыла… А ў Батумі ніхто нават і ня ведаў, што прыяжджаў прэзыдэнт. І цэнтар гораду не перакрывалі, і выпадковых людзей там не баяліся. Не было сырэнаў, ачапленьняў, напругі, шоў з камэрамі. Так, прыехаў праверыць справы, некаму нешта паказаў і малазаўважна зьехаў.

Госьць дзеля радасьці

Грузінская кухня — гэта канстанта нязьменная. «Віно, хлеб і сыр — падстава народнае самапавагі»,— пішуць у тутэйшых даведніках. Безумоўна, гэта праўда. Прыемна знайсьці старую кавярню‑трамвайчык, пад самым мурам старога гораду, дзе піў такую ж каву дваццаць гадоў таму. Хораша завітаць у тую ж сталоўку пад пальмамі, дзе вырабляюць найсмачнейшы суп‑харчо й тыя ж сачыстыя хінкалі, што й у далёкія савецкія часы. І сустрэць тыя ж тыпажы й тую нязьменную гасьціннасьць, што радасна б’е праз край, як пеністая сапраўдная вада Баржомі.

Тут госьця частуюць ад сэрца чужыя людзі, дзеля радасьці людзкага кантакту. У гэтай непарыўнасьці традыцыяў і годнай самапавазе — сутнасьць грузінскага характару. На гасьцінную шчырасьць, без мэркантылізму, здатныя толькі людзі, свабодныя ўнутры.

Гэтае п’янкое пачуцьцё ўнутранае свабоды й згоднае раўнавагі, упэўнена¬сьці ў будучыні захоплівае. Грузіны ня ганьбяць сваіх правадыроў. Пра Сталіна гавораць са справядлівай пэўнасьцю, што гэта самы славуты грузін у гісторыі, Зьвіяда Гамсахурдзія называюць бязь ценю патэтыкі героем і называюць ягоным імем цэнтральныя вуліцы, Шэварднадзэ спачуваюць, шануючы як старога дзядзьку, які зрабіў магчымай рэвалюцыю ружаў. Гэтак кажуць і старыя й зусім маладыя. Хрысьціяне й мусульмане. Так, яны вымаўляюць слова Рэвалюцыя цьвёрда, безь дзьвюхкосься…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?