Памёр Віктар Чарноў — вядомы палітолаг, навуковец, выкладчык. І проста добры, добры чалавек.

Віктар быў сябром Аб’яднанай грамадзянскай партыі з моманту яе стварэння. Яго навуковыя інтарэсы былі накіраваны на вывучэнне палітычных сістэм, спосабаў арганізацыі ўлады, адказнасці ўлады перад грамадствам. Яго палітычныя інтарэсы гарманавалі з навуковымі: ён імкнуўся садзейнічаць станаўленню эфектыўнай і адказнай перад людзьмі ўлады ў Беларусі.

Віктар ахвотна дзяліўся сваімі ведамі, вучыў людзей, як кампетэнтна ўдзельнічаць у прыняцці грамадскіх рашэнняў, распрацоўваў прапановы па палітычнай рэформе.

Ён выкладаў ва універсітэтах, адкуль яго перыядычна выганялі за вальнадумства «ідэолагі». Ён быў арганізатарам і кіраўніком многіх курсаў па грамадзянскай адукацыі, у тым ліку і партыйнай школы АГП.

У нашай краіне зусім няшмат людзей, якіх можна было б назваць навукоўцамі-палітолагамі найвышэйшай кваліфікацыі. Віктар быў адным з іх, з тых, каго можна лічыць заснавальнікамі беларускай паліталагічнай школы. На жаль, многіх з гэтых людзей няма з намі. Сышлі Святлана Навумава, Ірына Бугрова, Віталь Сіліцкі, Сяргей Панькоўскі… І вось цяпер — Віктар Чарноў.

Губляючы такіх людзей, разумееш, што гэта катастрофа, замяніць іх няма кім. Вядома, будуць іншыя, яны будуць працаваць, але… Але прыходзіць усведамленне што згублена так шмат, што кампенсаваць гэта немагчыма. Засталіся кнігі, артыкулы, напісаныя Віктарам Чарновым, відэазапісы яго лекцый, засталіся яго вучні, яго калегі і сябры.

Мы будзем памятаць яго і працягваць яго справу.

Аб’яднаная грамадзянская выказвае свае спачуванні родным і сябрам Віктара Чарнова. Можна паспачуваць і Беларусі, якая страціла гэтага вучонага і сапраўднага грамадзяніна. Мы верым, што праца і ідэі Віктара Чарнова дапамогуць нашым грамадзянам пабудаваць сапраўдную еўрапейскую дэмакратычную краіну. Краіну, у якой будзе адказная перад грамадзянамі, дэмакратычна выбіраемая ўладу. Краіну, пра якую Віктар марыў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?